Чаго не хапае выбарам?

Аляксей Гайдукевіч на budzma.by — пра канкурэнцыю ідэяў, якой бракуе сёлетняй электаральнай кампаніі.
Сёлетняя палітычная кампанія яскрава прадэманстравала светапоглядны крызіс не толькі сярод удзельнікаў прэзідэнцкай гонкі, але і ўвогуле ў нашым грамадстве.

Апошнія дзесяцігоддзі ўся палітыка канцэнтравалася вакол фігуры Лукашэнкі. Асобы і групы з палітычнымі амбіцыямі альбо дэкларавалі падтрымку першаму прэзідэнту, або супрацьстаўлялі сябе і свае памкненні яму і ягонай палітыцы.

Сапраўднай фундаментальнай палітычнай дыскусіі ў СМІ і інтэрнэце на глебе палітычных і ідэйных платформаў не ўспомняць, бадай, і самыя абазнаныя знаўцы.

Складваецца ўстойлівае ўражанне, што апошнім часам беларускай палітыцы і асобна сёлетняй кампаніі не хапае дэкларацый светапоглядных пастулатаў. Бо пералік былых дасягненняў, хібаў апанентаў і абяцанак ужо не задавальняе значныя слаі грамадства.

Мы сталі сведкамі таго, як «спрашчэнне» палітычнай дыскусіі, няхай і завочнай, прывяло да дэградацыі палітычнага поля. Назіраецца адно канкурэнцыя «каўбасных праграм» кандыдатаў, рыторыкі ў стылі «сам дурань».

Згадайма ідэі рэферэндуму па Канстытуцыі і «камітэт яднання», пра якія казалі кандыдаты сёлета. Здаецца, ініцыятары хутка зразумелі незапатрабаванасць гэтых ідэй як вельмі складаных для большасці выбаршчыкаў. І ў выніку дэкларацыі засяродзіліся на «простых рэчах».

Канкурэнцыя ідэй дэградавала

Усё вышэйзгаданае можа сведчыць пра бессістэмны сітуацыйны падыход да палітыкі што ў дзейнай улады, што ў яе апанентаў.

Магчыма, гэтая сітуацыя — вынік фактычнага вынішчэння партыйнай сістэмы ў краіне.

Што мы назіраем?

Сённяшняя ўлада кожныя выбары апелюе да захавання суверэнітэту і дабрабыту, безапеляцыйна звязваючы гэта з асобай аднаго палітыка. Такім чынам нівелюецца адказнасць за будучыню Беларусі цалкам усяго грамадства. Якое, атрымліваецца, выступае адно ў ролі статыста і механізма па атрыманні патрэбнага выніку на выбарах.

Дарэчы, апаненты ўлады таксама ўжывалі і ўжываюць мабілізацыйную, на іх думку, рыторыку, абвінавачваючы ўлады ў «здачы суверэнітэту», што таксама ў пэўнай меры не спрыяе ўзмацненню беларусацэнтрычнага калектыўнага светапогляду ў грамадстве.

Бакі ўмоўнага палітычнага супрацьстаяння дэманізуюць апанента, не прапануючы ўцямных альтэрнатываў у палітыцы і эканоміцы.

Напэўна, у часы постмадэрнізму, калі супрацьлеглыя палітычныя тэорыі часам выкарыстоўваюцца палітыкамі пры фарміраванні сацыяльных запытаў у грамадстве, не заўжды актуальна цалкам абапірацца на пастулаты мінулых стагоддзяў. Але відавочна, што ў Беларусі адчуваецца недахоп сучаснай палітычнай думкі і як вынік — сіл і рухаў што апелююць да ўсё яшчэ актуальных полюсаў у палітыцы.

Напрыклад. Калі вы апошні раз чулі нешта пра камуністаў у Беларусі як пра змагароў за правы працоўнага класа? Ці ў нас яны не парушаюцца, не існуе такога запыту? Здаецца, і праблемы актуальныя, і мелі б водгук, расла б колькасць прыхільнікаў. Але і ў гэтым кірунку — палітычны штыль.

Напэўна, і на левым крыле палітычнага поля адбылася канчатковая дэградацыя. А некалі магутная палітычная партыя ператварылася ў нешта падобнае на «калярэлігійны гурток».

Апошнія выбары, на якіх прысутнічала сапраўдная канкурэнцыя ідэй, былі ў далёкім 1994-м. Тады кандыдаты намагаліся апеляваць да памкненняў розных электаральных груп, фарміраваць запыты выбарцаў.

Кандыдатам няма што сказаць грамадству

Калі казаць пра кандыдатаў на пасаду прэзідэнта, часам складаецца ўражанне, што ім банальна няма чаго сказаць. Таму мы чуем пра «каўбасныя дасягненні мінулых пяцігодак», абяцанні падвысіць заробкі ў два разы. Ці пра «кожнаму зямельны ўчастак» і «магчымасці для рабочых стаць праграмістамі».

Напэўна, такая рыторыка ўздзейнічае на палітычна неактыўную частку грамадства, якая нават можа быць значным сегментам электарату. Але цалкам магчыма, што ў той жа час яна дэматывуе патэнцыйных актывістаў, якія ўспрымаюць палітыку не як «каўбасныя абяцанні».

Згаданыя днямі 25% і ёсць падмуркам незалежнасці Беларусі. Але і гэты невялікі адсотак у атмасферы дэградацыі палітычнай думкі і дыскусіі ў краіне можа з часам змяншацца. А пры адсутнасці такіх грамадзян будучыня краіны як праекта на сусветнай мапе выглядае вельмі цьмяна.

Адсутнасць уцямнай дыскусіі на базавым падмурку і зразумелых беларусацэнтрычных палітычных тэорый змяншаюць у грамадстве разуменне нацыянальнай салідарнасці і агульнай будучыні. Магчыма, сёння нашае грамадства ўжо прайшло пэўны этап гэтых працэсаў.

Аляксей Гайдукевіч, budzma.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: