Ці Пуцін назаўсёды і пры чым тут Беларусь? Карбалевіч разбірае абнуленне ў Крамлі

Такім чынам, галоўная інтрыга праекту змены Канстытуцыі РФ развязалася. Ніякага транзіту ўлады не будзе. Пуцін застаецца яшчэ на два тэрміны, піша Валерый Карбалевіч на «Свабодзе».

 

Сцісла:

·        Прапанаваўшы рэформу палітычнай сістэмы РФ, Пуцін напачатку загадаў шмат загадак. Цяпер яны адгаданыя.

·        Рашэнне Думы абнуліць прэзідэнцкія тэрміны не мае праўных падставаў, бо гэта не новая Канстытуцыя, а ўсяго толькі папраўкі ў дзейны Асноўны закон.

·        Пуцін не пайшоў простым шляхам, каб прыбраць з Канстытуцыі артыкул аб двух прэзідэнцкіх тэрмінах. Бо гэта выклікала б масавае незадаволенне ў грамадстве. Ён пайшоў складаным шляхам, каб схаваць галоўны пункт сярод іншых папулісцкіх артыкулаў Канстытуцыі.

·        Папраўка ў Канстытуцыю аб замацаванні прынцыпу прыярытэту нацыянальнага права над міжнародным дае Расіі юрыдычныя падставы адмовіцца ад любых сваіх міжнародных абавязанняў, у тым ліку ў рамках ЕАЭС і АДКБ. 

Спачатку рэформа палітычнай сістэмы РФ, прапанаваная расійскім лідарам у яго чарговым пасланні Федэральнаму сходу 15 студзеня, паставіла ўсіх у тупік. Пуцін загадаў шмат загадак. Дыскусіі пра сэнс ягоных прапановаў ішлі сярод як праўладных, так і апазіцыйных расійскіх экспертаў. Усе варажылі, якую пасаду зойме Пуцін пасля 2024 году.

Насамрэч усё атрымалася да прымітыўнага проста. Танны спектакль, разыграны ў Думе 10 сакавіка, наўрад ці каго ўвёў у зман. Раптоўная прапанова Церашковай, тэрміновы прыезд Пуціна ў Думу з гатовым тэкстам выступу, папраўкі ў праект Канстытуцыі, якія раздалі дэпутатам літаральна за 20 хвілін да галасавання — ўсё гэта загадзя падрыхтаваны экспромт.

Строга кажучы, з праўнага гледзішча прапанова Церашковай, падтрыманая Думай, няслушная. Фармальная падстава абнуліць прэзыдэнцкія тэрміны была б тады, калі б прымалася новая Канстытуцыя. Тады ўсё можна пачынаць з нуля. Аднак Пуцін настойліва падкрэслівае, што гэта не новая Канстытуцыя, а ўсяго толькі папраўкі ў дзейны Асноўны закон. У такім разе юрыдычных падставаў для абнулення няма. Але каго сёння ў Расіі цікавіць юрыдычны бок справы?

Узнікае яшчэ адно лагічнае пытанне. Навошта Пуціну спатрэбілася гарадзіць такі складаны плот? Чаму ён не пайшоў шляхам Лукашэнкі ды іншых постсавецкіх лідараў і не прапанаваў прыбраць з Канстытуцыі артыкул, паводле якога адзін чалавек не можа займаць пасаду прэзідэнта больш за два тэрміны запар? Здавалася б, проста і зразумела.

У свой час, калі Пуцін памяняўся пасадамі з Мядзведзевым, Лукашэнка, мякка крытыкуючы расійскага лідара, казаў журналістам з РФ: маўляў, навошта гэтыя хітрыкі, трэба быць шчырым з народам. І ў якасці прыкладу прывёў сябе. Маўляў, вось я адкрыта звярнуўся на народу, прапанаваў на рэферэндуме прыбраць артыкул Канстытуцыі аб двух тэрмінах. То-бок, не хаваў, што хачу ўладарыць вечна.

Але рэч у тым, што такі ход расійскага прэзідэнта выклікаў бы масавую незадаволенасць у грамадстве. Вяртанне Пуціна ў 2012 г. спарадзіла ў Расіі палітычны крызіс, масавыя пратэсты (Балотная плошча). Нават нерэгістрацыя незалежных кандыдатаў у Маскоўскую гарадскую думу летась прывяла да пратэстных акцыяў у Маскве.

Таму Пуцін вырашыў гуляць уцёмную. Ён прапанаваў змены Канстытуцыі, мала зразумелыя абывацелю. Была пушчана своеасаблівая дымавая заслона. Афіцыйныя асобы і дзяржаўныя медыя шмат разважалі, што папраўкі ў Канстытуцыю, маўляў, арыентуюцца на развіццё парламентарызму, умацаванне дзяржаўных інстытутаў. А каб народ на рэферэндуме прагаласаваў, яму прапанавалі пернік у выглядзе палажэнняў аб пастаяннай індэксацыі пенсіяў, заробку не менш за пражытковы мінімум. Гэтая дымавая заслона была заклікана зрабіць папраўкі ў Канстытуцыю прывабнымі для насельніцтва і замаскаваць праўдзівы сэнс рэформы.

Якія наступствы гэтых расійскіх падзеяў для Беларусі?

Найперш — праект Саюзнай дзяржавы, з дапамогаю якога мелася на ўвазе працягнуць паўнамоцтвы Пуціна, адкінуты. І гэта добра.

Другі момант, на які, дарэчы, менш звярталі ўвагу эксперты. У новым варыянце Канстытуцыі РФ мяркуецца замацаваць прынцып прыярытэту нацыянальнага права над міжнародным. І гэтая перамена вельмі важная для беларуска-расійскіх адносінаў.

Рэч у тым, што дасюль Лукашэнка, патрабуючы льготных цэнаў на энергарэсурсы, апеляваў да дакументаў ЕАЭС, падпісаных усімі чальцамі арганізацыі. Дык вось цяпер гэтая папраўка ў Канстытуцыю дае Расіі юрыдычныя падставы адмовіцца ад любых сваіх міжнародных абавязанняў, у тым ліку ў рамках ЕАЭС і АДКБ. У прыватнасці, Расія можа адмовіцца ад сваіх абавязанняў перайсці ў 2025 годзе да агульнага рынку энергарэсурсаў і прадаваць Беларусі газ і нафту па ўнутрырасійскіх цэнах.

І, нарэшце, сённяшняе рашэнне Дзяржаўнай думы рэзка змяншае імавернасць змены Канстытуцыі Беларусі.

А ўвогуле ўсё сумна. Як у песні Цімура Шаава:

«И в перспективе — всё один и тот же дядька,

И говорят, что девять жизней у него».

 


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: