Ці прыйдзе Лукашэнка на Кангрэс за незалежнасць?

Аргкамітэт Кангрэсу за незалежнасць перанёс мерапрыемства, але не адмаўляецца ад яго правядзення. І па-ранейшаму мае намер сабраць у Мінску больш за 500 дэлегатаў і гасцей форума.


Аргкамітэт Кангрэсу за незалежнасць, прадстаўнікі якога правялі брыфінг у Мінску, зазначылі, што цяпер сітуацыя, нібыта, выглядае на тое, што Пуцін вырашыў сваю праблему захавання ўлады. Некаторыя пры гэтым супакойваюцца — нібыта. Аншлюс і «паглыбленая інтэграцыя» Беларусі ўжо не пагражаюць. Прадстаўнікі аргкамітэту Кангрэсу ж лічаць, што пагроза незалежнасці Беларусі нікуды не падзелася. Тое, што адбываецца зараз у Расіі — змены ў тамтэйшую Канстытуцыю з мэтай забяспечыць Уадзіміру Пуціну яшчэ два прэзідэнцкіх тэрміны, — юрыст Ігар Рынкевіч назваў «фактычным дзяржпераваротам», а юрыст Міхаіл Пастухоў — адраджэннем Расійскай Імперыі. А, паколькі адраджаецца імперыя, небяспекі для яе суседзяў захоўваюцца.

У спецыяльнай заяве аргкамітэт Кангрэсу зазначыў, што ўлада ў Беларусі дэманструе: удалося пазбегнуць «паглыблення саюзнай інтэграцыі», і што кіруючы рэжым быццам здолее гарантаваць захаванне беларускай дзяржавы. «На самай справе адбылася здзелка з Крамлём: аншлюс Беларусі адкладзены на час правядзення ў Беларусі чарговых “прэзідэнцкіх выбараў”», — лічаць арганізатары Кангрэсу за незалежнасць.

Яны адзначаюць, што Масква працягвае аблогу беларускага суверэнітэту «па ўсіх франтах»: палітычны ціск Крамля на беларускую ўладу не аслабеў, проста зрабіўся менш публічным, узрос шантаж у нафтагазавай ды іншых галінах эканомікі. А змены ў Канстытуцыю Расіі, сярод іншага, замацоўваюць імперскую знешнюю палітыку, папіраючы міжнароднае права і суверэнітэт замежных краін.

Таму ніякіх падставаў расслабляцца і адмаўляцца ад Кангрэсу за незалежнасць у сённяшніх умовах няма. Аднак, як і па ўсім свеце, планы яго правядзення скаардынаваў каронавірус. Да 6 красавіка ў Беларусі абмежаваныя масавыя мерапрыемствы з удзелам міжнародных гасцёў. Між тым, у працы аргкамітэту Кангрэсу актыўны ўдзел прымаюць чальцы беларускай дыяспары, а на мерапрыемства планавалася запрасіць замежных амбасадараў.

Такім чынам, у аргкамітэта выдаўся час, каб больш грунтоўна распрацаваць свае прапановы па абароне незалежнасці Беларусі і рэфармаванні краіны. Ёсць і пэўны «дэдлайн» — гэта 19 траўня, калі ў Мінску павінен прайсці саміт кіраўнікоў дзяржаў ЕАЭС і першы Еўразійскі эканамічны форум. Такім чынам, Кангрэс павінен адбыцца напярэдадні гэтай падзеі, каб засведчыць, што Беларусь — незалежная дзяржава. А не дадатак да Расіі.

Па словах Ігара Рынкевіча, плануецца, што ў мерапрыемстве возьмуць удзел, апроч вышэйзгаданых прадстаўнікоў дыяспары, актывісты палітычных партый і рухаў, прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці, знаныя эканамісты, юрысты, навукоўцы, інтэлігенцыя. Асобна спадар Рынкевіч адзначыў, што ўсе «дэпутаты незалежнасці», — дэпутаты, якія ў свой час прымалі ўдзел у абвяшчэнні дэкларацыі аб незалежнасці і суверэнітэце Рэспублікі Беларусь — таксама будуць запрошаныя на Кангрэс у якасці яго ўдзельнікаў.

Лукашэнка, праўда, кажуць, за прыняццё Дэкларацыі не галасаваў. Ён увогуле па гэтым пытанні не галасаваў. Аднак у той час ён жа быў дэпутатам Вярхоўнага Савета, і цяпер таксама называе сябе галоўным абаронцам суверэнітэту і незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Цікава, і яму таксама дадуць мандат дэлегата Кангрэсу за незалежнасць?



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: