Чаму беларускія чыноўнікі раптам захацелі стаць спадчыннікамі ВКЛ?

Як абудзіць нацыянальную самасвядомасць у прадстаўнікоў улады.

Беларусь павінна пазіцыянаваць сябе на глабальнай карце свету як самадастатковая дзяржава, а не як частка нейкай інтэграванай сістэмы, напрыклад Саюзнай дзяржавы або ЕАЭС.

Такую заяву зрабіў намеснік дырэктара Цэнтра сістэмнага аналізу і стратэгічных даследаванняў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Георгій Грыц на семінары для ідэалагічнага актыву Гомельскай вобласці.

Ён выказаў шкадаванне, што гісторыя беларускай дзяржавы была «прыватызаваная» суседзямі з поўначы — літоўцамі.

— Яны сябе лічаць спадкаемцамі Вялікага Княства Літоўскага, у нейкай ступені Рэчы Паспалітай, у нейкім сэнсе яшчэ больш старажытнай гісторыі. Аднак трэба дакладна разумець: гэты этнас, гэтая тэрыторыя сёння не што іншае, як Рэспубліка Беларусь. Са сваім месцазнаходжаннем і гістарычнымі традыцыямі, — адзначыў Георгій Грыц.

Ці азначае гэта, што ўлады ўзялі курс на беларусізацыю?

Казакевіч: Чыноўнікі ўжо не ўспрымаюць беларускую ідэнтычнасць варожа

Дырэктар Інстытута палітычных даследаванняў «Палітычная сфера» Андрэй Казакевіч нагадвае, што рух у кірунку нацыянальнай ідэнтычнасці беларускія ўлады выраблялі і раней.

— Такія тэндэнцыі з'явіліся з 2008 года. Яны сталі вельмі прыкметныя пасля 2014 года, калі пачаўся канфлікт паміж Расіяй і Украінай. Па зразумелых прычынах гэтае пытанне — наяўнасць ідэнтычнасці — стаў важным з пункту гледжання нацыянальнай бяспекі, — адзначае палітолаг.

Паводле яго слоў, ідэалогія беларускай улады ссоўваецца ў гэтым кірунку, і такое разуменне беларускай гісторыі, ідэнтычнасці ўжо не ўспрымаецца чыноўнікамі варожа.

— Ці здольныя перабудавацца ідэолагі, настаўнікі, якія прывыклі-іншаму падаваць гісторыю?

— З часам пераладзяцца. Калі глядзець на іншыя постсавецкія краіны, гэта цалкам магчыма. Успомніце, што выкладалася ў 1985 годзе ў СССР, і як гэта падавалася праз 10 гадоў у незалежных дзяржавах. Вядома, паспяховы рух у гэтым напрамку магчымы пры пэўных кадравых перастаноўках.

У цэлым не думаю, што будуць праблемы або супраціў. Значная частка выкладчыцкага складу і палітычнай эліты гатовыя да гэтага.

— Ці можна лічыць, што беларусізацыя як тэндэнцыя з'яўляецца ўстойлівай?

— У цэлым трэнд апошніх гадоў сведчыць, што дасягнуты пэўны прагрэс у гэтым кірунку. У найбліжэйшай будучыні можна будзе назіраць падобныя працэсы. Хоць, вядома, яны моцна залежаць ад палітычнай кан'юнктуры.

Я б назваў гэта не вяртаннем да вытокаў, а хутчэй спробай ўключыць масіў культуры, гісторыі ў сучасны культурны кантэкст.

Апошнія 10 гадоў усё складваецца такім чынам, што ўладам, ці элітам культурным, палітычным, гэтая стратэгія бліжэй па розных прычынах, — заключае Андрэй Казакевіч.

Голубеў: Калі ўлада зараз падтрымае нацыю, гэта будзе карысна і для дзяржавы, і для народа

Па словах гісторыка Валянціна Голубева, Нацыянальная акадэмія навук зараз сур'ёзна ставіцца да пытання распрацоўкі станоўчага іміджу Беларусі як у краіне, так і за мяжой:

Што прыемна, пачалі даволі сур'ёзна на навуковым, а не на палітычным узроўні аналізаваць вельмі важныя і складаныя пытанні беларускай гісторыі.

Валянцін Голубеў мяркуе, што ідэолагі, якія ўдзельнічалі ў семінары, раней атрымалі іншую інфармацыю.

Хутчэй за ўсё, раней ім гаварылі што Вялікае Княства Літоўскае (ВКЛ) — гэта не нашае. А сёння, як я разумею, ім ідзе адкрыты сігнал ад кіраўніцтва, што нельга дапускаць, каб літоўцы гаварылі, што ВКЛ толькі іх дзяржава.

Гэта больш нашая дзяржава, чым якога-небудзь іншага этнасу, які уваходзіў у склад ВКЛ, — падкрэслівае гісторык.

Суразмоўца шкадуе, што на сустрэчу з ідэолагамі не запрасілі спецыялістаў, якія даследуюць гісторыю ВКЛ.

Калі б нас запрасілі на такія мерапрыествы, і я, і многія мае калегі з задавальненнем удзельнічалі б. Думаю, мы шмат чаго маглі б расказаць ідэолагам і пра гісторыю Вялікага Княства Літоўскага, і пра ролю беларускага этнасу ў гэтым і іншых дзяржаўных утварэннях, у якіх была Беларусь ў свае часы, — кажа гісторык.

— Ці змогуць ідэолагі перабудавацца на хвалю беларусізацыі?

— Беларускае чынавенства вельмі прыслухоўваецца да таго, што ім гавораць зверху. Калі будуць зверху рэкамендацыі, яны будуць скарыстаныя напоўніцу, і, спадзяюся, прынясуць карысць для беларусаў.

Як дзяржава Беларусь адбылася, а станаўленне беларускай нацыі трошкі тармазілася. І калі ўлада зараз падтрымае нацыю, гэта будзе карысна і для дзяржавы, і для беларускага народа, — упэўнены Валянцін Голубеў.


Паводле zautra.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: