Ціханоўская на пасяджэнні Рады бяспекі распавяла пра рэспрэсаваных журналістаў і блогераў

Сёння, 22 студзеня, Святлана Ціханоўская выступіла на анлайн-пасяджэнні членаў Рады бяспекі ААН. Яго тэмай стала свабода СМІ ў Беларусі, сустрэча ініцыяваная членамі Рады бяспекі з Эстоніі, Францыі, Ірландыі, Нарвегіі, Вялікабрытаніі і ЗША.

Святлана Ціханоўская казала аб крытычнай сітуацыі ў Беларусі і гісторыях рэпрэсаваных журналістаў, фальсіфікаваных крымінальных справах супраць медыя, галадоўцы Ігара Лосіка.

«З верасня сітуацыя ў Беларусі не палепшылася. Толькі пагоршылася.

Пратэст супраць сфальсіфікаваных выбараў у Беларусі меў выключна мірны характар. Аднак рэжым адказаў на яго гвалтам. Незалежныя СМІ дапамаглі праліць святло на тое, што адбываецца: незаконныя затрыманні, катаванні і забойствы мірных пратэстуючых. Гэта зрабіла СМІ мішэнню машыны рэпрэсій Лукашэнкі.

Па даных Беларускай асацыяцыі журналістаў, у 2020 годзе незалежных журналістаў затрымлівалі больш за 470 раз, 97 журналістаў падвяргаліся адміністрацыйных арыштаў, 50 сайтаў СМІ былі заблакаваныя, а 15 журналістам у цяперашні час прад'яўленыя надуманыя абвінавачванні.

Сярод рэпрэсаваных аказаліся трое бясстрашных журналістак — Дар'я Чульцова, Кацярына Андрэева ​​і Кацярына Барысевіч, якія ўжо два месяцы знаходзяцца ў турме. Ім інкрымінуюць арганізацыю масавых акцый пратэсту і раскрыццё медыцынскай інфармацыі пра Рамана Бандарэнку, пратэстоўца, забітага памагатымі рэжыму. Уся віна журналістак у тым, што яны робяць сваю працу, і кажуць праўду.

Сярод іх чатыры члена беларускага «Прэс-клуба», а таксама яго заснавальніца Юлія Слуцкая. Сярод іх паважаны журналіст Андрэй Аляксандраў і яго дзяўчына Ірына Злобіна. Іх віна ў тым, што яны ажыццяўлялі сваю работу па падтрымцы СМІ і ахвяр палітычных рэпрэсій.

Сярод іх Ігар Лосік, адміністратар аднаго з самых папулярных беларускіх каналаў у сацыяльных сетках. Ён абвясціў галадоўку больш за месяц таму. Ён вінаваты толькі ў тым, што кажа праўду.

Мой муж Сяргей Ціханоўскі, вядомы Youtube-блогер, абвінавачваецца ў арганізацыі масавых акцый пратэсту, але яго віна толькі ў тым, што ён кажа праўду і планаваў балатавацца ў прэзідэнты. Я і двое нашых дзяцей не бачылі Сяргея амаль 8 месяцаў.

СМІ знаходзяцца пад націскам рэжыму, і гэта толькі частка больш шырокай карціны рэпрэсій у Беларусі: больш за 32 тысяч чалавек прайшлі праз затрыманні, каля 900 падазраваных па палітычна матываваных крымінальных справах знаходзяцца за кратамі, 400 выпадкаў катаванняў, пра якія паведаміла ААН, 8 актывістаў загінулі ў сувязі з гвалтам сілавікоў. Ні адзін дзяржаўны чыноўнік не быў прыцягнуты да адказнасці. Нягледзячы на ​​такі гвалт, беларусы працягваюць пратэставаць кожны дзень. Яны дэманструюць мужнасць, годнасць і стойкасць.

Я заклікаю ААН адкрыта казаць аб неабходнасці спынення гвалту і беззаконня ў Беларусі, у тым ліку цэнзуры СМІ, блакаванні вэб-сайтаў, адключэнні інтэрнэту і адмене акрэдытацыі журналістаў.

Я заклікаю ААН склікаць пасяджэнне Рады бяспекі і ўключыць Беларусь у парадак дня, паколькі краіна набліжаецца да шасцімесячнага палітычнага крызісу. Свету неабходна звярнуць увагу на гэты крызіс, які можа перарасці ў нешта горшае.

Я заклікаю ААН падтрымаць рэкамендацыі дакладу Маскоўскага механізму АБСЕ. Гэта адкрые шлях да стварэння ўмоў для палітычнага дыялогу, які дапаможа правесці свабодныя і справядлівыя выбары.

Наш мірны пратэст — гэта не толькі барацьба за свабоду і годнасць у Беларусі, але і сур'ёзнае выпрабаванне для міжнародных дэмакратый.

Дзякуй. Жыве Беларусь!», — сказала Ціханоўская.

Гэта другое пасяджэнне Рады бяспекі ААН з удзелам Ціханоўскай. Першае было 4 верасня, і тады яна заклікала ўвесці санкцыі супраць тых, хто мае дачыненне да парушэння правоў чалавека ў Беларусі і прыняць меры для спынення гвалту.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: