Чалавек, які прымусіў плакаць Лукашэнку

Яго страшэнна баяліся камуністычная наменклатура і кебічаўскае чынавенства. Калегі-аднадумцы па парламенце патрабавалі для яго і яго сям’і аховы. А сам ён 20 снежня 1994 года, падчас свайго знакамітага «антыкарупцыйнага даклада», прымусіў плакаць Аляксандра Лукашэнку.

Сяргей Антончык падчас жнівеньскіх падзей 1991 года


Чалавек «ад народа»

Дэпутат Вярхоўнага Савета Беларусі 12-га склікання Сяргей Антонавіч Антончык належаў да той кагорты народных абраннікаў, якія былі апантаныя ідэяй сацыяльнай справядлівасці, роўнасці ўсіх перад законам. Жорсткая рэальнасць перакуліла іх рамантычныя памкненні.

Ужо само абранне Сяргея Антонавіча ў Вярхоўны Савет 12 склікання было свайго кшталту сенсацыяй. ЗЗ-гадовы працоўны хлопец з сярэдняй адукацыяй і з немудрагелістай пасадай (апаратчык хімводаачысткі Мінскага вытворчага аб’яднання імя Леніна) перамог па 17-й сталічнай Ясенінскай выбарчай акрузе чатырох канкурэнтаў з вышэйшай адукацыяй. Ды яшчэ якіх! Дастаткова прыгадаць доктара хімічных навук Фёдара Капуцкага, будучага рэктара БДУ, які на той час займаў пасаду прарэктара вучэбнай працы.

У другім туры 17 сакавіка 1990 года за дэпутацкі мандат Антончык змагаўся з Пятром Лабко — доктарам медыцынскіх навук, прафесарам, загадчыкам кафедры анатоміі чалавека Мінскага медінстытута. Мабыць, выбаршчыкі адчулі ў простым працоўным больш шчырасці і праўдзівасці, чым у вучоных мужах.

Сяргей Антончык падчас жнівеньскіх падзей 1991 года


«Роўнасць — не калі ўсё пароўну» 

Стаўшы дэпутатам Вярхоўнага Савета, Сяргей Анточык з характэрнай для яго энергіяй адразу зрабіў спробу ўзяць быка за рогі ўжо ў першы дзень работы парламента — 15 мая 1990 года, — калі вылучыў сваю кандыдатуру на пасаду старшыні мандатнай камісіі (яе задача заключалася ў праверцы вынікаў выбараў). Аднак кансерватыўная большасць Вярхоўнага Савета адрынула кандыдатуру Антончыка. Абралі магілёўскага вылучэнца Васіля Лявонава, таго самага, які адкрыў шлях Лукашэнку. Тады Антончык прапанаваў сваю кандыдатуру на пасаду намесніка старшыні мандатнай камісіі. І зноў няўдача.

29 чэрвеня 1990 года Сяргей Антончык вылучыў сваю кандыдатуру на пасаду старшыні часовай камісіі парламента па прывілеях: такая камісія была створана ў той жа дзень. Ва ўступным слове Антончык адзначыў, што барацьба з прывілеямі — гэта барацьба з эканамічным бокам бюракратызму. Дэпутат Фёдар Торманаў назваў Антончыка «человеком от рабочих, страстным борцом». Але большасцю галасоў на гэту пасаду быў абраны журналіст і аглядальнік парламенцкай «Народнай газеты» Іван Герасюк.

Сяргей Антонавіч быў, бадай, адным з самых актыўных чальцоў камісіі, бо астатнія  — Анатоль Лябедзька, Віктар Кучынскі, Іван Ціцянкоў і Віктар Шэйман — асаблівай актыўнасці на ніве барацьбы з прывілеямі не выяўлялі.

У Вярхоўным Савеце Сяргей Антонавіч смела крытыкаваў «сильных мира сего», нягледзячы на пасады. Так, 27 лютага 1991 года Антончык у сваім выступе абрынуўся на першага сакратара ЦК КПБ Анатоля Малафеева за кватэрныя махінацыі партыйнага боса. Тады ж Антончык, назваўшы скасаванне прывілеяў «актом политическим», кінуў фразу, на якую на той час не асмеліўся б высокапастаўлены чыноўнік альбо праўладны і пракамуністычны дэпутат Вярхоўнага Савета:

«Нельзя быть убежденными вегетарианцами и одновременно страстными любителями копченой грудинки, нельзя призывать социальную справедливость, с одной стороны, и грабить свой народ путем различных ухищрений, с другой. Пора понять, что равенство — это не когда всё поровну, а когда равные исходные права и возможности для разных людей».

У гэтых словах — прынцыповая розніца паміж Сяргеем Антончыкам і іншым барацьбітом з карупцыяй — Аляксандрам Лукашэнкам. Апошні разумеў карупцыю не як вынік савецкай мадэлі, а як выключна адсутнасць дысцыпліны, недастатковасць рэпрэсіўных захадаў, слабасць улады і гэтак далей.

Сяргей Антончык і генеральны пракурор Беларусі Мікалай Ігнатовіч, 1991 год. 

Рускамоўны бэнээфавец 

Калі ўспыхнуў гарачы красавік 1991 года і адбыліся масавыя выступлення працоўных, незадаволеных рэзкім павялічэннем рознічных цэнаў, Сяргей Антончык — у авангардзе падзей. 10 красавіка 1991 года Прэзідыум Вярхоўнага Савета быў вымушаны выдаць пастанову, паводле якой прадстаўнікі мітынгуючых у Мінску (у першую чаргу сам Антончык) атрымоўвалі 15 хвілін эфірнага часу ў праграме «Панарама».

У час жнівеньскіх падзеяў таго ж года — путчу ГКЧП і вызначэння, куды рухацца краіне, — пытання пра незалежнасць Беларусі для Сяргея Антончыка не існавала. З пачатку свайго дэпутацтва Сяргей Антонавіч належаў да парламенцкай апазіцыі БНФ — той палітычнай сілы, якая ў парламенце паслядоўна змагалася за дзяржаўнасць і незалежнасць Беларусі.

Сяргей Антонавіч галасаваў за наданне Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі статусу Канстытуцыйнага закона, рашуча заклікаў да забароны дзейнасці КПСС-КПБ на тэрыторыі рэспублікі. Дарэчы, усе свае выступы і прамовы Сяргей Антончык рабіў па-руску, што разбівае міф аб моўнай дыскрымінацыі ў БНФ.

Пасля атрымання Беларуссю рэальнай незалежнасці, Сяргей Антончык паслядоўна крытыкаваў кансерватыўную парламенцкую большасць за яе нежаданне праводзіць рэформы на карысць краіны, за імкненне блакіраваць любыя ініцыятывы, за жаданне далучыць Беларусь да Дагавора аб калектыўнай бяспецы, што магло ўцягнуць яе ў крывавыя авантуры.

Сяргей Антонавіч — гарачы прыхільнік рэферэндуму (ініцыяванага БНФ) аб датэрміновым роспуску Вярхоўнага Савета 12 склікання і правядзенні новых выбараў на падставе законапраекта ад БНФ. Так, 23 красавіка 1992 года Антончык заклікаў «смести этот Верховный Совет» — нягледзячы на тое, што сам быў дэпутатам.

Сяргей Антончык выступаў за адстаўку ўрада і яго непасрэднага кіраўніка Вячаслава Францавіча Кебіча, лічыў эканамічную палітыку неэфектыўнай, а знешнюю — здрадніцкай.

Менавіта дзякуючы Антончыку ў тагачасную беларускую рэальнасць увайшоў тэрмін, які раней савецкія гледачы маглі чуць у італьянскіх серыялах кшталту «Спрут», — мафія. У маі 1993 года, выступаючы ў Вярхоўным Савеце наконт падзей у саўгасе «Заславский» Мінскай вобласці, Антончык заявіў, што мафія кінула выклік усім сумленным людзям.


Чытайце таксама: 20 гадоў таму плакаў Лукашэнка


Антыкарупцыянер супраць «антыкарупцыянера» 

4 чэрвеня 1993 года Сяргей Антончык стаў чальцом часовай камісіі Вярхоўнага Савета па вывучэнні дзейнасці камерцыйных структур, якія дзейнічаюць пры рэспубліканскіх і мясцовых органах улады і кіравання. Старшынёй камісіі, як вядома, быў абраны дэпутат Аляксандр Лукашэнка. З усіх галасаваўшых Антончык быў адзіным, хто выказаўся супраць кандыдатуры Лукашэнкі.

Мажліва, ужо тады Сяргей Антончык заўважыў, што камісія патрэбна Лукашэнку для ўласнага палітычнага капіталу. Сяргей Антонавіч неаднаразова гаварыў, што Лукашэнка фактычна паралізаваў дзейнасць камісіі на сваю карысць.

Калі 14 снежня 1993 года Лукашэнка агучыў выніковы даклад, Антончыку ўдалося выступіць з альтэрнатыўнай прамовай. Антончык заявіў, што даклад Лукашэнкі — шоу для публікі, што сапраўдныя дзеячы мафіі там не закрануты.

Калі Лукашэнка прыйшоў да ўлады і пачаў фармаваць свой урад, Антончык справядліва пытаўся: чаму Лукашэнка прызначае намеснікам старшыні ўрада Міхаіла Мясніковіча? Зусім нядаўна кандыдат у прэзідэнты абяцаў саслаць урад Кебіча ў Гімалаі!

Сяргей Антончык падчас жнівеньскіх падзей 1991 года

Калі плакаў Лукашэнка 

Пік супрацьстаяння паміж Лукашэнкам і Антончыкам прыйшоўся на 20 снежня 1994 года. Менавіта тады Сяргей Антонавіч агучыў свой даклад аб карупцыі ў вышэйшых эшалонах новай улады. На думку Антончыка, у краіне сфарміраваліся некалькі мафіёзных кланаў, якія наносяць эканамічную шкоду краіне: прамысловы, аграрны, гандлёва-знешнеэканамічны і чарнобыльскі.

Паводле дакладчыка, прадстаўнікі гэтых кланаў у мэтах асабістага ўзбагачэння ажыццяўлялі незаконныя фінансавыя аперацыі і маёмасныя гешэфты, якія наносілі істотную матэрыяльную шкоду рэспубліцы: «Кебич начал разорять Беларусь, а эти добьют ее окончательно».

Дасталася амаль усім вылучэнцам Лукашэнкі: Шэйману, Ціцянкову, Кучынскаму і іншым. Газета «Свабода» апублікавала здымак, дзе Лукашэнка плача на на сесіі Вярхоўнага Савета пад час дакладу Антончыка.

Пасля даклада Антончыка дэпутат Яўген Новікаў заклікаў даць Сяргею Антонавічу і ягонай сям’і персанальную ахову.

Паводле загаду Лукашэнкі, даклад Антончыка не быў апублікаваны — вядучыя рэспубліканскія выданні выйшлі з белымі плямамі. У сваю чаргу, Сяргей Антонавіч пачаў ездзіць па краіне і агучваць свой даклад. Антончык публічна патрабаваў ад Лукашэнкі, каб ягоны даклад агучылі, аднак усё скончылася парламенцкімі слуханнямі ў лютым 1995 года: улады нівелявалі даклад Антончыка.

Адна з ганебных старонак рэжыму — арышт і ўтрыманне (на працягу трох дзён) Сяргея Антончыка падчас страйку працоўных метрапалітэна ў жніўні 1995 года. Апазіцыя БНФ вымушана была звярнуцца да Біла Клінтана і Барыса Ельцына з патрабаваннем вызваліць Антончыка.

Пасля рэферэндуму 24 лістапада 1996 года і скасавання Вярхоўнага Савета сістэмная апазіцыя была ліквідаваная. У Лукашэнкаўскай Беларусі лёс такіх, як Антончык, быў вядомы. У наступныя гады Сяргей Антонавіч даваў інтэрв’ю і казаў, што працуе грузчыкам. У гэтым — прысуд усёй сістэме: дзікунства, калі дэпутат, які галасаваў за незалежнасць краіны, вымушаны зарабляць сродкі да існавання цяжкай працай. А «белыя плямы» даклада Антончыка заўсёды будуць ганьбай існуючага рэжыму.

 


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • Абориген
  • 2017-12-25 20:43:19
"Пора понять, что равенство — это не когда всё поровну, а когда равные исходные права и возможности для разных людей».
РАВНЫЕ исходные возможности для РАЗНЫХ людей В ПРИНЦИПЕ ОТСУТСТВУЮТ. Подгол как философ должен бы это понимать и объяснить соратникам.
Осознав это наконец, многие, возможно, тоже заплачут.
Про события в совхозе "Заславский" поподробней бы...
  • Аляксандр Кур'яновіч
  • 2017-12-29 13:00:07
Пожалуйста. 19 мая 1993 года Анточык выступіў у Вярхоўным Савеце па пытанні таго, што адбываецца у "Заслаўскім". Некалькі дзён таму быў спалены дома галоўнага агранома саўгаса. Сам аграном выступаў супраць незаконнага продажу зямлі камерцыйным структурам і г.д. Вось частка выступу Антончыка на рускай мове: "Я имел возможность убедиться в том беспределе, который творится на землях совхоза «Заславский». Местная власть вместе с директором совхоза что хочет, то и делает с землей. Надо выделить коммерческой фирме 3-5 гектаров под строительство коттеджей на продажу — нет вопросов. И неважно, что это пахотные земли, что они были с осени засеяны, что совхоз не давал согласия на отчуждение земли. Некоторые могущественные фирмы вообще не нуждаются в каких-либо решениях Советов. Они самовольно захватывают землю, строят свои постройки. Обращение специалистов совхоза к председателю Минского райисполкома с просьбой приостановить нарушения ни к чему не привело"
  • Аляксандр Кур'яновіч
  • 2017-12-29 13:01:43
Крымінальнае становішча ў названым саўгасе стала аб’ектам увагі сродкаў масавай інфармацыі (Стасевич П. Беспредел, или Почему гости залезают с ногами на хозяйский стол // Народная газета. — 1993. — 15 мая. — С. 2.). 24 мая 1993 г. міністр унутраных спраў Уладзімір Ягораў накіраваў у ВС папярэднія вынікі расследвання. Выявілася, што дырэктар саўгаса сапраўды па заніжаных цэнах прадаваў камерцыйным структурам будынкі і інш. Міністр таксама заявіў, што па факце падпалу дома ўзбуджана крымінальная справа.
31 мая 1993 г. старшыня выканаўчага камітэта Мінскага абласнога савета народных дэпутатаў Альфонс Цішкевіч паведаміў, што дырэктар саўгаса адхілены са сваёй пасады.