Цяпер галоўны дзяржаўны інстытут — АМАП. Што адбываецца з беларускай дзяржавай

Улады ўзялі курс на раскол грамадства, у сутнасці аб’явілі грамадзянскую вайну большасці сваіх грамадзян, піша Валерый Карбалевіч у блогу на «Свабодзе».

Дзяржава самапазбаўляецца сваіх функцыяў, застаюцца толькі тыя, што забяспечваюць захаванне ўлады. Дзяржава свядома руйнуецца дзеля ўмацавання рэжыму.

У 1994 годзе Аляксандр Лукашэнка прыйшоў на пасаду прэзідэнта з ідэяй усталявання ў Беларусі моцнай улады. Як ён любіў тады казаць, «улада валялася ў гразі». Прычым паняцце «моцная ўлада» атаясамлівалася з паняццем «моцная дзяржава». Пад знакам такіх уяўленняў прайшло 26 гадоў. Дзяржаўныя медыя аб’явілі Лукашэнку «бацькам беларускай дзяржаўнасці». Пасля падзеяў 2014 года беларускія эксперты дружна сцвярджалі, што крымскі і данбаскі сцэнары ў Беларусі немагчымыя, бо тут існуюць моцныя дзяржаўныя інстытуты, чаго не было ва Украіне.

Аднак палітычны крызіс 2020 года разбурыў многія ілюзіі, агаліў сапраўдную існасць лукашэнкаўскай дзяржавы. Наступіў момант ісціны. І высветлілася, што дзяржава ў кароткі час дэградавала, адбылася яе рэдукцыя да палітычнага рэжыму.

Розніца ў тым, што дзяржава выконвае функцыі абслугоўвання грамадскіх патрэбаў, рэгулюе адносіны паміж грамадзянамі, ахоўвае суверэнітэт краіны ад вонкавых пагрозаў і інш. А палітычны рэжым — гэта сукупнасць сродкаў і метадаў, з дапамогай якіх ажыццяўляецца палітычная ўлада. Калі прасцей, то гэта механізм утрымання ўлады.

Цяпер у экспертным асяроддзі стала модным казаць пра дэфолт дзяржаўных функцыяў дзяржаўныя інстытуты перасталі выконваць свае абавязкі.

Варта адзначыць, што і дагэтуль былі сумненні наконт паўнавартаснага выканання лукашэнкаўскай дзяржавай сваіх функцыяў. Так, напрыклад, яна ня справілася з задачай фармавання беларускае нацыі. Замест гэтага адбывалася кансервацыя супольнасці «саўкоў», «рускіх з знакам якасці». Завяршальны працэс фармавання беларускай нацыі адбыўся падчас цяперашняй рэвалюцыі, акурат у змаганні з рэжымам Лукашэнкі.

І эканамічныя функцыі лукашэнкаўская дзяржава выконвала вельмі дрэнна. Дзяржаўны сектар эканомікі знаходзіцца ў вялікім застоі. Перманентнае змаганне з бізнесам падрывала аснову развіцця краіны. Але цяпер працэс самаразбурэння дзяржавы моцна паскорыўся. І адначасова ў многіх кірунках.

Дасюль пры адсутнасці паўнавартаснай грамадзянскай супольнасці і недасфармаванай нацыі дзяржаўныя інстытуты былі адзіным злучвом, якое аб’ядноўвала беларусаў у агульны соцыум. Цяпер дзяржава адмовілася выконваць гэтую функцыю. Улады ўзялі курс на раскол грамадства, у сутнасці аб’явілі грамадзянскую вайну большасці сваіх грамадзянаў. Цяпер ад дзяржавы зыходзіць небяспека для соцыуму.

Беларуская дзяржава адмаўляецца ад функцыі абаронцы суверэнітэту. Аляксандр Лукашэнка, якога дзяржаўныя медыя абвясцілі «бацькам беларускай дзяржаўнасці», які шмат разоў апошнім часам казаў, што беларусы больш не павінны хадзіць «пад бізуном» нейкіх вонкавых сілаў, цяпер, махнуўшы рукой на суверэнітэт, заклікае Пуціна ўвесці расейскія войскі ў Беларусь, каб абараніць яго ўладу.

На нашых вачах фактычна знішчаецца замежная палітыка Беларусі, краіна пазбаўляецца міжнароднай суб’ектнасці. Дыпламатыя звялася да візітаў расійскіх губернатараў.

Апошнімі месяцамі практычна канчаткова разбурана праўная сістэма, інстытуты правасуддзя, без чаго існаванне паўнавартаснай сучаснай дзяржавы немагчымае. Ніякія законы цяпер у Беларусі ня дзейнічаюць. Адвакаты сталі непатрэбнай прафесіяй, таму іх цяпер і ўціскаюць.

У краіне паслядоўна знішчаюць структуры бізнесу, культуры (Купалаўскі тэатр), спорту, падазраваныя ў нелаяльнасці да кіроўнага рэжыму.

Дзяржава самапазбаўляецца сваіх функцыяў, застаюцца толькі тыя, што забяспечваюць захаванне ўлады. Галоўным дзяржаўным інстытутам стаў АМАП. Рэклама гэтай структуры як выратавальніка краіны з’явілася на БТ. Дзяржава рэдукуецца да рэжыму. Працуе толькі тое, што садзейнічае ягонаму выжыванню. Больш за тое, можна сказаць, што дзяржава свядома руйнуецца дзеля ўмацавання рэжыму.

Праўда, засталася сацыяльная функцыя. Дзяржава пакуль выплачвае заробкі бюджэтнікам і пенсіі. Цяпер толькі гэта адрознівае Беларусь ад Венесуэлы, дзе даўно ўведзеныя карткі на ўсе тавары, уключаючы туалетную паперу.

Такім чынам, дзяржава можа вярнуць сабе свае функцыі толькі праз дэмантаж існага рэжыму.

 


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: