Ці можна зрабіць з экстрэмісцкага матэрыялу неэкстрэмісцкі?

Юрысты "Вясны" вырашылі разабрацца на практыцы, ці можна выключыць інфармацыйныя матэрыялы з Рэспубліканскага спісу экстрэмісцкіх матэрыялаў, як гэта зрабіць і ці рэальна наогул.

Справа ў тым, што інфармацыйная прадукцыя прызнаецца экстрэмісцкай на падставе адпаведнага рашэння суда. Напрыклад, фотаальбом Belarus Press Photo 2011 быў прызнаны экстрэмісцкім рашэннем суда Ашмянскага раёна. А значыць і выключыць прадукцыю са Спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў можна толькі ў судовым парадку, абскардзіўшы адпаведнае рашэнне суда.

Юрыст "Вясны" Аляксей Лойка звярнуўся са скаргай у суд на рашэнне суда, якім экстрэмісцкім быў прызнаны вядомы ва ўсім свеце субкультурны шыфр А*АВ. Ён быў прызнаны ў 2018 годзе экстрэмісцкім аж двойчы: судом Аршанскага раёна і судом Цэнтральнага раёна г. Мінска. Апошні раз — па заяве ГУБАЗіК МУС. Суд тады ў парадку грамадзянскага судаводства прыняў рашэнне аб абсалютнай забароне выкарыстання і распаўсюджвання гэтай абрэвіятуры "з якімі-небудзь надпісамі або без выкарыстання надпісаў, па-за залежнасці ад носьбіта інфармацыі (сцягі, транспаранты, вымпелы, эмблемы, шаўроны, нашыўкі, стыкеры, налепкі, значкі , элементы адзення, прадметы ўжытку і т.п.), а таксама створаная і апублікаваная ў якасці прадукцыі для сродкаў масавай інфармацыі (у любых падзеях, сцэнах, эпізодах, і кадрах, электронных і друкаваных СМІ), а роўна сама гукавая абалочка тэксту, вымаўленая аўтарам у выглядзе словаў, якія адначасова могуць суправаджацца дзеяннямі або з'явамі, а роўна трансляцыя вымаўленага тэксту з аудыяносьбітаў". Цяпер, напрыклад, калі чалавек вырашыць сфатаграфавацца ў майцы з гэтай абрэвіятурай і размесціць гэта фота ў сацсетках, то яму ў адпаведнасці з арт. 17.11 КаАП (Распаўсюд, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці ці прапагандуе такую ​​дзейнасць) у першы раз пагражае штраф да 20 базавых (500 рублёў) з канфіскацыяй гэтай майкі.

На падставе гэтага рашэння абрэвіятура "A*АB" была ўнесеная ў Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.

На думку праваабаронцаў "Вясны", рашэнне Цэнтральнага суда г. Мінска з'яўляецца неабгрунтаваным і незаконным. Вось якія асноўныя довады яны выклалі ў скарзе Мінгарсуда:

-рашэнне не ўтрымлівае канкрэтнага абгрунтавання таго, на якія грамадскія адносіны, якія абараняе Закон "Аб супрацьдзеянні экстрэмізму", замахваецца абрэвіятура;
-суд не зрабіў ацэнку правамернасці абмежавання права на распаўсюд "А**В" у любых яго формах;
-у рашэнні не паказваецца, якая была рэальная пагроза ад абрэвіятуры ў розных варыянтах яго размяшчэння ў якасці прадукцыі для СМІ, а таксама гукавая абалонка дадзенага тэксту, вымаўленая аўтарам у выглядзе слоў цi пры дапамозе вымаўлення тэксту з аудыяносьбітаў.

Хто можа абскардзіць рашэнне суда аб прызнанні матэрыялу экстрэмісцкім?

Трэба ўлічваць тое, што не кожны чалавек можа абскардзіць рашэнне суда аб прызнанні матэрыялу экстрэмісцкім. Са скаргай у суд можа звярнуцца толькі тая асоба, якая з'яўляецца зацікаўленай і чые правы і інтарэсы гэтым судовым рашэннем былі закрануты. Таму для звароту ў вышэйстаячыя органы юрыст ПЦ "Вясна" Аляксей Лойка ўзяў кейс актывіста Мікалая Дзядка, які з'яўляецца ініцыятарам флэшмобу #яэкстрэміст.

У гэтым годзе суд Фрунзенскага раёна г. Мінска двойчы прыцягнуў актывіста Мікалая Дзядка да адміністрацыйнай адказнасці па артыкуле 17.11 КаАП за размяшчэнне "Укантакце" пастоў, дзе змяшчалася абрэвіятура А*АB. У агульнай складанасці на працягу двух месяцаў ён быў аштрафаваны на 2 295 рублёў.

Аднак для суддзяў Мінгарсуда гэта не паслужыла аргументам — яны вярнулі скаргу актывісту. На іх думку, Мікалай Дзядок не з'яўляецца зацікаўленай асобай па справе, і рашэннем, якое абскарджваецца, яго правы і законныя інтарэсы не закранутыя.

Юрыст Аляксей Лойка не згодны з пазіцыяй Мінгарсуда. На яго думку, Мікалай Дзядок з'яўляецца зацікаўленай асобай, паколькі дадзеным рашэннем непасрэдна закрануты ягоныя правы.

У аналітычным дакладзе праваабарончых арганізацый Беларусі «Супрацьдзеянне экстрэмізму і правы чалавека» праваабаронцы адзначаюць, што працэс прызнання інфармацыйных матэрыялаў экстрэмісцкімі ўскладняе абарону правоў і свабод, нацыянальнае працэсуальнае заканадаўства не ўтрымлівае эфектыўных інструментаў для гэтага.

Такім чынам, атрымліваецца, што абскардзіць рашэнне суда ў такім выпадку практычна нерэальна. Верагодна, суд прызнае зацікаўленай асобай толькі таго, па заяве каго і была ўзбуджаная справа. У дадзеным выпадку — ГУБАЗіК МУС.

У планах праваабаронцаў абскардзіць у Вярхоўны суд вяртанне скаргі Мікалаю Дзядку з Мінгарсуда.

Паводле spring96.org

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: