Ціхая нацыянальная рэвалюцыя

Ці стане Дзень Волі ў наступным годзе дзяржаўным святам?

Афіцыйны Мінск прарвала. Пакуль не ўвесь, а асобных чыноўнікаў. Пакуль не поўнасцю і не на дзяржаўным узроўні. Выглядае, у іх нарэшце прарэзалася ўсведамленне каштоўнасці беларускай гісторыі, мовы і культуры. Таго, з чаго складаецца ідэнтычнасць нацыі.

У мінулым нумары мы пісалі пра Ігара Бузоўскага. Кіраўнік адміністрацыі Цэнтральнага раёна сталіцы, былы галоўны ідэолаг, экс-кіраўнік БСРМ выказаўся за пашырэнне беларускамоўнага навучання, беларускамоўнага справаводства і станоўча ставіцца да бел-чырвона-белага сцягу і герба «Пагоня», «калі гэта выкарыстоўваецца для прасоўвання нацыянальных каштоўнасцяў».

Мінгарвыканкам падтрымаў ініцыятыву аб наданні сквера за Чырвоным касцёлам імя Эдуарда Вайніловіча. Члены камісіі па найменні і перайменаванні праспектаў, вуліц, плошчаў і іншых складовых частак горада Мінска прагаласавалі за гэтую прапанову адзінагалосна. Зразумела, чыім жа імём называць гэты сквер, як не імём фундатара касцёлу? Але паказальна, з якім абгрунтаваннем было прынятае рашэнне. Падчас пасяджэння было заўважана, што Вайніловіч «актыўна падтрымліваў рух за адраджэнне нацыянальнай культуры, фінансаваў выданне літаратуры на беларускай мове, асабіста ведаў многіх дзеячаў беларускага адраджэння, адкрыта асудзіў падзел Беларусі па ўмовах Рыжскага мірнага дагавора 1921 года»...

Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей даў інтэрв’ю «Радыё Свабода». І не проста даў, а сказаў: «Калі ты беларус, калі разумееш, што без мовы не можа быць краіны, — будзе і мова жыць, і краіна развівацца… Трэба больш размаўляць на беларускай мове. Мы спрабуем гэта рабіць у нашым міністэрстве і заахвочваць людзей. Але ўсё павінна ісці ад душы, ад сэрца».

А Мінкульт і «Советская Белоруссия» раптам пачалі дбаць пра Курапаты і ўзгадваць сталінскія рэпрэсіі.

Якая нацыянальна арыентаваная муха ўкусіла нашае чыноўніцтва? З чаго гэта яны раптам усвядомілі каштоў­насць таго, супраць чаго змагаліся дзясяцігоддзямі?

Стасункі з Захадам улаго­дзіліся, таму што Захаду проста не да нас, у яго сваіх праблем хапае. З Расіяй таксама ўсё добра, нават газ па ўнутраных коштах выгандлевалі. Унутры краіны расце ВУП, кажуць, аж на 0,9% за пяць месяцаў… Адкуль беларускія чыноўнікі чакаюць ашуканства, калі заклапаціліся ўмацаваннем нацыянальнай ідэнтычнасці?

Можа, яны ўрэшце ўцямілі простую рэч: без Беларусі яны — ніхто. Пагроза ж незалежнасці краіны нікуды не знікла, і нават незаўважна ўзмацняецца. У 2018 годзе ў Расіі прэзідэнцкія выбары, да якіх трэба прыйсці хоць з нейкімі перамогамі. З перамогамі ў Пуціна складана, і «лёгкая мішэнь» тут, нібыта, Беларусь. І з Сінявокай таксама перыядычна спрабуюць зрабіць ворага — дастаткова ўзгадаць нядаўні вэрхал расійскіх «аналітыкаў» з нагоды выключэння расійскага рубля з нашых ЗВР. Гэта было расцэнена ледзьве не як здрада.

Не дадаюць спакою вучэнні «Захад–2017». Інтэрнэт зноў абудзіўся чуткамі наконт «уваходжання Беларусі ў склад Расіі». РФ можа пачаць выдаваць свае пашпарты ўсім грамадзянам былога СССР і іх нашчадкам — адтуль і да «крымскага сцэнару» недалёка. А нашым чыноўнікам, што ні кажы, у «матухну-Расію» не хочацца зусім. Бо зараз яны — буйныя начальнікі, а ў выпадку «яднання» — беспрацоўныя. Усе цёплыя месцы ў РФ ужо падзеленыя. І таму ім нічога не застаецца, як бараніць незалежнасць краіны.

«Унікальнай беларускай ідэалогіі», за што адказваў той самы спадар Бузоўскі, не стварылі. І больш няма чаго рабіць, як вяртацца да каранёў. Да нармальнай, гістарычнай, выпакутаванай беларускай незалежнасці.

А мажліва, адказныя чыноўнікі проста «ловяць трэнд». Беларускасць, што ні кажы, за апошнія часы стала проста моднай. Усім жа хочацца быць моднымі, праўда?

Але ж гэты трэнд, гэтая мода нарэшце сталі мажлівымі. Сталі мажлівымі насуперак дзяржаве, насуперак уладам, высілкамі выключна часткі грамадства. Тых, хто больш за дваццаць гадоў пасля ганебнага рэферэндуму 1995 года не выпускаў сцяг з рук і працягваў яго ўздымаць. Тых, хто прасоўваў беларускі трэнд нават тады, калі гэта лічылася небяспечным вар’яцтвам: «Малады фронт», невядомы «Мірон» з вывешваннем сцягоў у самых складаных і небяспечных месцах, «Арт-Ся­дзіба» з іх «Святамі вышыванкі», «Будзьма беларусамі» з фэстам беларускамоўнай рэкламы «Adnak!», «МоваНанова» і «Мова ці Кава» і шмат-шмат іншых… Усіх не пералічыш.

Пакуль каштоўнасць беларускасці гучыць на ўзроўні «асабістай думкі» чыноўнікаў. Аднак нельга не заўважыць, што гэта — тэндэнцыя.

Наперадзе ў нас 2018 год — стагоддзе з дня абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Ці стане 25 сакавіка афіцыйным дзяржаўным святам?



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: