Цапкала напісаў ліст лідарам 30+ краін. Просіць падтрымаць сумленныя выбары

Незарэгістраваны кандыдат у прэзідэнты Валерый Цапкала напісаў адкрыты ліст прэзідэнтам і прэм'ер-міністрам 32 краін, у тым ліку ЗША, Нямеччыны, Францыі, Вялікабрытаніі і Украіны, паведамляе «Дождь». Расіі ў гэтым спісе няма.


У сваім лісце экс-кіраўнік ПВТ звяртае ўвагу, што ў Беларусі ўжо 26 гадоў кіруе адзін чалавек, які стварыў «аўтарытарны рэжым, у якім не выконваюцца асноўныя каштоўнасці дэмакратычнага грамадства: змяняльнасць улады, свабода слова і волевыяўлення, асноўныя свабоды чалавека». Цапкала адзначыў, што цяпер улады Беларусі «актыўна перашкаджаюць» правядзенню сумленных і свабодных выбараў прэзідэнта, а таксама аказваюць сілавы ціск «на ўсіх, хто жадае справядлівасці і празрыстасці выбарчага працэсу».

Ён звярнуўся да лідараў краін з просьбай «падтрымаць правядзенне свабодных і сумленных прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі і звярнуць увагу грамадскасці на праводзімую беларускім рэжымам антынародную палітыку».

«Таксама ад імя ўсяго беларускага народа прашу аказаць садзейнічанне ў арганізацыі міжнароднага назірання за выбарамі і падлікам галасоў, забеспячэнні празрыстасці гэтага працэсу для грамадзян Беларусі, якія знаходзяцца на тэрыторыі вашай свабоднай краіны. Нашы народы месцамі аб'ядноўвае культурна-гістарычная спадчына і цесныя роднасныя сувязі. Мы аднолькава разумеем ідэі дэмакратыі і свабоды», — гаворыцца ў лісце.

Ён таксама пералічвае мэты апазіцыі, сярод якіх празрыстасць выбараў, абранне Святланы Ціханоўскай у якасці прэзідэнта краіны, вызваленне ўсіх палітвязняў, а таксама правядзенне новых выбараў у тэрмін ад трох да шасці месяцаў з удзелам усіх альтэрнатыўных кандыдатаў

Каму Цапкала накіраваў ліст:

прэзідэнту ЗША Дональду Трампу;
прэм'ер-міністру Канады Джасціну Трудо;
прэм'еру Вялікабрытаніі Барысу Джонсану;
прэзідэнту Францыі Эмануэлю Макрону;
прэзідэнту Украіны Уладзіміру Зяленскаму;
канцлеру Германіі Ангеле Меркель;
прэм'еру Арменіі Ніколу Пашыняну;
лідарам Балгарыі, Венгрыі, Грузіі, Італіі, Латвіі, Літвы, Польшчы і іншых краін.

Экс-кіраўнік ПВТ Валерый Цапкала цяпер знаходзіцца ў Кіеве. У сталіцу Украіны Валерый Цапкала пераехаў з Масквы. 24 ліпеня жонка экс-прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта Вераніка Цапкала паведаміла, што мужу разам з дзецьмі давялося пакінуць Беларусь з-за пагрозы затрымання.

Паводле dev.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: