ByPol: Лукашэнка выкарыстоўвае Інтэрпол у сваіх палітычных мэтах

Ініцыятыва былых беларускіх сілавікоў прадставіла расследаванне дзейнасці Нацыянальнага бюро Інтэрпола ў Беларусі. Сцвярджаецца, што беларускае падраздзяленне ўводзіць міжнародную арганізацыю ў зман, маскіруючы палітычныя справы пад крымінальныя, паведамляе «Радыё Свабода».
Беларусы з Ліёна, Парыжу, Ансі і Грэнобля пікетавалі штаб-кватэру Інтэрпола ў Ліёне, 3 кастрычніка 2021

Беларусы з Ліёна, Парыжу, Ансі і Грэнобля пікетавалі штаб-кватэру Інтэрпола ў Ліёне, 3 кастрычніка 2021


У сваім новым расследаванні ініцыятыва ByPol прывяла некалькі праслуханых тэлефонных размоў прадстаўнікоў Інтэрпола ў Беларусі і некалькі фактаў запытаў у міжнародны вышук, замаскіраваных пад крымінальныя злачынствы.

У ініцыятыве сцвярджаюць, што шэраг запытаў міжнароднае бюро Інтэрпола адхіліла праз відавочны палітычны падтэкст спраў. Так было, у прыватнасці, у выпадку росшуку палітычных дзяячак Святланы Ціханоўскай і Вольгі Кавальковай. За падобныя запыты беларускаму прадстаўніцтву Інтэрпола вынеслі папярэджанне, і ў выніку паўтарэння сітуацыі сяброўства Беларусі ў арганізацыі могуць прыпыніць.

Патлумачыць пазіцыю цяперашніх улад у міжнароднае бюро адправілі пасла Беларусі ў Францыі, аднак, як вынікае з матэрыялаў праслухоўвання тэлефонных размоў сілавікоў, дыпламата нават не сталі слухаць, бо, зноў жа, выявілі палітычны падтэкст.

Аднак завуаляваны пад крымінальныя артыкулы палітычны пераслед можа даваць сілавікам пэўны плён: яны накіроўваюць у Інтэрпол запыты, каб высветліць актуальныя даныя пра месцазнаходжанне чалавека, яго фотаздымкі і іншую наяўную інфармацыю. У ByPol заяўляюць, што працягваюць збіраць факты, калі палітычных уцекачоў з Беларусі ў запытах апісваюць як злачынцаў, каб, прынамсі, сабраць пра іх паболей інфармацыі.

Пры гэтым сама Беларусь, як вынікае з расследавання, не спяшаецца выдаваць замежных грамадзян, якія хаваюцца ў Беларусі і праходзяць па сапраўдных крымінальных справах за мяжой. Сілавікі намагаюцца праверыць замежнага грамадзяніна, ці няма за ім чагосьці «палітычнага», і толькі потым прымаюць рашэнне аб выдачы. Пры гэтым двое сілавікоў у размове адкрыта гаварылі пра ўстойлівыя метады працы — прыход знянацку да замежніка з мэтай нібыта праверкі па месцы рэгістрацыі, а потым катаванні, каб даведацца якую-небудзь інфармацыю.

Акрамя таго, Беларусь адхіліла некалькі міжнародных запытаў Інтэрпола аб выдачы падазраваных па крымінальных справах. У прыватнасці, адмовілася выдаць брата збеглага экс-прэзідэнта Кіргізстана Курманбека Бакіева Жаныбека Бакіева і ўкраінскага банкіра Віктара Братко з атачэння таксама збеглага экс-прэзідэнта Украіны Віктара Януковіча.

ByPol заяўляе, што працягне інфармаваць Інтэрпол аб парушэннях і дамагацца часовага прыпынення сяброўства Беларусі ў арганізацыі — «да аднаўлення канстытуцыйнага ладу».

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: