«Буду прыстойным грамадзянінам». Былы палітвязень Піліп Шаўроў пра СІЗА, куратараў і палітычны пратэст

Суд Цэнтральнага раёну Мінска 19 траўня нечакана прысудзіў актывісту «Маладога фронту» Піліпу Шаўрову 1350 рублёў штрафу. Нягледзячы на тое, што хлапцу пагражала да 6 гадоў зняволення. Ужо на волі, ён распавёў «Белсату» пра абставіны справу, допыты і ціск.

Пагражала 6 гадоў зняволення

Піліп Шаўроў нарадзіўся ў Віцебску, атрымаў адукацыю юрыста ў БДУ. Ён доўгі час цікавіўся гісторыяй, што і прывяло яго ў актывізм. У 2009 годзе, калі хлапец вучыўся ў 10 класе, ён вывесіў на школьным стэндзе лістоўкі да Дня Волі 25 сакавіка.

За гэты час ён стаў сузаснавальнікам ініцыятывы «Дзея», удзельнічаў у курапацкай варце, зрабіўся сябрам «Маладога фронту». І нават паспеў стаць адным з беларускіх палітзняволеных. У студзені 2020 года ён пафарбаваў рукі помніку Пушкіна ды намаляваў два графіці: на помніку МУС і сцяне помпавай станцыі ў Бараўлянах. Аднак замест меркаванага доўгага зняволення – атрымаў штраф у Br 1350.

Піліп кажа, што прысуд быў для яго нечаканасцю.

«Мне пагражала да шасці гадоў зняволення. Таму атрымаць 1350 рублёў штрафу – гэта было дзіўна», – прыгадвае Піліп.

Аднак ён сцвярджае, што калі працэс палітычны, то мусіць праходзіць не ў адпаведнасці са стандартамі. Тым болей за графіці – малюнкі на сценах беларускі суд ледзь не заўсёды лічыць палітычным выказваннем.

«Калі мяне выпускалі з СІЗА, то сказалі: «Табе хіба ўвогуле штраф дадуць. Я тады здзівіўся: адкуль яны ведаюць?».

Сам прыйшоў – меней дадуць

Шаўроў сам прыйшоў да міліцыянтаў. Кажа, што вырашыў здацца, бо разумеў – усё роўна знойдуць.

«Зараз шмат камераў, у машынах працуюць відэарэгістратары. Справа часу, калі цябе знойдуць. А калі ты сам прыйшоў і здаўся, то меней дадуць».

Піліп Шаўроў правёў чатыры месяцы ў СІЗА. Выпусцілі яго раптоўна 4 траўня. Вярнуўся хворым на бранхіт. Перш-наперш як выйшаў з СІЗА, то пайшоў у аптэку па маску. У паліклініцы тэст на каронавірус не рабілі: прапісалі таблеткі і загадалі прытрымлівацца рэжыму самаізаляцыі.

Умовы знаходжання ў СІЗА Піліп параўноўвае з катаваннямі. Не хапае святла, у людзей псуецца зрок. Дрэннае харчаванне, а ў дадатак шмат вязняў не маюць магчымасцяў атрымання перадач.

«Гэта як НКУС!»

Адзіным ціскам на сябе Піліп называе тыя самыя размовы з супрацоўнікамі ГУБАЗіК, якія потым былі апублікаваныя на сайце «СБ. Беларусь сегодня». Гэтыя запісы ён разглядае як шараговую спробу ціску на сябе.

«Мне казалі: «Скажаш нам вось гэта, дамо мінімальнае пакаранне».

Да артыкулаў СБ, дзе ён на допытах апавядае ў даволі моцных выразах пра сваіх паплечнікаў, Піліп ставіцца спакойна. Кажа, што гэта была такая спроба дыверсіі з боку карных органаў. Маўляў, яны згулялі на апярэджанне: Піліп пагражаў самастойна апублікаваць гэтыя размовы.

«Я не лічу, што гэта сакрэтная інфармацыя. Прыватная, так, але не сакрэтная. У дадатак мае словы былі перамешаныя хлуснёй і змантаваныя. Гэта не варта ўвогуле сур’ёзна ўспрымаць! Але калі я некага пакрыўдзіў, то гатовы выбачацца», – тлумачыць Піліп.

Аднак актывіст прызнае, што ў сяброў і знаёмых была з большага негатыўная рэакцыя на ягоныя словы. Але ён намагаецца не праймацца і нават шукае станоўчыя бакі:

«Больш людзей даведаліся, што ёсць такія пазапрацэсуальныя размовы. Гэта як дзейнасць НКУС».

«Трэба ж у «Еўраопт» хадзіць»

Па вызваленні Піліп актыўна сустракаецца сябрамі, якіх даўно не бачыў.

«І з куратарам сустракаўся», – смяецца актывіст. – «Але гэта жарт!».

Зараз ён плануе, як і абяцаў у сваім апошнім слове на судзе, «стаць прыстойным грамадзянінам і знайсці працу».

«Трэба хадзіць жа ў «Еўраопт» і купляць ежу», — кажа ён.

Але і актывізм кідаць не збірацца. Напрыклад, на бягучай прэзідэнцкай кампаніі ён падтрымлівае музыку і тату-майстра Алеся Таболіча.

«Аднак не чакайце трыумфальнага вяртання», – папярэджвае.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: