Ці будзе Зяленскі лабіяваць інтарэсы Беларусі на Захадзе

Чым адрозніваюцца Зяленскі і Лукашэнка і што ў іх агульнага?
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі і кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка правялі тэлефонную размову і запрасілі адзін аднаго ў госці.

Як адзначае палітолаг Валер Карбалевіч, гэта кіраўнікі суседніх дзяржаў, у якіх велізарная агульная мяжа, падобнае геапалітычнае становішча на стыку двух цывілізацый.

— У значнай меры абодва прыйшлі да ўлады на хвалі незадаволенасці ранейшай кіруючай элітай. Яны выкарыстоўвалі элемент папулізму, дыскрэдытацыі і непрымання ранейшай кіруючай эліты. У гэтым плане яны вельмі падобныя, — кажа палітолаг. — Ёсць у дачыненні адзін аднаго і пытанні, якія без дапамогі партнёра вырашыць немагчыма.

У той жа час, па словах эксперта, гэта палітыкі розных эпох па ўзросце, розных біяграфій, палітычным бэкграўндзе.

Лукашэнка ўдзельнічаў у палітыцы перад тым, як заняць пасаду кіраўніка дзяржавы, ён быў дэпутатам беларускага парламента, які ў той час досыць актыўна ўплываў на палітыку. Зяленскі ж прыйшоў ва ўладу, дрэнна разумеючы, што такое палітыка, таму яму цяжэй пачынаць, чым Лукашэнка. Яму даводзіцца з самага пачатку фармуляваць амаль усе напрамкі знешняй і ўнутранай палітыкі, — падкрэслівае Валер Карбалевіч.

Акрамя таго, у іх розны статус, лічыць палітолаг.

— У Лукашэнкі ўся ўлада ў руках, а Зяленскі ўсё-ткі абмежаваны сістэмай стрымак і проціваг. І хоць парламент кантралюецца ім, але Украіна — дэмакратычная дзяржава, хоць і адносна, і там лідэр не ў стане прымаць любое рашэнне, якое захоча, — адзначае Валерый Карбалевіч.

Зяленскі, паводле яго слоў, прыйшоў да ўлады, калі Украіна вызначылася з заходнім вектарам развіцця, разумеючы, што канфлікт з Расіяй гэта сур’ёзна і надоўга.

У рамках гэтай каляіны Зяленскі і будзе вымушаны дзейнічаць. Таму расійскія СМІ, тэлеканалы са здзіўленнем кажуць, што ён працягвае палітыку Парашэнка. Так, з каляіны выскачыць цяжка, — кажа палітолаг. — У Лукашэнкі іншая каляіна — арыентацыя на Расію, пэўны канфлікт з Захадам, створаная беларуская сацыяльная мадэль, у рамках якой Лукашэнка кіруе. Ён баіцца яе мяняць.

Якія надзеі на Зяленскага можа ўскладаць Лукашэнкі?

Надзеі на тое, што ўдасца перазапусціць Мінскі працэс, што прынясе новыя палітычныя дывідэнды афіцыйнаму Мінску. Другая надзея, што атрымаецца захаваць украінскі рынак нафтапрадуктаў, на якім дамінуе беларуская прадукцыя, — пералічвае эксперт.

А Украіна зацікаўлена ў тым, каб з тэрыторыі Беларусі не было пагрозы бяспекі. Ды і важна мець дружалюбную дзяржаву, якая не стварае праблем, з якой развіваюцца эканамічныя, культурныя адносіны — гэта заўсёды выгадна.

Зяленскі цяпер праводзіць шмат сустрэч на міжнародным узроўні. Але Валерый Карбалевіч не верыць у тое, што Украіна можа стаць лабістам інтарэсаў Беларусі на заходнім напрамку.

— Беларусь сёння сама актыўна размаўляе з заходнімі дзяржавамі, ва ўсякім разе, на ўзроўні МЗС. Беларусь сёння не ў ізаляцыі. Дыялог ідзе наўпрост, і патрэбы ў пасярэдніку проста няма, — лічыць эксперт.

Паводле Заўтра тваёй краіны

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!