Чаго чакаць Беларусі ад «гібрыднай інтэграцыі»

Можна меркаваць, што Масква ў блізкай перспектыве паспрабуе рэалізаваць сцэнар «гібрыднай інтэграцыі», павялічыць расійскі ўплыў на Беларусь, выкарыстоўваючы новыя метады і магчымасці, разважае Валерый Карбалевіч на «Свабодзе».

Фота www.svaboda.org


Сцісла:

• У праекту інтэграцыі з Беларуссю цяпер будуць іншыя функцыі.

• Магчыма, новая стратэгія Масквы будзе такая: «эканамічныя прэферэнцыі ў абмен на беларускую маёмасць, актыўнае пранікненне ў Беларусь расійскага капіталу».

• У Беларусі можа з’явіцца «гібрыдная апазіцыя», то-бок прарасійскія партыі ці грамадскія арганізацыі з вялікімі грашыма.

• У межах дзейнага палітычнага рэжыму супрацьстаяць такой «гібрыднай інтэграцыі» маларэальна. Бо Лукашэнка ў сваёй палітыцы кіруецца не столькі задачай мацавання беларускай дзяржаўнасці, колькі мэтай захавання і мацавання асабістай улады.



Планаваныя змены ў расійскай Канстытуцыі сведчаць пра тое, што пытанне транзіту ўлады там будзе вырашацца без задзейнічання Беларусі. Але ці азначае гэта, што цяпер Масква адчэпіцца ад свайго саюзніка і закрые тэму інтэграцыі? Думаю, не. Проста ў гэтага праекту цяпер будуць іншыя функцыі.

Можна меркаваць, што Масква паспрабуе рэалізаваць сцэнар «гібрыднай інтэграцыі». То бок рознымі спосабамі павялічыць расійскі ўплыў на Беларусь, падвысіць залежнасць краіны ад РФ пры фармальным захаванні беларускага сувэрэнітэту. Пры гэтым выкарыстоўваючы новыя мэтады і магчымасці — з улікам сучасных геапалітычных, тэхналягічных і інфармацыйных мэханізмаў.

Найперш гэта будзе тычыцца эканомікі. Доўгі час беларуска-расійскія адносіны развіваліся паводле схемы «танныя газ і нафта ў абмен на пацалункі». З снежня 2018 году, з моманту вядомага «ўльтыматуму Мядзведзева», па студзень 2020 году Расія рэалізоўвала адносна Беларусі схему «эканамічныя прэфэрэнцыі ў абмен на незалежнасць».

А цяпер, можна выказаць здагадку, стратэгія Масквы будзе такая: «эканамічныя прэфэрэнцыі ў абмен на беларускую маёмасць, актыўнае пранікненне ў Беларусь расійскага капіталу». Маўляў, хочаце нізкія цэны на газ і нафту? Калі ласка, але ў абмен на продаж расійскім кампаніям двух НПЗ, газаразмеркавальнай сеткі ўнутры Беларусі.

Няма чым плаціць даўгі, просіце новыя крэдыты? Калі ласка, можам узяць не грашыма, а натурай, то-бок маёмасцю. Напрыклад, «Беларуськаліем». Ці беларускімі дзяржаўнымі банкамі.

Хочаце, каб пастаўкі беларускага харчавання на расійскі рынак адбываліся без перашкод, а то і на льготных умовах? Калі ласка, але прадайце малочныя заводы кампаніям з Расіі.

Дарэчы, пра банкі. У Беларусі функцыянуюць сем «дачок» расійскіх банкаў (БелВЭБ, ВТБ, «Белгазпрамбанк», БПС-Сбербанк і інш.) Яны могуць прапанаваць беларускім дзяржпрадпрыемствам ільготныя ўмовы крэдытавання і тым самым пасадзіць іх на кручок. Яны будуць мець поўную інфармацыю пра іх эканамічны стан з усімі наступствамі.

Тое самае і ў вайсковай сферы. Хочаце атрымаць новае расійскае ўзбраенне? Толькі ў абмен на расійскую вайсковую базу пад Бабруйскам.

Тут справа можа і да палітыкі дайсці. У пуцінскай Расіі вялікі досвед стварэння шмат у якіх краінах прарасійскіх арганізацый. Асабліва гэта заўважна выявілася ў дзяржавах Еўрасаюза. Прычым на гэтую справу Масква не шкадуе грошай. Уявіце сабе з’яўленне тут «гібрыднай апазіцыі», то бок прарасійскай партыі ці грамадскай арганізацыі з вялікімі грашыма. І будзе складана патлумачыць расійскай грамадзкасці, чаму Лукашэнка адмаўляецца зарэгістраваць партыю, якая выступае за дружбу, саюз і інтэграцыю з Расіяй.

Асобны кірунак — інфармацыйная сфера. Тут у Расіі вялікія магчымасці. І федэральныя тэлеканалы, і беларускія рэгіянальныя інтэрнэт-медыі, якія мадэруюцца з РФ, і расійская «фабрыка троляў», і шмат іншага.

А яшчэ Расія можа рэалізаваць данбаскі сцэнар у плане прапановы льготных умоваў атрымання беларусамі расійскага грамадзянства.

Праблема ў тым, што ў межах існай беларускай сацыяльнай мадэлі, дзейнага палітычнага рэжыму супрацьстаяць такой «гібрыднай інтэграцыі» маларэальна. Бо Лукашэнка ў сваёй палітыцы кіруецца не столькі задачай умацавання беларускай дзяржаўнасці, колькі мэтай захавання ўласнай улады. І гэтыя дзве задачы шмат у чым не супадаюць.

Сама беларуская мадэль у значнай ступені грунтуецца на расійскіх эканамічных прэферэнцыях. І каб ад іх адмовіцца, трэба мяняць эканамічную сістэму. А гэтая сістэма аптымальная для ўтрымання Лукашэнкам аднаасобнай улады.

Дзеля мацавання незалежнасці варта было б мацаваць беларускую нацыянальную ідэнтычнасць, дыстанцыявацца ад каланіяльнай спадчыны, як тое прапануе апазіцыя. Але праблема ў тым, што Лукашэнка бачыць у апазіцыі большую пагрозу сваёй уладзе, чым у Расіі. У змаганні з апазіцыяй Масква, хутчэй, ягоная саюзніца.

У любым выпадку, Беларусь апынаецца ў новай для сябе рэальнасці перад новымі выклікамі.

www.svaboda.org

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: