Большасць еўрадэпутатаў асудзілі дзеянні ўладаў Беларусі

Еўрасаюзам выпрацоўваецца супольная заява ў дачыненні да Беларусі, якая, як чакаецца, будзе абвешчаная на наступным тыдні, — праанансаваў сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Віталь Рымашэўскі.



Фото: sb.by

Віталь Рымашэўскі таксама пракаментаваў дэбаты па сітуацыі ў Беларусі, якія адбыліся напярэдадні ў Еўрапарламенце, дзе большасць еўрадэпутатаў асудзілі дзеянні ўладаў Беларусі на чале з Аляксандрам Лукашэнкам:

— Гэта вельмі важна, што дзве галіны ўлады Еўрапейскага саюза даюць супольны месідж. Неўзабаве, калі будзе прынятая супольная рэкамендацыя Еўрапейскага парламента ў дачыненні палітыкі Беларусі, гэта, можна сказаць, стане падмуркам для ўсіх рашэнняў, якія былі прынятыя пасля прэзідэнцкіх выбараў. Шматлікія ўжо сёння кажуць пра персанальныя санкцыі.

У сваю чаргу нават персанальныя санкцыі могуць нанесці шкоду беларускай эканоміцы, якой неабходныя заходнія інвестыцыі і крэдыты, дадае палітык:

— Тое, што гэтыя слуханні адбыліся, тое, што бліжэйшым часам будуць прынятыя рэкамендацыі Еўрапейскага парламента і тыя месіджы, якія шлюцца да беларускіх уладаў — вельмі сур’ёзныя. Важна, што яны ёсць, таму што гэта не пустая пагроза, і беларускія ўлады павінны спыніцца як мага хутчэй. Інакш яны проста капаюць яму і заганяюць нашу краіну ў татальную багну. У нас і так наперадзе сур’ёзны эканамічны крызіс, а без заходняй фінансавай падтрымкі ён будзе яшчэ большы.

Нагадаем, у Еўрапарламенце ў Бруселі напярэдадні абмеркавалі сітуацыю ў Беларусі ў сувязі з прэзідэнцкімі выбарамі і рэпрэсіямі.

Еўрадэпутаты запатрабавалі вызваліць палітычных зняволеных і ўвесці санкцыі ў дачыненні да прадстаўнікоў уладаў Беларусі.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: