Чаму «гульня з дзяржавай у цяперашніх умовах небяспечная»

Генадзь Церпілоўскі ацаніў магчымы эфект ад указа аб падтрымцы эканомікі.
Эксперт па кіраванні і развіццю Генадзь Церпілоўскі скептычна ацэньвае магчымы эфект ад ўказу № 143 аб падтрымцы эканомікі.

— Па-першае, там і дзяліць няма чаго, — пракаментаваў эксперт у праграме на Прымусе словы Аляксандра Лукашэнкі аб тым, што з гэтага часу грошы для эканомікі будуць дзяліць кіраўнікі абласцей.

Паводле яго слоў, магчымасці па прадастаўленні льгот абмежаваныя. Акрамя таго, Генадзь Церпілоўскі перакананы, што льготы ў першую чаргу атрымаюць так званыя сістэмаўтваральныя прадпрыемствы.

Эксперт падрабязней спыніўся на апісанні магчымага механізму размеркавання дапамогі, прадугледжанай указам. На яго думку, у дадзеным выпадку не выключана задзейнічанне тэлефоннага права:

— Бо нішто не перашкаджае даваць ўказанні ад урада, верхніх эшалонаў улады тым жа выканкамам па-за рамкамі гэтага ўказа, адпраўляць дадатковыя лісты, паведамленні, рэкамендацыі, ўказанні прамыя — каму канкрэтна трэба дапамагчы. І выканкамы ж выканаюць гэтыя даручэнні.

Церпілоўскі лічыць, што выканкамы, больш за тое, не возьмуцца прымаць самастойныя рашэнні, а будуць слаць запыты наверх — каму ім трэба дапамагчы.

Прычыну такой разгубленасці эксперт па развіцці бачыць у тым, што да гэтага часу ў мясцовых уладаў не было права на прыняцце падобных рашэнняў. А ім, апроч усяго іншага, трэба яшчэ і бюджэт выконваць. І мэтавыя паказчыкі пяцігодкі ніхто не пераглядаў: «Так што нас чакаюць ўзгадненні, ўзгадненні і яшчэ раз ўзгадненні».

А што ж з дапамогай малому бізнесу? Для яго ва ўказе асабліва нічога няма, перакананы эксперт. Па словах Церпілоўскага, у дакуменце можна знайсці толькі рэкамендацыі, каб хтосьці прыняў рашэнне аб прадастаўленні льгот. А з улікам таго, як выбудаваная сістэма ўлады, рашэнне аб ільготах заўсёды прымаецца зверху.

Але нават калі ўлады і вырашацца да выдзялення льгот малому бізнесу, атрымальнікам такой дапамогі трэба быць напагатове, лічыць эксперт. Не выключана, што атрыманне льгот будзе абстаўлена шэрагам умоваў, невыкананне якіх потым пацягне за сабой сур'ёзныя праблемы:

— Я баюся, што па сканчэнні, напрыклад, года будуць правераныя гэтыя ўмовы. Па большай частцы яны будуць прызнаныя нявыкананымі і апынуцца скрыняй Пандоры, якая адкрые буру зваротных дзеянняў. Канфіскацыі, звароты, пені, плацяжы. Гульня з дзяржавай у цяперашніх умовах небяспечная тым, што прадастаўленыя льготы могуць быць адменены заднім чыслом.


Паводле gazetaby.com

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: