Ціханоўская: Каб прыносіць карысць, не абавязкова быць прэзідэнтам

Святлана Ціханоўская не плануе ствараць сваю палітычную партыю, яе каманда працуе над падрыхтоўкай перамоў з беларускімі ўладамі для пераадолення палітычнага крызісу, заявіла палітык 9 красавіка, адказваючы на пытанні карыстальнікаў у жывым эфіры на сваім Youtube-канале.

Фота: Thomas Kronsteiner / Getty Images

«У дзяржструктурах няма адзінства, сістэма не маналітная»

Святлана Ціханоўская заявіла, што яе каманда кантактуе і наладжвае сувязі з беларускімі чыноўнікамі.

— Працэс ідзе не вельмі актыўна з-за пачуцця страху ў Беларусі. Але кантакты ёсць, і мы пастаянна атрымліваем інфармацыю з розных міністэрстваў. Мы бачым, што пра адзінства, якое прапагандуе рэжым, гаворкі не ідзе.

Палітык заявіла, што «міжнародныя сябры» працуюць над пошукам дамоваздольных прадстаўнікоў рэжыму, з якімі будуць весціся перамовы аб мірным пераадоленні палітычнага крызісу, якія яна анансавала ў сакавіку.

— Гэта не будуць перамовы паміж рэжымам і ЕС або рэжымам і Расіяй, гэта будуць перамовы рэжыму з беларускім народам праз пасярэднікаў. І нам патрэбныя моцныя пасярэднікі, бо рэжым не ідзе на перамовы з беларускім грамадствам.

На пытанне, хто будзе размаўляць з уладамі ад імя беларускага грамадства, Ціханоўская заявіла, што цяпер гэта абмяркоўваецца з Каардынацыйнай радай.

— Мы працуем над вызначэннем крытэраў, па якіх людзі будуць вылучацца ў якасці перагаворшчыкаў.

У той жа час Ціханоўская кажа пра ціск на ўлады для вызвалення палітвязняў — без гэтага, паводле яе слоў, перамовы будуць немагчымыя. У будучыні ўсіх людзей, якія былі асуджаныя па палітычных матывах, трэба будзе рэабілітаваць, яны павінны атрымаць ад дзяржавы кампенсацыю за тую шкоду, якую яны панеслі.

Паводле яе слоў, працягваецца наладжванне міжнародных сувязей — цяпер таксама абмяркоўваецца магчымасць сустрэчы з прэзідэнтамі ЗША Джо Байдэнам і Украіны Уладзімірам Зяленскім.

Ціханоўская не пойдзе на наступныя выбары

Як кажа палітык, яна не плануе ствараць палітычную партыю, аднак вітае ініцыятыву Паўла Латушкі і Віктара Бабарыкі аб стварэнні імі новых партый.

— Стварэнне палітычнай партыі — мабілізуючая сіла. У іх стварэнні няма нічога дрэннага. Наша задача — стварыць нармальную палітычную атмасферу, каб гэтыя партыі маглі існаваць як у дэмакратычных краінах.

Ціханоўская не плануе балатавацца на наступных выбарах.

— Такой думкі не ўзнікала, у першую чаргу таму, што я абяцала людзям, што яны мне даюць мандат на правядзенне новых сумленных выбараў. Але, атрымаўшы ўвесь гэты вопыт, я ўпэўненая, што змагу быць карысная беларусам, і я буду побач з беларусамі. Але, каб прыносіць карысць, не абавязкова быць прэзідэнтам.

Святлана Ціханоўская згодная з Паўлам Латушкам і ў будучыні бачыць Беларусь парламенцка-прэзідэнцкай рэспублікай.

tut.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: