Ціханоўскі пра Лукашэнку: ён асабіста камандуе па выхадных затрыманнямі на пратэстах

Блогер і палітвязень Сяргей Ціханоўскі даслаў ліст на волю, у якім прызнаўся, што недаацэньваў жанчын, і распавёў падрабязнасці сустрэчы з Лукашэнкам у СІЗА.

Фота TUT.BY

Фота TUT.BY

Сяргей Ціханоўскі, які знаходзіцца ў СІЗА ў Жодзіне восьмы месяц, даслаў ліст журналісту TUT.BY, у якім падвёў вынікі мінулага года, распавёў пра ўмовы свайго ўтрымання і пра ўражанні ад сустрэчы з Лукашэнкам у СІЗА КДБ.

Ліст блогер напісаў 24 снежня, прыйшоў ён толькі 6 студзеня. Сяргей Ціханоўскі павіншаваў усіх неабыякавых беларусаў з Новым годам і Калядамі і падзякаваў за падтрымку.

— Што тычыцца маіх ўмоў утрымання, то яны ў цэлым ніштаватыя. З мяне не здзекуюцца ў Жодзіна так, як на Валадарцы, і пакуль яшчэ не саджалі ў карцэр. Амаль 5 месяцаў я сяджу ў камеры адзін, гляджу БТ, АНТ, СТВ, але да 18.00, бо пазней забараняе рэжым. Астатняе — як у іншых зняволеных, — распавядае блогер.

2020 год, піша Ціханоўскі, быў вельмі цікавым і, павінен ён прызнаць, неверагодным. У 2020 годзе Ціханоўскі стаў ганарыцца тым, што ён беларус.

— Тысячы беларусаў з усяго свету, якія напісалі мне лісты ў турму, таксама сталі ганарыцца і перазнаёміліся паміж сабой. Яшчэ я зразумеў, што недаацэньваў нашых жанчын. Яны здольныя на многае і павінны ў будучыні займаць кіруючыя пасады ў краіне, не менш за 50%. Я не чакаў ад Святланы, маёй жонкі, такой смеласці, такой сілы і барацьбы. Яна — прыклад для многіх жанчын і для многіх мужчын у Беларусі і за мяжой, — піша Сяргей.

Скрыны TUT.BY


Ціханоўскі напісаў пра свае ўражанні ад сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам ў СІЗА КДБ у кастрычніку мінулага года.

— Вы нават не можаце сабе ўявіць, на што ён здольны. Ён асабіста камандуе па выхадных затрыманнямі на пратэстах (выбары — не выключэнне). Ён нават праслухоўвае мае размовы з адвакатам у СІЗА, парушаючы адвакацкую таямніцу. Ён тройчы [на сустрэчы] назваў мяне будучым прэзідэнтам і пры гэтым глядзеў на Віктара Бабарыка, каб уздзейнічаць на яго і ўнесці раскол. Ён прама сказаў, што палітыка — брудная справа, што, ідучы ў палітыку, вы павінны былі быць гатовыя, што вам могуць падкінуць грошы, зладзіць правакацыю, як у Гродне, або пасадзіць у турму. Ён прама сказаў, што ён вырашае, сядзець нам ці не. Што тыя, хто будзе «супрацоўнічаць», выйдуць. Сказаў, што двое выйдуць ужо заўтра (актывіст штаба Бабарыка Юрый Васкрасенскі і дырэктар PandaDoc Дзмітрый Рабцэвіч выйшлі на волю 11 кастрычніка, на наступны дзень пасля сустрэчы ў СІЗА КДБ. — прым). Ён сказаў, што хацеў выпусціць мяне пасля выбараў і выкінуць са Светай за мяжу, але, праслухаўшы маю гутарку з адвакатам у СІЗА, дзе я казаў пра тое, што нельга дараваць і абавязкова трэба прыцягнуць да адказу сям'ю дыктатара «дэпутатаў» і прыкарытнікаў, ён пасадзіў мяне ў карцэр.

— Ніякіх перамоваў ён ні з кім весці ніколі не будзе. Улада — гарантыя яго бяспекі. А закона ў краіне няма, ёсць толькі яго воля. І, як ён сказаў, ён будзе абараняць яе усімі даступнымі яму сродкамі. І, самае смешнае, што так было заўсёды. Але не было так масава, бо не было такіх масавых пратэстаў. Ён не спыніцца ні перад чым, нават не сумнявайцеся, — піша Сяргей Ціханоўскі.

Скрын АНТ

Блогер лічыць, што працяглыя мірныя пратэсты ў доўгатэрміновай перспектыве больш выйгрышныя для Беларусі.

— Гэта рэвалюцыя чалавечнасці, грамадзянскай свядомасці, справядлівасці. Так фарміруецца нацыя, грамадзянская супольнасць, намі захапляецца ўвесь свет. Хуткая перамога пазбавіла б Беларусь усяго гэтага. Вядома, седзячы ў турме, хочацца перамагчы хутчэй. Калі пратэсты затухнуць, ён зробіць з нашай краіны канцэнтрацыйны лагер. ГУЛАГ. Нават не сумнявайцеся ў гэтым. А жыццё зняволеных ператворыцца ў сапраўднае пекла. Ніхто, акрамя саміх беларусаў, не прынясе Беларусі свабоду! У нас ёсць усе шанцы стаць свабоднай краінай, прыкладам для многіх! — падсумаваў Сяргей Ціханоўскі.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: