Былы спецназавец Ігар Макар: забойства Шарамета будзе раскрытае

Ігар Макар, былы намеснік камандзіра баявой групы «Алмаз», а цяпер прадстаўнік грамадзянскай ініцыятывы «Беларускі народны трыбунал», расказаў «Свабодзе», як даваў паказанні ў Кіеве ў справе аб забойстве Паўла Шарамета ў сувязі з публікацыяй гуказапісу 2012 году, у якім фігуруюць беларускія спецслужбы.


Сцісла

Калі я прыляцеў ва Ўкраіну, мяне сустрэлі спецслужбы. Мне была забяспечаная ахова 24 гадзіны на суткі.

На маю думку, я прадставіў дастаткова падставаў для таго, каб сцьвярджаць, што да замовы забойства Паўла Шарамета маюць дачыненне беларускія спецслужбы.

На 60% гэта звязана са справамі зніклых. Павел таксама шчыльна займаўся і расследаваннем справы выбуху ў мінскім метро. Можна гаварыць і пра нянавісць Аляксандра Лукашэнкі да Паўла Шарамета. Усё гэта разам і магло стаць прычынай яго ліквідацыі.

— Ігар, вы перадалі брусельскаму выданню EUObserver для расследавання запіс размовы 2012 году з удзелам кагосьці, чый голас нагадвае голас тагачаснага старшыні КДБ Беларусі Вадзіма Зайцава. У запісе вядзецца размова аб ліквідацыі за мяжой Алега Алкаева, Уладзіміра Барадача, Вячаслава Дудкіна і Паўла Шарамета. І наша сённяшняя размова будзе звязаная з імем Паўла Шарамета, бо вы толькі што вярнуліся з Кіева, дзе давалі паказанні па гэтай справе. Што адбылося?

— 16 студзеня я вярнуўся з Кіева ў Вільню. Пасля публікацыі маёй інфармацыі пра тое, што адбывалася ў кабінеце старшыні КДБ Зайцава ў 2012 годзе, са мной звязаліся ўкраінскія дыпламаты і абмеркавалі супрацоўніцтва ў справе раскрыцця забойства Паўла Шарамета. Па просьбе начальніка дэпартаменту нацыянальнай паліцыі Ўкраіны мне адкрылі ўкраінскую візу і папрасілі прыляцець ва Ўкраіну і ўзяць удзел у следчых дзеяньнях.

Можна было гэта зрабіць і ў Вільні, але лепей ва Ўкраіне. Я пракансультаваўся са сваёй камандай і потым заявіў пра згоду ляцець ва Ўкраіну. Мне прыходзіла шмат лістоў ад людзей, якія прасілі не ляцець, бо гэта можа быць небяспечна, але я вырашыў усё ж ляцець.

Калі я прыляцеў ва Ўкраіну, мяне сустрэлі спецслужбы. Мне была забяспечаная ахова 24 гадзіны на суткі. Я пабачыў прафэсіяналізм у працы ўкраінскіх спецслужбаў. Мы правялі ў нацыянальнай паліцыі следчыя дзеянні і іншыя мерапрыемствы, пасля якіх украінскі бок паведаміў мне, што ў іх няма падставаў мне не давяраць. На маю думку, я прадставіў дастаткова падставаў для таго, каб сцьвярджаць, што да замовы забойства Паўла Шарамета маюць адносіны беларускія спецслужбы.

Я даў украінскаму боку нашмат больш інфармацыі, чым абнародаваў у СМІ. Я не публікаваў яе, бо некаторым людзям пагражала б небяспека. Пагаварыўшы з супрацоўнікамі галоўнага следчага ўпраўленьня нацыянальнай паліцыі Ўкраіны, я пераканаўся ў іх карэктнасці і прафэсіяналізме. Мы дамовіліся, і я паабяцаў, што не агалошу свае паказанні, бо гэта можа паўплываць на следзтва. Ужо ідуць суды ў гэтай крымінальнай справе, і вельмі важна, каб гэтая інфармацыя нікуды не трапіла.

— Версія аб удзеле беларускіх спецслужбаў была ад самага пачатку, але гэта не была асноўная версія ў расследаванні ўкраінскіх спецслужбаў. Ці думаеце вы, што цяпер расследаванне будзе ісці па гэтым кірунку як па асноўным?

— Я думаю, што расследаваньне справы карэнным чынам зменіцца ў выніку ўсяго гэтага, і яно будзе даведзенае да канца ўжо Генеральнай пракуратурай Украіны. Я перакананы, што гэтае злачынства будзе раскрытае. Я перакананы, што незалежна ад таго, хто цяпер затрыманы і каго падазраюць, следзтва давядзе справу да канца і высветліць, хто канкрэтна здзейсьніў забойства і хто непасрэдны замоўнік гэтага гучнага забойства.

Што да прычын забойства Паўла Шарамета, на маю думку, на 60% гэта звязана са справамі зніклых. Павел таксама шчыльна займаўся і расследаваннем справы выбуху ў мінскім метро ў 2011 годзе. На маю асабістую думку, пасля супастаўленьня шэрагу фактаў і пасля размовы з украінскімі следчымі, можна гаварыць і пра нянавісць Аляксандра Лукашэнкі да Паўла Шарамета. Усё гэта разам і магло стаць прычынай яго ліквідацыі. І гэта было зроблена як дэманстратыўнае забойства.

Мае крыніцы ў Беларусі паведамілі мне, што публікацыя аўдыёзапісу выклікала вялізарны розгалас у КДБ. Усе на ўзводзе, чакаюць нейкіх каментароў, адзін за адным сочаць, усе чагосьці баяцца. Ці ў бяспецы я? Я іду на свядомую рызыку, і я не адступлюся і буду ісці наперад дзеля беларускага народу. І думаю, што даб’юся таго, да чаго імкнуся.

Журналіст выданьня «Українська правда» Павал Шарамет загінуў 20 ліпеня 2016 году ў выніку выбуху аўтамабіля ў цэнтры Кіева. У снежні 2019 году паліцыя ўпершыню назвала імёны падазраваных у справе: сяржант Сілаў спецыяльных аперацый Андрэй Антоненка (Riffmaster), вайсковы медык Яна Дугар і валанцёрка Юлія Кузьменка. Яны заяўляюць, што не маюць дачынення да забойства. 4 верасня 2020 году суд пачаў разгляд справы.

4 студзеня 2021 году брусэльскае выданьне EUObserver апублікавала запіс размовы 2012 году з удзелам асобы, чый голас нагадвае голас тагачаснага старшыні КДБ Беларусі Вадзіма Зайцава. У размове гаворка ішла аб падрыхтоўцы ліквідацыі апанентаў беларускай улады.

Пра што гаворыцца ў расследаванні EUObserver

Выданне апублікавала гукавы запіс размовы 2012 году з удзелам кагосьці, чый голас нагадвае голас тагачаснага старшыні Камітэту дзяржаўнай бяспекі Беларусі Вадзіма Зайцава.

Падчас гутаркі з двума суразмоўцамі абмяркоўваецца аперацыя па ліквідацыі Алега Алкаева (былога начальніка СІЗА № 1, «Валадаркі» ў Менску), Уладзіміра Барадача (былога камандзіра брыгады спэцназу), Вячаслава Дудкіна (былога выканаўцы абавязкаў начальніка аддзелу барацьбы з карупцыяй) і Паўла Шарамета (расійскага журналіста беларускага паходжання, які ў той час жыў у Маскве).

Паводле запісу, Аляксандар Лукашэнка нібыта выдзеліў звыш 1,5 млн долараў на аперацыі такога кшталту.

Спэцыялісты NATO ў Беларусі, знаёмыя з Зайцавым, пацвердзілі брусельскаму выданню падабенства голасу Зайцава на аўдыё.

З 2013 году былы галава КДБ Зайцаў узначальвае прыватную кампанію — правайдэра тэле- і інтэрнэт-паслуг «Космас ТВ».


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: