Хто мае права распараджацца выдаткамі на МУС?

«Кіраўніка Беларусі, відаць, не хвалюе ні напаўняльнасць бюджэту, ні тое, адкуль узяць грошы. Ягоная ўлада абапіраецца акурат на штыкі людзей з МУС, КДБ ды іншых сілавых структураў», — лічыць Гары Паганяйла.

Фота Юрыя Дзядзінкіна 

Ад аптымізацыі ў Міністэрстве ўнутраных справаў (МУС) нікуды не падзецца, але бязглуздага скарачэння быць не мусіць. Пра гэта афіцыйны беларускі лідар заявіў падчас сустрэчы з кіраўніком ведамства Ігарам Шуневічам у аўторак, 24 студзеня. «Усё, што вы скароціце, застанецца ў вас. Плюс я яшчэ ў два разы павялічу гэту лічбу і дадам», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Галоўны беларускі чыноўнік заявіў, што сэканомленыя сродкі застануцца на балансе МУС. «Калі ласка, павялічвайце аклады, набывайце службовае абсталяванне, узбраенне і гэтак далей. Так будзе і потым: усё, што вы скароціце, застанецца ў вас. Плюс я яшчэ ў два разы павялічу гэтую лічбу і дадам. То бок, скарацілі на 10 мільёнаў рублёў, атрымаеце 20 мільёнаў — 10 мільёнаў скарочаных і 10 мільёнаў дадаткова з бюджэту», — паабяцаў Лукашэнка Шуневічу.  

Наколькі вартыя гэтыя захады з пункту гледжання эканоміі дзяржаўных сродкаў? Увогуле, ці мае права прэзідэнт аднаасобна абяцаць дадатковыя выдаткі з бюджэту ад свайго імя? На пытанні «Новага Часу» адказвае былы суддзя і адвакат, кіраўнік юрыдычнай камісіі Беларускага Хельсінскага камітэту Гары Паганяйла.

— Навошта патрэбна такая аптымізацыя МУС, калі яна, гледзячы па ўсім, абыдзецца яшчэ даражэй, чым існая сістэма ўнутраных справаў?

— Кіраўнік дзяржавы пастаянна заяўляе тое, што яму прыйдзе ў галаву, сыходзячы са сваіх папулісцкіх інтарэсаў. Што тычыцца МУС, то магу сказаць наступнае: прэзідэнт, відаць, як і міністр унутраных справаў, аптымізацыю разумеюць наступным чынам: выгнаць са штабоў і накіраваць «у поле» супрацоўнікаў міліцыі. Прычым, з тым, каб большая іх колькасць займалася непасрэдна справай — забеспячэннем грамадскага парадку, раскрыццём злачынстваў, арганізацыяй бяспекі грамадскага руху, рэгістрацыйнай сістэмай і гэтак далей. І каб меншая колькасць знаходзілася ў кіроўных структурах. Вось гэта мы маем пад словам «аптымізацыя».

Што тычыцца колькасці асабовага складу МУС, то ён у нас рэальна непамерна раздзьмуты. Але павелічэнне акладаў нават пры скарачэнні будзе зроблена выключна за кошт народа, бо ўсе гэтыя хлопчыкі «не с сошкой, а с ложкой».

— Наколькі кіраўнік дзяржавы аднаасобна можа заяўляць пра павелічэнне ўдвая сродкаў (пасля аптымізацыі) для канкрэтнай сілавой структуры?

— Справа ў тым, што кіраўнік дзяржавы ў нас — «цар-імператар», гаворка ідзе пра ягоныя паўнамоцтвы. Ён валодае сур’ёзнай заканадаўчай уладаю і можа, не раючыся з народам і парламентам, выдаваць свае ўказы, дэкрэты і ўсё гэта павырашаць. Яго, відаць, не хвалюе ні напаўняльнасць бюджэту, ні іншыя пытанні, адкуль узяць грошы. Ён і возьме, таму што ягоная ўлада абапіраецца акурат на штыкі якраз гэтых людзей з МУС, КДБ ды іншых сілавых структураў. На іх яму грошай не шкада.

Фота Юрыя Дзядзінкіна 

— А ці хопіць гэтых грошай ва ўмовах, калі ў краіне пануе істотны эканамічны крызіс?

— Відаць, нейкія прыпасы і магчымасці ёсць. Наколькі гэтых грошай хопіць — іншае пытанне, але тое, што краіна ў крызісе — гэта факт. Тое, што існуе перанапружанне бюджэту, гэта таксама факт. Таму ягоныя гучныя заявы, што транслююцца па тэлебачанні, па радыё і ў газетах, — гэта адна справа. А фактычная «таямнічая канцылярыя», якая мусіць усё пралічыць і падрыхтаваць яму дакументы ў выглядзе ягоных заканадаўчых устанаўленняў — гэта іншае.

— У Беларусі існуе не толькі МУС, але і яшчэ цэлы шэраг сілавых службаў. Ці не пойдуць яны па тым жа шляху, што і міністэрства ўнутраных справаў, за сродкамі да прэзідэнта?

— За грашыма пойдуць усе бюджэтнікі. І КДБ, і Міністэрства абароны, і пажарнікі, і мытнікі, і гэтак далей. Наколькі хопіць дзяржаўных рэсурсаў, цяжка сказаць. Але тое, што выціскаюць апошняе з працоўнага народа, гэта факт.

Фота Юрыя Дзядзінкіна 

— А ці не лопне кольвеч цярпенне ў гэтага самага народа?

— Не. Справа ў тым, што для нейкай грамадскай рэакцыі патрэбны грамадзянін, які мае ўласны гонар. У нас жа дзесяцігоддзямі рабілася ўсё, каб размазаць гэты ўласны гонар, каб людзі пачуваліся рабамі, стратнымі, залежнымі ад улады. Гэта толькі шмат кажуць і пішуць, што ў нас улада для народа, але на самой справе яны накінулі ярмо на народ і паганяюць пугаю і рэальнымі рэпрэсіямі, трымаюць людзей у страху.

— Да якога часу гэта можа доўжыцца?

— Я магу гэта толькі сказаць па прыкладзе Кубы, Паўночнай Карэі і гэтак далей — падобнае ўтрыманне народа ў ярме з ідэалагічнай падсцілкаю можа цягнуцца вельмі доўга.

 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • Астапова Ядвига Дмитриевна
  • 2017-01-26 12:30:04
Думаем,что Гарвардский проект у нас набирает силы...Только вот вопрос,кто за этим стоит? Сможет ли народ противостоять или защитить себя ,если за слово сказанное,угрожают подать в Суд? И Законы для этого создают ,для себя любимых , а не для народа.....Очень печально и то ,что у нашего народа, у многих ,нет чувства ,чувства собственного достоинства....И начинают гадости творить из под тишка ,не задумываясь,что завтра его сын может оказаться на том же месте.....