Ціханоўская абвясціла гарантыі тым, хто падтрымае забастоўку

Святлана Ціханоўская паабяцала падтрымку ўсім беларусам, хто падтрымае агульнанацыянальны страйк у выпадку адмовы рэжыму Лукашэнкі выканаць умовы «Народнага ультыматуму».


Народны ультыматум — гэта наша агульная барацьба. За апошнія месяцы мы ўбачылі, на што гатовы рэжым, каб утрымаць уладу. Аб’ём нашых падаткаў, якія былі выдаткаваныя на аўтазакі і заробкі АМАПу, складана падлічыць. Наступствы палітычнага і эканамічнага крызісу, у які рэжым з кожным днём апускае краіну, складана вымераць. Але прыйдзе час, калі мы зробім гэта — каб ніколі не паўтараць памылак мінулага.

Канец рэжыму ўсё роўна прыйдзе. Але кожны дзень яго існавання каштуе беларускаму народу вельмі дорага. Мы не можам сабе дазволіць столькі чакаць. Мы абвясцілі Народны ультыматум, і, калі яго ўмовы не будуць выкананыя, 26 кастрычніка я заклікаю кожнага беларуса далучыцца да агульнанацыянальнага страйку.

Кожнага — гэта значыць, што адказнасць рабочыя падзеляць са студэнтамі, прадпрымальнікамі, суседзямі па раёне, кіроўцамі, навукоўцамі, пенсіянерамі. Беларусы аб’ядналіся, і цяпер страх — адвечная зброю рэжыму — губляе сваю сілу. Няцяжка спалохаць чалавека, які лічыць, што ён адзін. Але калі яны палохаюць цэлую краіну, кожнага спалоханага падтрымліваюць тысячы, і страх ператвараецца ў рашучасць.

Не прыходзьце на працу і вучобу з 26 кастрычніка — гэта таксама забастоўка. Выходзьце на маршы — гэта таксама забастоўка. Зачыніце свае ўстановы і офісы — гэта таксама забастоўка. Перастаньце карыстацца і супрацоўнічаць з дзяржаўнымі паслугамі і сэрвісамі — гэта таксама забастоўка. Здыміце ўсе грошы з рахункаў банкаў — гэта таксама забастоўка. Не маўчыце. Кажаце аб сваёй нязгодзе жыць у турме. Кажыце ад свайго імя, ад імя сваёй сям’і, ад імя дваровай супольнасці, ад імя палітвязняў. Страйк — гэта наш з вамі экзамен на сілу грамадзянскай супольнасці. Наш з вамі вялікі крок з мінулага ў новую Беларусь.

Я ведаю, што заклікаю вас да няпростага рашэння. Але рашэнне, якое зменіць ход гісторыі, не можа быць простым. І я не змагу прыняць яго за вас. Але магу зрабіць усе, каб дапамагчы вам вырашыцца.

Я магу гарантаваць, што вы атрымаеце ўсю магчымую падтрымку ад фонду BySol, калі падвергнецеся эканамічным рэпрэсіям або страціце працу. А калі мы адновім законнасць у краіне, мы выканаем наступныя гарантыі:

— Усе штрафы за нявыплату камунальных плацяжоў будуць ануляваныя.

— Усе судзімасці і адміністрацыйныя штрафы, якія ставіў вам рэжым, будуць ануляваныя. Калі вам прыйшлося аплаціць гэтыя паборы і ёсць дакумент, што гэта пацвярджае — дзяржава кампенсуе іх.

— Усе, хто страціў працу падчас пратэстаў, будуць адноўленыя без перапынення стажу і выслугі.

— Усе, хто ўтрымліваўся на працы выплатамі па кантрактах, атрымае фінансавыя амністыі.

Забастоўка — гэта наша права на самакіраванне. Чым раней мы возьмем сітуацыю ў свае рукі, тым менш гвалту зможа ажыццявіць рэжым, тым хутчэй мы вернем у Беларусь бяспеку, закон і сумленныя выбары. А разам з імі— усіх, хто вымушана з’ехаў, вашых сяброў і родных.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: