«З аднолькавым імпэтам будуць афармляць пратаколы на адміністратыўнае парушэнне і на газавыя печы»

Учора сына журналіста "Радыё Свабода" Віталя Цыганкова двойчы затрымлівалі. Цяпер яго чакае суд. Чаму? Чытайце самі. З дазволу Віталя мы публікуем яго пост у Фэйсбук


"Сьвята прайшло? Цяпер я магу, каб нікому не псаваць настрой, апісаць, як сына схапілі людзі ў цывільным, а жонку кінулі «мордай у асфальт». Так бы мовіць, «После бала».

Я ўчора цягам дня распавядаў у Фэйсбуку, што ў 12 гадзін сына затрымалі на Я.Коласа, дзе ён фатаграфаваў тое, што там адбывалася. Ён увогуле адмыслова дзеля гэтага і прыехаў у Менск – паздымаць Дзень волі для студэнцкага фотапраекту. У тры гадзіны яго вызвалілі з Першамайскага РАУС, і мы, пасьля ўсіх нэрваў і хваляваньняў, шчасьлівыя, што ўсё скончылася, усёй сям’ёй пайшлі на сьвята каля Опернага.

У 17.50 выходзім “з зоны” з боку вуліцы Я.Купалы. Яшчэ паназіралі паказальную сцэнку, калі на выхадзе міліцыянты ветліва, але настойліва патрабавалі ў хлопца зьняць і схаваць б-ч-б сьцяг. Я кажу, вось красамоўная мэтафара сёньняшняга дня – астравок свабоды закончыўся, выхад у рэальны сьвет.

Ладна, выйшлі, ідзем уніз па вуліцы, я трошкі наперадзе. Раптам чую крыкі жонкі. Паварочваюся, гляджу, два вялізных бамбізы ў цывільным схапілі Богуша з двух бакоў і цягнуць па вуліцы. Воля падскочыла да іх, але адзін зь іх так яе штурхануў, што яна паляцела метра два і ўпала на асфальт, ледзь не апынуўшыся на праезнай частцы. Я падбягаю .да яе, падымаю – яна кажа, бягі за Богушам. Я падбягаю да гэтых, перагароджваю ім шлях, яны мяне адсоўваюць, кажу, я журналіст, патрабую прадставіцца, яны маўчаць. Тут нечакана пад’яжджае сіні бус, і Богуша запіхваюць туды.

Забягаючы наперад, скажу, што ўвесь гэты час я спрабаваў разабрацца, чаму менавіта Богуш. Пачнем з таго, што ў яго і на ім увогуле не было НІЯКАЙ сымболікі. Ён не зьяўляецца актывістам нейкіх палітычных сілаў, на мітынгі амаль ніколі не хадзіў, ужо другі год вучыцца ў Польшчы, цяпер у Кінашколе ў Лодзі. Адзіная “крамола”, што ён быў з вялікім фотаапаратам. У мяне няма ніякага іншага тлумачэньня, акрамя таго, што амонавец, якому хацелася кагосьці ўзяць, запомніў Богуша яшчэ на Я.Коласа, і пабачыўшы знаёмы твар, сказаў сабе “фас”.

Але разважаньні былі потым, а пакуль, адразу пасьля выкраданьня, мы ў шоку, Воля плача, яе куртка брудная і парвалася, локці падраныя, нават праз куртку і швэдар, калена баліць. Добра, што побач выпадкова апынулася Іна Студзінская, якая, пабачыўшы Волю ў такім стане, спынілася і ўвесь вечар нам дапамагала – вялікі ёй дзякуй. Я іду наверх, да выхаду, разьбірацца з міліцыянтамі. “Звычайныя”, у форме, нармальна адказвалі на мае пытаньні, але двое ў цывільным, з навушнікамі, ні сказалі мне ані слова, проста стаяць як муміі.

Нам раяць пісаць заяву аб зьнікненьні чалавека. І пачынаюць зьбіраць дадзеныя. І тут на арэну выходзіць тая асаблівасьць беларускай сыстэмы, якую можна назваць “нічога ня ведаем, а калі і ведаем, то не скажам”. Рэч у тым, што мы запомнілі нумар аўтамабіля, і ўвесь час кажам пра гэта міліцыянтам. І я вось цяпер разумею, што ўсе яны цудоўна ведаюць, што гэта за машына, але нам увесь час адказваюць – “разбярэмся, не хвалюйцеся, не сьпяшайцеся” і гэтак далей.

Нас саджаюць у міліцэйскі варанок, і вязуць у Цэнтральны РАУС, афармляць заяву. Пад’яжджаючы да будынку, мы бачым той самы сіні міні-бас выкрадальнікаў. Шчыра кажучы, адразу стала лягчэй – значыць, Богуш тут. Але гульня “нічога ня ведаем” працягваецца, і даходзіць ужо да канкрэтнай тупасьці. Мяне запрашаюць унутр будынка да супрацоўніка пісаць заяву. Я яму кажу – “відавочна, што мой сын у вас. Мне ня трэба заява, скажыце, дзе ён, і што будзе далей”. – “Не вучыце мяне, што рабіць”.

Праз гадзіну чаргі мяне запрашаюць у кабінет пісаць заяву. Хвілін 10 усё афармляем, потым заходзіць іншы супрацоўнік. “Гэта хто?” (пра мяне). “Заяўнік”. “А што здарылася?” “Зьнікненьне сына”. Зьвяртаецца да мяне – “І часта сын зьнікаў?” Я кажу – “Не, ніколі, пакуль сёньня невядомыя не пасадзілі яго ў машыну, якая стаіць у вашым двары”. “Дык гэта з мітынгу? Ён у нас, афармляюць пратакол адміністратыўны”. Я: “Я ўжо 2 гадзіны дабіваюся, каб мне менавіта гэта і паведамілі, што ён у вас. Навошта тут марнуюць свой працоўны час два супрацоўніка, складаюць заяву, якая нікому не патрэбная?” – “Разбярэмся”

Богуша сапраўды прывезьлі ў гэты РАУС, прытым у аўто ён спытаўся у АМОНаўцаў, ці падабаецца ім іхняя праца – на што яму параілі памаўчаць. У РАУСе ён не хацеў фатаграфавацца і здаваць адбіткі пальцаў – але яму сказалі, што прымусяць фізічна. Пратакол не падпісаў – па-першае, там ані слова праўды, па-другое, нягледзячы на ўсю апалітычнасьць, усё ж пэўныя інструкцыі, што рабіць у такіх сытуацыяў, у нашай сям’і даўно дадзеныя.

Нам сказалі, што яго павязуць на Акрэсьціна, і ў панядзелак будзе суд. Але недзе ў 20.30 Богуша выпусьцілі – відаць, зьмянілася генеральная лінія. Цяпер чакаем павестку ў суд.

Што мы маем у выніку сьвята? Богуш адседзеў два разы за дзень, я ўпершыню ў жыцьці актыўна жру таблеткі ад ціску, Воля ў сіняках, і магчыма, давядзецца рабіць здымак калена.

Але я адразу скажу, што тое, што з намі адбылося, не павінна і ня будзе ніяк уплываць на мае палітычныя ацэнкі, на іхнюю аб’ектыўнасьць, я цяпер ня стану ненавідзець рэжым больш чым раней. Проста гэта ўжо адбывалася з тысячамі грамадзян Беларусі, і мой боль тут нічым ня большы за боль і пакуты іншых.

І таму я спакойна, без усялякіх асабістых эмоцыяў, магу канстатаваць тое. што і раней -- што мы па-ранейшаму жывем у бандыцка-паліцэйскай дзяржаве, дзе пануе поўнае беззаконьне. Дзе любога чалавека БЕЗ УСЯЛЯКАЙ ПРЫЧЫНЫ могуць схапіць пасярод вуліцы, і ў выніку пасадзіць на суткі. Дзе ўлада трымаецца на сілавых структурах, у якіх пануюць два віда – дэбілы-садысты і абыякавыя выканаўцы, якія, калі будзе загад, з аднолькавым імпэтам будуць афармляць пратаколы на адміністратыўнае парушэньне альбо пратаколы на адпраўку ў газавыя печы. Пакуль улада не дае ім такой загад, але яны ў любы момант з задавальненьнем гатовыя зладзіць новае 19 сьнежня.

І кожны раз, калі мне давядзецца абмяркоўваць “лібералізацыю”, у мяне перад вачыма будзе стаяць той момант, калі Воля ляжыць на асфальце".

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Абмеркаванне:

  • ВР
  • 2018-03-26 17:04:44
Разумны допіс. Тут http://belisrael.info/?p=14589 ён таксама перадрукаваны.

Больш цікавага на «Новым Часе»: