Былы амбасадар Ляшчэня: «Улады ўверавалі ў перамогу над пратэстам і будуць цягнуць з канстытуцыйнай рэформай»

«Улада вырашыла не рызыкаваць з правядзеннем рэферэндуму ў 2021 годзе», — напісаў Ляшчэня ў фэйсбуку.
Такую выснову ён зрабіў з каментару міністра фінансаў наконт выдзеленых у бюджэце 13,56 мільёна долараў на правядзенне «выбараў і рэферэндумаў». Міністр сказаў, што грошы пойдуць на мясцовыя выбары, якія мусяць адбыцца да 18 студзеня 2022 года.

«У нашай краіне ўсялякія цуды магчымыя, але сумяшчэнне выбараў у мясцовыя саветы з рэферэндумам малаімавернае, — напісаў Ляшчэня. — Ды і бюджэт на рэферэндум большым будзе».

«Гэта значыць, што боязна разварушыць народны „мурашнік“ рэферэндумам. Зразумела, што пра датэрміновыя выбары прэзідэнта і гаворкі няма».

Ён нагадаў, што змены артыкулаў Канстытуцыі ў пытаннях паўнамоцтваў прэзідэнта, ураду і парламенту могуць прымацца толькі на рэферэндуме. І ні парламент, ні ўсебеларускі народны сход тут рады не дадуць.

На думку Ляшчэні, гэта можа значыць, што «ў Палацы Незалежнасці ўверавалі-такі ў сваю перамогу над пратэстам і вырашылі элегантна расцягнуць канстытуцыйную рэформу дзесьці так на пяцігодку. Акурат да наступных планавых выбараў прэзідэнта».

«І, мяркуючы па ўсім, дужа разлічваюць „узрадаваць“ Крэмль: усё, маўляў, сышло пад снег, усё супакоілася. Самі, маўляў, ва ўсім разабраліся.

Толькі ж снегу амаль няма... І сысці ўсё можа толькі ў тарфянікі. Так-так, той самы нацыянальны пажар на тарфяным балоце», — падсумаваў Ляшчэня.

Ігара Ляшчэню звольнілі з пасады Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Беларусі ў Славакіі 24 жніўня — указ падпісаў Аляксандр Лукашэнка.

Раней дыпламат падтрымаў беларусаў, якія выходзілі на акцыі пратэсту ў Мінску ды іншых гарадах пасля прэзідэнцкіх выбараў.

«Я салідарны з тымі, хто выходзіў на вуліцы гарадоў з мірнымі шэсцямі, каб іх голас быў пачуты. Як ураджэнец Жодзіна я з вамі, рабочыя БелАЗу і заводу цяжкіх штамповак», — сказаў ён у адмысловым відэазвароце.

Гэта быў першы амбасадар Беларусі, які падтрымаў пратэстоўцаў. Ігар Ляшчэня адзначыў, што ён быў у шоку ад гісторый пра катаванні і збіццё грамадзянаў сваёй краіны.

«Радыё Свабода»

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: