БНФ апублікавала заяву ў сувязі з сыходам Севярынца з перадвыбарчай гонкі

Публікуем тэкст заявы Партыі БНФ ад 17 сакавіка 2020 года.
«Партыя БНФ, якая заўсёды стаіць на абароне нацыянальных інтарэсаў Беларусі, лічыць 2020 год надзвычай важным дзеля гуртавання і мабілізацыі нацыянальна-дэмакратычных сілаў у змаганні за свабоду беларускага народа, незалежнасць нашай Радзімы і нацыянальнае адраджэнне. Менавіта разуменне значнасці палітычных падзеяў, што будуць адбывацца ў Беларусі і вакол яе ў бліжэйшыя месяцы, усведамленне адказнасці, што ляжыць на нацыянальна-дэмакратычным руху і Партыі БНФ як яго ключавым элеменце і бачанне неабходнасці сапраўднага адзінства дэмакратычных сілаў перад абліччам пагрозаў для свабоды і незалежнасці беларусаў сталіся асноўнымі матывамі нашага рашэння выступіць сузаснавальнікамі працэдуры Народнага галасавання.

Ад самага пачатку падрыхтоўкі пагаднення аб Народным галасаванні Партыя БНФ выказвала перасцярогі адносна складанасці ды незавершанасці працэдуры абрання Адзінага Кандыдата, а таксама адносна здольнасці ўсіх удзельнікаў працэсу адказна паставіцца да свайго ўдзелу ў Народным галасаванні. Тым не меней, Партыя БНФ актыўна уключылася ў працэдуру, вылучыла свайго кандыдата на Народнае галасаванне ды дэлегавала прадстаўнікоў у штаб супольнай кампаніі.

Пачатак працэдуры, першыя сустрэчы ў рэгіёнах засведчылі карыснасць і важнасць Народнага галасавання, прадэманстравалі мабілізацыю дэмакратычнага актыву ды ўвагу грамадства, выклікалі надзею ды надалі аптымізму.

Аднак у мінулыя некалькі дзён мы са шкадаваннем сталіся сведкамі новай стадыі канфлікту паміж прадстаўнікамі правацэнтрысцкай кааліцыі, які абвастрыўся да такой ступені, што перакрэсліў усе дасягненні сумеснай працы папярэдніх тыдняў ды фактычна разбурыў адзінства сярод арганізатараў ды ўдзельнікаў Народнага галасавання. На вялікі жаль, нашыя папярэднія перасцярогі і адносна канфліктагеннасці працэдуры, і адносна недамоваздольнасці партнёраў спраўдзіліся надзвычай хутка і ў поўнай меры. Тое, што цяпер адбываецца з працэдурай Народнага галасавання, з'яўляецца сумнай і ганебнай праявай безадказнасці ды паразай для ўсіх удзельнікаў працэсу.

У гэтай сітуацыі Партыя БНФ заклікае ўсе бакі, усіх удзельнікаў канфлікту да адказнасці, стрыманасці ды разважлівасці. Аднавіць разбуранае адзінства, а не займацца імітацыяй

Мы звяртаемся да паважанага Паўла Севярынца ды ягонай каманды з заклікам перагледзець ды скасаваць сваё рашэнне аб выхадзе з працэдуры Народнага галасавання.

Мы звяртаемся да паважанага Юрыя Губарэвіча ды ягонай каманды з заклікам даць усім удзельнікам працэсу ды грамадскасці вычарпальныя тлумачэнні адносна таго, якім чынам і праз якія каналы быў арганізаваны ўдзел і галасаванне за Юрыя Губарэвіча падазроных удзельнікаў на сходах Народнага галасавання ў Драгічыне, Пінску і Століне.

Мы заклікаем усіх удзельнікаў працэдуры прыкласці намаганні дзеля залагоджвання канфлікту ды аднаўлення разбуранага адзінства.

У цяперашняй сітуацыі Партыя БНФ не бачыць сэнсу ў імітацыі адзінства, якога фактычна няма, і заяўляе аб сваім выхадзе з дамовы аб Народным галасаванні, а таксама аб выхадзе свайго кандыдата Аляксея Янукевіча з працэдуры Нараднага галасавання з 10:00 17 сакавіка 2020 года.

Пры гэтым мы заяўляем аб сваёй гатоўнасці неадкладна і без дадатковых умоваў вярнуцца ў працэс Народнага галасавання ў тым выпадку, калі канфліктуючыя бакі здолеюць знайсці паразуменне і прозвішча Паўла Севярынца вернецца ў спіс для галасавання па кандыдатурах на Адзінага Кандыдата ў Народным галасаванні.

Калі дзеля таго, каб гэта адбылося, спатрэбяцца новыя кампрамісы ды высілкі з нашага боку, Партыя БНФ гатовая адмовіцца ад амбіцый на карысць Бацькаўшчыны і вярнуцца ў працэдуру без свайго прэтэндэнта дзеля захавання адзінства.

З улікам таго, што масавы ўдзел супрацоўнікаў выканкамаў ды іншых уладных структураў у Народным галасаванні лічыцца сябрамі Рады прымальным і цалкам дапушчальным, мы заклікаем таксама паважаных калегаў з АГП і БСДП (Грамада) перагледзець сваё адмоўнае стаўленне ды запрасіць да ўдзелу ў Народным галасаванні Ганну Канапацкую.

Партыя БНФ таксама паведамляе, што з сённяшняга дня пачынае кансультацыі з прадстаўнікамі шырокага спектру нацыянальна-дэмакратычных арганізацыяў дзеля выпрацоўкі супольнага сцэнару дзеянняў падчас кампаніі 2020 года».


Паводле прэс-рэліза

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: