Былы чэкіст і прэм'ер Чачні можа стаць амбасадарам Расіі ў Беларусі

Паўнамоцны прадстаўнік прэзідэнта Расіі ў Прыволжскай федэральнай акрузе, былы старшыня ўрада Чачэнскай Рэспублікі, Міхаіл Бабіч можа быць прызначаны амбасадарам у Беларусь.
«Ён не будзе пераназначаны паўпрадам у ПФА. Разглядаецца варыянт аб прызначэнні яго амбасадарам у Беларусь», — перадаюць расійскія СМІ словы неназванай крыніцы.

49-гадовы Міхаіл Бабіч працуе на пасадзе паўнамоцнага прадстаўніка прэзідэнта РФ у Прыволжскай федэральнай акрузе з 15 снежня 2011 года. Кандыдат эканамічных навук, член партыі «Адзіная Расія». Быў старшынёй урада Чачэнскай Рэспублікі з лістапада 2002-га па люты 2003 года.

У 2016 годзе разглядалася пытанне аб прызначэнні Бабіча паслом ва Украіне. Яго кандыдатуру не зацвердзіў МЗС. Будучы членам Савета бяспекі РФ, Міхаіл Бабіч у 2014 годзе прыняў удзел у рашэнні аб падтрымцы Крыма, яго рашэнні аддзяліцца ад Украіны і ўводзе туды расійскіх вайскоўцаў. Акрамя таго, украінскія палітолагі адзначалі, што Бабіч «раней быў ваенным дэсантнікам, падчас Чачэнскай вайны кіраваў урадам рэспублікі, працаваў у ФСБ». Эксперты ў Кіеве заяўлялі, што «Бабіч, біяграфія якога звязана з савецкім КДБ і расійскай ФСБ, з'яўляецца «прафесійным дыверсантам» і «класічным кандыдатам Крамля для ўзаемадзеяння з сепаратыстамі ў Данбасе для арганізацыі сілавых аперацый», перадаюць Naviny.by.

Інфармацыя пра верагодную адстаўку Аляксандра Сурыкава з пасады амбасадара ў Беларусі з'явілася ў пачатку чэрвеня на расійскім інфармацыйным telegram-канале «Незыгарь». Паведамлялася, у прыватнасці, што галоўным кандыдатам на пасаду амбасадара быў губернатар Краснадарскага краю РФ, экс-міністар сельскай гаспадаркі Аляксандар Ткачоў, але яго кандыдатуру не ўзгадніў Мінск, удакладняе Радыё Свабода. Сам Сурыкаў на прэс-канферэнцыі 8 чэрвеня ў Мінску не пацвердзіў чуткі аб сваёй хуткай адстаўцы.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: