Ці выконваюцца загады Лукашэнкі? Шэсць абяцанняў за шэсць гадоў

Заўтра, 19 красавіка, Аляксандр Лукашэнка мусіць звярнуцца з традыцыйным пасланнем да беларускага народу і Нацыянальнага сходу. Звычайна падчас такіх зваротаў кіраўнік дзяржавы падводзіць вынікі папярэдняга года ды абвяшчае задачы на будучыню. Belsat.eu разбіраўся, якія задачы Лукашэнка ставіў падчас мінулых пасланняў і ці былі яны выкананыя.
Адразу папярэдзім: мы не імкнуліся праналізаваць усё, што казаў Лукашэнка падчас гэтых прамоваў. Большасць заданняў і абяцанняў даваліся ў самых агульных выразах, таму спраўдзіць іх выканання фактычна немагчыма – або гаворка ідзе пра ацэначныя катэгорыі, або адпаведнай статыстыкі ў адкрытых крыніцах проста не існуе. Таму мы вырашылі засяродзіцца на тых канкрэтных абяцаннях, якія спраўдзіць вельмі лёгка.

Пасланне 2013 года

Заданне органам улады

Рост спажывецкіх цэнаў цягам года не мусіць перавысіць прагнозныя 12%. «Лепш, калі ён (рост цэнаў – заўв. belsat.eu) будзе каля 10%», – удакладніў задачу Лукашэнка.

Ці вырашана задача?

Не. Рост цэнаў на ўзроўні 10-12% быў недасягальнай мэтай для беларускіх уладаў цягам наступных двух гадоў. Інфляцыя ў 2013 годзе склала 16,5%, у 2014 годзе – 16,2% і толькі па выніках 2015-м дасягнула паказніка ў 12%.

Пасланне 2014 года

Заданне органам улады

Вырашаць праблему пенсійнай сістэмы ў трох напрамках:
  • зацікавіць людзей працаваць пасля выхаду на пенсію
  • правесці дыферэнцыяцыю пенсіяў
  • стымуляваць пенсійнае страхаванне
Пра павышэнне пенсійнага ўзросту гаворкі не ішло. Лукашэнка ў тыя часы сцвярджаў, што людзі не хочуць павышэння пенсійнага ўзросту, а ён нібыта не можа ісці насуперак волі народу. «Вы бачыце, што працоўных рук становіцца менш, пенсіянераў досыць шмат. Ведаеце гэтыя суадносіны. Нідзе ў свеце пакуль не знойдзена аптымальнага спосабу рашэння падобнай праблемы. І нам тут не трэба бегчы наперадзе паравоза», – казаў Лукашэнка.

Ці вырашана задача?

Не. 11 красавіка 2016 года Лукашэнка падпіша ўказ №137, які прадугледжвае паэтапнае штогадовае павышэнне пенсійнага ўзросту. У выніку з 2022 года жанчыны будуць выходзіць на пенсію з 58 гадоў, мужчыны – з 63-х. Калі ў 2014-м Лукашэнка казаў, што ў плане вырашэнне праблемаў пенсійнай сістэмы «не трэба бегчы наперадзе паравозу», то ў 2016-м падчас паслання народу і Нацыянальнага сходу заклікаў прызнаць, што «мы пляцёмся ў хвасце падзеяў».

Пасланне 2015 года

Заданне органам улады

«У наступным годзе мы ўводзім мараторый на рост колькасці і ставак падаткаў», – казаў Лукашэнка.

Ці вырашана задача?

Не. Напрыклад, з 2017 года стаўка адзінага падатку для іпэшнікаў і фізічных асобаў у Менску вырасла на 12%, з 2018 года – яшчэ на 7,4%. Падатак на дададзеную вартасць на паслугі сувязі вырасце з 20 да 25%.

У лістападзе 2017 года Лукашэнка падпіша дэкрэт №7, які прадугледжвае мараторый на павышэнне падаткаў да 2020 года, але ўжо ў пачатку 2019 года стаўкі падаткаў зноў праіндэксавалі на 5,3%. Праўда, улады тлумачаць, што павышэнне звязанае выключна з інфляцыйнымі працэсамі, таму мараторыю гэта нібыта не супярэчыць.

Пасланне 2016 года

Заданне органам улады

Знайсці працу для кожнага звольненнага працаўніка. «На кожнае скарочанае месца павінна быць створана новае, больш прадукцыйнае!.. Я казаў гэта проста: калі раптам на МАЗе, БелАЗ, МТЗ або іншых прадпрыемствах адбываецца аптымізацыя і вызваляецца энная колькасць працаўнікоў, то гэтых людзей кіраўнікі павінны ўзяць за руку, перавесці праз дарогу і працаўладкаваць (разам з мясцовымі органамі ўлады) на новым працоўным месцы, а не выкідаць на вуліцу! Я гэта кажу не ў першы раз, але спагнанне за гэта ў гэтым годзе будзе жорсткім!», – абяцаў Лукашэнка.

Ці вырашана задача?

Не. Паводле Белстату, у 2016 годзе ў арганізацыях Беларусі было звольнена 720,6 тысяч чалавек, а працаўладкавана толькі 613,3 тысяч. То бок на 100 звольненых прыпадала 85,1 прынятых на працу. Вырашыць задачу не атрымалася і ў наступныя гады. У 2017 годзе звольнілі 694 306 чалавек, а прынялі на працу – 656 193 (розніца – 38 113). У 2018 годзе звольнілі 715 436 чалавек, а працаўладкавалі 673 447 (перавышэнне звольненых над прынятымі – 41 989).

Пасланне 2017 года

Заданне органам улады

Дасягнуць сярэдняга заробку па Беларусі ў памеры не менш за 1000 рублёў да канца 2017 года. «Некаторыя адказныя асобы ў размовах, як я ўжо згадваў, паміж сабой называюць гэтую лічбу непад’ёмнай. Хачу перасцерагчы некаторых ад упадніцкіх заяваў», – казаў Лукашэнка.

Ці вырашана задача?

Не. Намінальны сярэдні заробак па Беларусі ў снежні 2017 года склаў 995,3 рубля. Прычым відавочна, што чыноўнікі спяшаліся палепшыць статыстыку ўсімі магчымымі сродкамі. На момант красавіцкага паслання Лукашэнкі сярэдні заробак складаў 777 рублёў і да лістапада 2017 года ён павысіўя толькі на 59,9 рублёў. То бок даходы раслі ў сярэднім на 8,5 рублёў у месяц. А за снежань тэмпы росту выраслі ў 18,5 разоў, адразу павялічыўшыся на 158,4 рубля. З пачаткам 2018 года сярэдні заробак беларусаў стаў падаць: у студзені 981,6 рубля, у лютым – 977,6. Скарыць узровень у 1000 рублёў атрымаецца толькі ў кастрычніку 2018 года (999,7 рублёў), у снежні сярэдні заробак дасягне 1115,3 рублёў. Аднак у пачатку 2019 года заробкі зноў пойдуць уніз. Тысячы рублёў няма дагэтуль: за люты 2019 года сярэдні заробак па краіне склаў 977,6%.

Пасланне 2018 года

Задача органам улады

Утрымаць інфляцыю на ўзроўні 5-6% у год. «Хочаце – рынкавымі спосабамі, хочаце – іншымі, але павінен быць вынік і праблема павінна вырашацца», – казаў Лукашэнка.

Ці вырашана задача?

Так. Нарэшце, словы Лукашэнкі не разышліся са справамі: па выніках 2018 года інфляцыя склала 5,6%. За апошнія 20 гадоў толькі аднойчы ў Беларусі інфляцыя была ніжэйшая за гэты паказнік – у 2017 годзе яна склала 4,6%.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!