Ці адбудзецца «Белэкзіт»?

Увесь мінулы тыдзень (і не толькі мінулы) СМІ абсмоктвалі заяву Аляксандра Лукашэнкі наконт выхаду Беларусі з Еўразійскага эканамічнага саюза. Тэма была ўзнятая на пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета ў Санкт-Пецярбургу.

Сутнасць спрэчкі такая: Аляксандр Рыгоравіч чарговым разам запатрабаваў ад расійскага калегі роўных з расійскімі цэнаў на газ. Маўляў, у Смаленску 1000 кубаметраў газу каштуе 70 долараў, а ўжо ў Гомелі — 129, амаль у два разы вышэй. А таму вытворчасць беларускіх тавараў — даражэйшая, што, адпаведна, не з’яўляецца «роўнымі ўмовамі гаспадарання», пра якія марылі, калі стваралі ЕАЭС.

Пуцін адказаў даволі жорстка: нагадаў, што адзіны рынак нафты і газу плануецца стварыць толькі ў 2025 годзе, для гэтага трэба «іншы ўзровень інтэграцыі», а рынкавая цана газу для Беларусі складае пад 200 долараў. І прапанаваў абмеркаваць гэта без журналістаў.

Гэткая пікіроўка ўсіх зачапіла за жывое. Потым, абмеркаваўшы праблему з Пуціным сам-насам, Лукашэнка прызнаў, што яму давялося выбачацца. Але ці ёсць за што сапраўды выбачацца?

Газавыя і нафтавыя спрэчкі ці канфлікты — балючая тэма для абедзвюх дзяржаў. А таму іх гісторыю лёгка прасачыць.

Па-першае, тарыф у 129 долараў для Беларусі ўзнік не проста так. Шырока вядома, што, калі расійскі «Газпром» набываў «Белтрансгаз», адной з умоваў гэтай здзелкі беларускі бок ставіў зніжэнне кошту газу для краіны. І такое пагадненне было дасягнутае, — да 2014 года. Потым тарыфы ўзгадняліся, але пра нейкія «льготы» тут казаць не выпадае. І калі газавы манапаліст не павышае кошты на газ для Беларусі да пуцінскіх «рынкавых» — значыць, на тое ёсць прычына.

Прычына простая. Лукашэнка яе агучыў: кошт транзіту газу ў Беларусі складае 3 долары за 1000 кубаметраў на 100 кіламетраў. Але справа ў тым, што, паколькі «Газпром» — уладальнік «Белтрансгазу», гэты кошт транзіту ён плаціць, фактычна, сам сабе. А ў бюджэт Беларусі ідуць толькі падаткі ад ААТ «Газпром трансгаз Беларусь» (былы «Белтрансгаз») і арэндная плата за зямлю пад аб’ектамі газавай інфраструктуры. А ў кошце газу для Беларусі кошт транспарціроўкі складае больш за 70%, як слушна заўважыў Лукашэнка.

І таму, калі Пуцін кажа пра «рынкавы» кошт газу, можна паглядзець на «рынкавыя» кошты транзіту. У Даніі — 13 долараў. У Венгрыі — 11. У Бельгіі — 7,60. У Францыі — 6,15 долараў за 1000 кубаметраў на 100 кіламетраў.

Нізкімі коштамі на газ у Беларусі «Газпром» фактычна апраўдвае нізкія кошты транзіту па нашай тэрыторыі. І калі «рынкавая» цана газу для нас сапраўды 200 долараў, то нам яе павысяць на 70%. А мы маем поўнае права павысіць кошт транзіту на 300–400%. Адчуваеце розніцу?

Насамрэч, кошт беларускага транзіту яшчэ даражэйшы — з палітычных прычынаў. Ніхто не прасіў Пуціна загрэбці сабе Крым і развязаць вайну ва Украіне. А гэта зрабіла транспарціроўку газу праз нашу паўднёвую суседку вельмі рызыкоўнай справай.

Канешне, ёсць «Паўночны паток» і іншыя праекты, якія яшчэ ў стадыі рэалізацыі. Але ў той жа час, па-першае, Еўропа зразумела, што Расія скарыстоўвае пастаўкі газу як палітычны інструмент. За гэты час значна прасунуліся тэхналогіі здабычы сланцавага газу і нафты. Пачаліся пошукі альтэрнатыўных паставак газу…

Пра эканамічны складнік усіх гэтых падыходаў можа сведчыць адна лічба. У час, калі «Газпром» прыватызаваў «Белтрансгаз», кошт газу ў Германіі складаў 400 долараў. Зараз, па словах самога Пуціна, — 250. І газ будзе таннець яшчэ.

Калі мы сапраўды пяройдзем на «рынкавыя» кошты газу і транзіту, расійскі газ у Еўропе будзе каштаваць столькі, што яго проста ніхто не купіць.

Зразумела, стварэнне гэтага інтэграцыйнага аб’яднання — ЕАЭС — у свой час было любімай цацкай Пуціна. А Лукашэнка пагаджаўся на стварэнне гэтага саюза з некалькімі мэтамі: танны газ, танная нафта і пералічэнне нафтавых мытных пошлінаў у бюджэт Беларусі. З таго часу Пуцін, відавочна, цікаўнасць да сваёй цацкі страціў і знайшоў новую — «русский мир». Расія пераходзіць ад мытных пошлінаў на падатак на здабычу карысных выкапняў. І ўсё, дзеля чаго Лукашэнка ўваходзіў у ЕАЭС, сэнс губляе — не будзе ані таннай нафты, ані таннага газу, ані экспартных пошлінаў.

Затое згубілі мы вельмі шмат. У першую чаргу, таму, што выконвалі дакументы ЕАЭС, калі іншыя гэтым і не пераймаліся. Яскравы прыклад — прадпрымальнікі. Мы ўводзілі сертыфікацыю ЕАЭС, адпаведнасць санітарным нормам і нормам бяспекі, іншыя правілы саюза. У выніку малы прыватны бізнес літаральна загнуўся.

З 2011 года па 1 кастрычніка 2017-га колькасць ІП у рознічным гандлі зменшылася на 27 831 чалавек, або на 28,22%. Калі ўлічыць, што стварэнне працоўнага месца абыходзіцца ў сярэднім у 4000 долараў, то агульныя страты склалі 111 мільёнаў 324 тысячы долараў. Сума плацяжоў у бюджэт ад дзейнасці ІП, што паступілі за перыяд з 2011 па 2018 гады, знізілася ў 1,8 раза. За 2013–2017 гады бюджэт страціў 258,9 мільёна долараў.

Дык можа ЕАЭС, пра што мы казалі неаднаразова, нам сапраўды не патрэбны?



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!