Чаму Беларусь — не Казахстан

Паводзіны аўтарытарных кіраўнікоў у краінах на постсавецкай прасторы часта могуць быць непрадказальнымі нават для іх «калегаў па цэху». «Перадача ўлады» у Казахстане стала не вельмі прыемным сюрпрызам для візаві цэнтральнаазіяцкага палітычнага мастадонта ў некаторых дзяржавах былой савецкай імперыі.

Маюнак Виктара Багарада

Апошнія некалькі дзён адной з галоўных падзеяў, якая шырока абмяркоўваецца ў інфармацыйнай прасторы, у тым ліку, і Беларусі, з’яўляецца «адстаўка» Нурсултана Назарбаева з пасады прэзідэнта Казахстана, перайменаванне сталіцы краіны Астаны ў Нурсултан і буйных вуліц гарадоў у імя першага кіраўніка.

У медыя-прасторы маюць месца і сур’ёзныя разважанні экспертаў, навошта «дарагі Абішавіч» гэта зрабіў, і востры сцёб у сацыяльных сетках, дзе кпяць не толькі з «елбасы», але і з іншых яго замежных калегаў, якія яшчэ пакуль займаюць вышэйшыя кіроўныя пасады ў сваіх вотчынах.

Афіцыйны беларускі лідар Аляксандр Лукашэнка ўжо выказаў шкадаванне з нагоды таго, што «ягоны сябра» пакінуў пасаду прэзідэнта Казахстана. А расійскі правадыр Уладзімір Пуцін засведчыў асцярожнае спадзяванне на «захаванне пераемнасці» «новам палітычным кіраўніцтвам» «братэрскае краіны».

 

Лукашэнка не будзе дзяліцца ўладай

Але вернемся да нашай краіны і Казахстана, дакладней, да іх кіроўных ладаў. Што ў іх агульнага і чым яны розняцца? Як адзначае палітолаг Валерый Карбалевіч, створаныя Аляксандрам Лукашэнка і Нурсултанам Назарбаевым сістэмы маюць адрозненні ў гістарычных традыцыях, паколькі ў Беларусі кіраўнік дзяржавы з’яўляецца толькі прэзідэнтам, а вось Назарбаеў у Казахстане мае тытул «елбасы» — бацька нацыі, нацыянальны лідар. Гэта дае яму дадатковае апірышча легітымнасці.

«Тэарэтычна, прэзідэнту можна абвясціць імпічмент, але як можна абвясціць імпічмент “бацьку нацыі” і “нацыянальнаму лідару”? Гэта абсалютна нелагічна. Таму ўлада ў Казахстане была больш сакральная, нашмат больш легітымаваная ў плане фармавання культу. У гэтым сэнсе такога культу Лукашэнкі мы не бачым, помнікі яму пакуль што не будуюць, гарады і вуліцы ў ягоны гонар не пераназываюць. Толькі вісяць партрэты ў кабінетах і ў дзяржаўных установах», — адзначае суразмоўца. 

У той жа час, кажа Валерый Карбалевіч, ёсць і пэўныя падабенствы ў аўтарытарных рэжымах, дзе няма механізмаў змяняльнасці ўладаў, прычым гэтыя ўлады персаналіцкія, калі кіраўнік дзяржавы — аднаасобны лідар.

«У Казахстане пытанне ў тым, каб улада спакваля пераходзіла да нейкіх іншых палітычных фігураў, бо Назарбаеў нібыта сышоў, але ён і не сышоў. Пасада кіраўніка Рады бяспекі, якую ён зараз стаў займаць, па сваіх паўнамоцтвах не менш значная за пасаду прэзідэнта, а можа нават і больш. Назарбаеў не столькі сышоў, колькі стаў часткова дзяліць сваю дагэтуль абсалютную ўладу з іншымі інстытутамі і людзьмі», — адзначае аналітык.

Калі ж пераносіць гэтую сітуацыю на Беларусь, то, мяркуе ён, пытанне палягае ў тым, ці гатовы Лукашэнка ў прынцыпе з кімсьці дзяліць сваю ўладу. «Калі падчас “Вялікай размовы” 1 сакавіка ён казаў, што трэба мяняць Канстытуцыю, каб больш паўнамоцтваў было ў парламента і ўрада, эксперты адразу прыйшлі да высновы, што Лукашэнка рыхтуе гэта не для сябе, але для пераемніка. Каб сам Лукашэнка дзяліў з кім-небудзь уладу, для мяне гэта выглядае нерэальна», — падкрэсліў Валерый Карбалевіч.

 

Узаемнае навучанне аўтарытарных рэжымаў

У сваю чаргу, кіраўнік Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў адзначае, што ёсць «канцэпцыя ўзаемнага навучання аўтарытарных рэжымаў, яны сочаць адзін за адным, улічваюць як паспяховыя, так і непаспяховыя моманты перадачы ўлады». «Сам па сабе трансферт улады ў аўтарытарных рэжымах — дастаткова складаны момант, — лічыць палітолаг. — Сёння ў Беларусі пільна сочаць за тым, што адбываецца ў Казахстане. Якая мадэль можа быць выкарыстана ў Беларусі ў будучыні, залежаць ад таго, што будзе адбывацца надалей у Казахстане. Там зроблены толькі першы крок, а вось што будзе далей, не зусім зразумела».

Пакуль жа, дадае ён, у Беларусі не назіраецца аніякіх прыкметаў таго, што перадача ўлады можа адбыцца ў блізкай перспектыве. «Адзіным падабенствам у дзвюх краінах ёсць тое, што Назарбаеў на пачатку 2017 года казаў пра развіццё парламенцкіх дэмакратычных механізмаў, і ў нас зараз кіраўнік дзяржавы загаварыў пра большую дэмакратызацыю Канстытуцыі, пашырэнне паўнамоцтваў нейкіх органаў. Але на гэтым падабенствы і завяршаюцца. Сітуацыя ў Беларусі і Казахстане розніцца і праз узрост дыктатараў, і праз кантроль над знешнепалітычнай сітуацыяй, і праз складаную сітуацыю ў звязку з абвастрэннем інтэграцыйных працэсаў і ціскам з боку Расіі», — канстатуе эксперт.

Палітолаг упэўнены, што сёння Беларусі трэба задумвацца не над тым, каб перадача ўлады тут прайшла на капыл Казахстану, але над тым, каб перайсці да нармальнага ладу кіравання, а не працягваць аўтарытарную агонію. Людзі пры ўладзе мусяць задумвацца, што будзе ў нашай краіне ў будучыні. «Калі ў Беларусі будзе нармальны пераход да дэмакратычнай сістэмы кіравання, то, найхутчэй, гэта можа адбыцца толькі праз альянс часткі кіроўных элітаў з нейкімі сіламі грамадзянскай супольнасці ці больш шрокай супольнасці нашай краіны. Таму я спадзяюся, што ў нас пры ўладзе ёсць нармальныя людзі», — падсумоўвае Андрэй Ягораў.

 

 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!