Ці варта ўсім падабацца коштам суверэнітэту краіны?

На сустрэчы з кіраўнікамі амерыканскіх аналітычных цэнтраў 6 лістапада Аляксандр Лукашэнка заявіў, што на тэрыторыі Беларусі расійскай базы не будзе. А нядаўна ён жа агарошыў выказваннем, што Магілёў — кавалак рускай зямлі. Так што расслабляцца не варта.

Фота pix.avaxnews.com

«Ты што ж, самазванец, казённыя землі разбазарваеш! Такім чынам ніякіх валасцей не напасешся!» — менавіта гэтую фразу Жоржа Міласлаўскага з фільма «Іван Васіллевіч мяняе прафесію» інтэрнэт згадвае на адрас Аляксандра Лукашэнкі.

Згадка пра разбазарванне казённых земляў выкліканая апошнімі заявамі кіраўніка Беларусі. Падчас сустрэчы Уладзіміра Пуціна ў Магілёве на V форуме рэгіёнаў Беларусі і Расіі Лукашэнка сказаў, што Магілёў — «горад больш рускі, чым беларускі», «кавалак, можна сказаць, рускай зямлі», бо мяжуе з Расіяй.

Можна было б, як звычайна, спісаць гэтую фразу на традыцыйнае паддобрыванне Лукашэнкам Пуціна. Але ўжо праз два тыдні, у час сустрэчы з Пятром Парашэнкам у Гомелі, беларускі кіраўнік кажа, што Гомель нічым не адрозніваецца ад гарадоў Украіны: «Вы, напэўна, адчуваеце, што ён нічым не адрозніваецца ад выдатных украінскіх гарадоў. Гэта натуральна, бо да мяжы тут літаральна рукой падаць. Тут вельмі шмат жыве ўкраінцаў, грамадзян Украіны (асабліва ў апошні час), якія ў сувязі з канфліктам перасяліліся сюды».

Гэта і прымусіла беларускіх грамадзян узгадаць Міласлаўскага.

Зразумела, кожнаму чалавеку хочацца падабацца — тым больш, падабацца сваім партнёрам. І Аляксандр Рыгоравіч тут не выключэнне. Аднак Лукашэнка — не проста чалавек, ён кіраўнік дзяржавы. І яго выказванні пра Магілёў і Гомель успрымаюцца менавіта як «разбазарванне земляў».

У сувязі з гэтым перад кіраўніком знешнепалітычнага ведамства Беларусі Уладзімірам Макеем стаіць складаная задача. Яму трэба патлумачыць кіраўніку дзяржавы, што, канешне, такімі выказваннямі ён можа спадабацца сваім суседнім калегам. Але гэтае «падабанне» не будзе павагай. Бо не можа выклікаць павагу кіраўнік дзяржавы, які направа і налева гатовы раздаць сваю краіну — а менавіта так успрымаюцца словы Аляксандра Рыгоравіча.

І лепш, канешне, павага, чым падабанне без павагі.

Бессмяротны полк у Магілёве. Фота mogilev.online

Праўда, Макею давядзецца тлумачыць гэта не аднаму Лукашэнку. Віцэ-прэм’ер, міністр рэгіянальнага развіцця, будаўніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі Украіны Генадзь Зубко на форуме рэгіёнаў Беларусі і Украіны ў Гомелі звярнуўся да беларускіх удзельнікаў мерапрыемства з прапановай выступаць на беларускай мове. Сам Зубко гаварыў па-ўкраінску. А вось беларускія чыноўнікі працягвалі размаўляць па-руску.

У адказ не хто-небудзь, а міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч зазначыў, што ў Беларусі дзве дзяржаўныя мовы — беларуская і руская, і кожны сам абірае, якою карыстацца.

Калі ў нас дзве мовы, то чыноўнік і павінен ведаць іх дзве, ці не так? Калі госць просіць размаўляць па-беларуску, чаму б нашым урадаўцам не задаволіць яго просьбу? Мы ўсе ведаем, што чыноўнік абавязаны даваць адказ на той мове, на якой паступіў запыт. Запыт Зубко быў на беларускую мову. Калі нашы чыноўнікі працягвалі размаўляць па-руску, то, па-першае, яны прадэманстравалі «павагу» да свайго, нацыянальнага. Па-другое, калі яны не ведаюць дзяржаўнай мовы — гэта ўжо кажа пра іх прафесійную прыдатнасць.

Зразумела, на ўсё выкладзенае вышэй можна адказаць: «Што вы чапляецеся да словаў?» Ну, ляпнуў кіраўнік дзяржавы нешта. Прызвычаіліся мы ўжо да яго славеснай эквілібрыстыкі і да падобных выказванняў… Не ў першы раз і не ў апошні…

У тым і справа. Пазаўчора Аляксандр Лукашэнка кажа, што Магілёўшчына — руская зямля. А ўчора (умоўна ўчора, канешне) Мінабароны Расіі заявіла, што мае намер «разгарнуць найноўшыя комплексы радыёэлектроннай барацьбы «Самарканд» на стратэгічных кірунках, у 13 ваенных частках у Архангельскай, Калінінградскай, Маскоўскай, Мурманскай, Ніжагародскай абласцях, Краснадарскім і Прыморскім краі, Яўрэйскай аўтаномнай вобласці і ў Беларусі».


Прычым, я не памятаю, каб праходзіла інфармацыя, што расійскае ваеннае ведамства неяк запыталася ў беларускіх вайскоўцаў (і не толькі вайскоўцаў), на якіх умовах яны прымуць гэтыя комплексы, дзе іх размесцяць, што нам за гэта будзе, будзе гэта расійскай базай альбо нам гэтыя комплексы ў арэнду дадуць... Нас не спыталі, і нават не «паведамілі», а адразу абвясцілі і паставілі перад нібыта вырашаным фактам: мы разгорнем комплексы РЭБ на вашай тэрыторыі. Усё. Кропка.

А чаго саромецца, калі Магілёў — гэта «кавалак, можна сказаць, рускай зямлі»? І мова дзяржаўная ў вас руская… Дык прымайце, рабяты, рускую зброю! Ці не гэта вынікае са словаў Лукашэнкі пра «рускі Магілёў»?

Менавіта са сцвярджэнняў, што «Данецк — рускі горад», пачалася ўся заваруха на Данбасе. Нам такое трэба?

, 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • УДИВЛЕННЫЙ
  • 2018-11-09 21:44:43
По стилю сильно напомнило газету Правда...

Каментаваць