

Святлана Гатальская, Мікола Дзядок, Алесь Герасіменка

Фота Юліі Сакалоўскай

Асноўныя спрэчкі разгарэліся вакол двух пунктаў: ці можна лічыць лічбавы актывізм актывізмам, а таксама дзе палягае мяжа самацэнзуры юзераў ва ўмовах, калі за пасты ў сацсетках можна атрымаць рэальнае пакаранне? Мікола Дзядок лічыў, што лічбавага актывізму як такога ўвогуле не існуе: актывізмам можна назваць толькі рэальныя дзеянні ў афлайне, і нельга ставіць на адну дошку кляцканне мышкай і пратэсты на вуліцах. Іншыя ўдзельнікі лічылі, што ўсе дзеянні, што датычныя грамадскага жыцця можна назваць актывізмам. Размова ж пра самацэнзуру плаўна перацякла ў разважанні аб тым, як прадумываць наступствы сваіх палітычных дзеянняў, ведаючы, што ты за іх можаш быць пакараны.
Блогер "Шэры Кот" вёў стрым з івенту

Яна Ганчарова. Фота з асабістага архіву.
— Да нас звярнуўся Алесь, які праводзіў даследаванне. Пару год таму ён апытваў мяне ў рамках гэтага даследавання. І таму ён напісаў нам, як арганізацыі, якая займаецца лічбавымі правамі, з тым каб арганізаваць прэзентацыю высноваў і парадаў для актывістаў.
— Якое было чаканне ад мерапрыемстваў?
— Мы хацелі сабраць людзей і паразмаўляць з імі, і зрабіць гэта ў фармаце размовы, а не прэзентацыі, каб актывісты, якія гэтым займаюцца, таксама маглі выказаць сваё меркаванне. Гэта было важна і для Алеся ў ягоных даследчыцкіх мэтах, каб даведацца, ці згодныя актывісты з тым, што ён надаследваў, а таксама даведацца кропкі росту. І гэтыя чаканні цалкам спраўдзіліся.
— А як гэтая тэма суадносіцца з праваабаронай, якой займаецца Human Constanta.
— Адна з тэмаў, з якімі працуе Human Constanta, гэта лічбавыя свабоды. То-бок,усё, што так ці інакш закранае нашыя правы і свабоды ў інтэрнэце. І лічбавы актывізм з гэтым наўпрост звязаны: людзей саджаюць за рэпосты, на іх заводзяць крымінальныя справы за тое, што яны робяць у інтэрнэце. І адна з тэмаў, з якой мы працуем, гэта лічбавы актывізм, тым больш, што ніхто глыбока і сур'ёзна гэтай тэмай у Беларусі не займаецца.
— Што стала найбольшай нечаканасцю для вас сёння на мерапрыемстве?
— Нечаканай стала вялізная колькасць людзей. Больш за 50 чалавек, і гэта хаця лета, вечар, ліпень... І прыйшло вельмі шмат людзей "не з тусоўкі", людзей, якіх мы не ведаем. Гэта значыць, што ёсць цікаўнасць: слухаць і размаўляць аб гэтым. І людзям-актывістам цікава ведаць, як дзейнічаць больш цікава ў лічбавай сферы.
— Будзеце яшчэ праводзіць аналагічныя мерапрыемствы?
— Так, мы будзем болей рабіць у фармаце размовы, таму што фармат "гаварашчай галавы", як мы лічым, ужо састаравае: трэба болей размаўляць з аўдыторыяй. Таму, так, вядома, будзем праводзіць. Напрыклад 1 лютага будзе наш традыцыйны Privacy day, дзе мы будзем абмяркоўваць лічбавыя правы, актывізм, прыватнасць і ўсялякае такое!