Чаму Лукашэнка ўспомніў Вагнера — тры версіі

Ці хоча Пуцін зрынуць Лукашэнку? Або, наадварот, дапамагае яму ўтрымаць уладу? Расійскі журналіст Канстанцін Эгерт прапануе на /www.dw.com свае версіі затрымання «баевікоў» пад Мінскам.

 Карыкатура Сяргея Елкіна, www.dw.com 

Месцамі гэта нагадвае анекдот пра Шцірліца, перапісаны Віктарам Пялевіным. Больш за трыццаць расіян, якіх беларускія СМІ называюць «баевікамі ПВК Вагнера», затрыманыя ў санаторыі пад Мінскам. Аляксандр Лукашэнка правёў тэрміновае пасяджэнне Савета бяспекі краіны і запатрабаваў тлумачэнняў ад афіцыйнай Масквы.

Дзяржаўны сакратар СБ Андрэй Раўкоў сказаў, што ахову мяжы з Расіяй узмоцняць. У паведамленнях дзяржаўных СМІ Беларусі гаворыцца: затрыманыя прыехалі ў Беларусь, каб «дэстабілізаваць» абстаноўку напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня. 

Аперэта ад Вагнера? 

Пялевін са Шцірліцам пачынаюцца тады, калі ўсплываюць асаблівасці паводзін затрыманых, якія выклікалі ў пільных беларускіх грамадзян жаданне патэлефанаваць у мясцовы КДБ. Спартовага выгляду расіяне, як сцвярджаецца, насілі вопратку ў стылі мілітары, не пілі алкаголь і не цікавіліся забавамі. Яны таксама мелі на трыццаць чалавек усяго тры валізкі, але такія цяжкія, што іх даводзілася пераносіць калектыўна. Каб стаць зусім незаўважнымі, патэнцыйныя «дэстабілізатары» насілі нашыўкі «Наш бізнес смерць і бізнес ідзе добра». Карацей, «Шцірліц ішоў па Унтэр-дэн-Ліндэн у форме НКУС...».

 

Канстанцін Эгерт

Адзін з чальцоў той жа самай групоўкі, па сцвярджэнні ўладаў, быў схоплены на поўдні краіны. Ён нібыта прыехаў туды наведаць сваякоў. Уявіце сабе: вы прыбылі ў нейкую краіну займацца чымсьці, што моцна нагадвае дзяржаўны пераварот, і пры гэтым кажаце калегам па «бізнесу»: «Хлопцы, я на дзянёк заскочу сваякоў наведаць. Маю яечню за сняданкам з'ешце самі».

Калі сур'ёзна, то скандальныя затрымання выклікаюць мноства пытанняў. Тое, што гэта здарэнне сапраўды звязанае з прэзідэнцкімі выбарамі ў Беларусі, здаецца, праўда. У Мінск сцягваюць ваенную тэхніку для ўнутраных войскаў. З кожнай хвілінай гісторыю з загадкавымі турыстамі будзе ўсё цяжэй замяць. Ды і не падобна, што ў Мінску збіраюцца яе замяць.

Ананімныя супрацоўнікі спецслужбаў Беларусі актыўна развіваюць тэму датычнасці затрыманых да сілавых структураў Расіі. Без каманды прэзідэнта такое ў прынцыпе немагчыма. Адначасова, калі верыць паведамленням расійскіх СМІ, Беларусь даўно служыць перавалачным пунктам для расійскіх наймітаў, якія накіроўваюцца ў Афрыку —Судан, Лівію і Цэнтральнаафрыканскую Рэспубліку. Калі гэта праўда, то і такія рэчы немагчымыя без прамой санкцыі Аляксандра Лукашэнкі. 

Чаго хоча Пуцін? 

Узнікаюць тры версіі. Першая — афіцыйная: па загадзе Пуціна расійскія найміты прыехалі падарваць сітуацыю ў Беларусі з мэтай зрынуць Лукашэнку. У гэта верыцца з цяжкасцю. Удзельнікі дзяржаўных пераваротаў не паводзяць сябе як аперэтачныя разбойнікі і не носяць вар'яцкіх нашывак на вопратцы.

Версія нумар два: Пуціна не задавальняе Лукашэнка, але магчымы прыход да ўлады ў Беларусі дэмакратычнай апазіцыі, які з кожным днём становіцца ўсё больш верагодным, задавальняе яго яшчэ менш. Таму Крэмль гатовы «пазычыць» Мінску тры дзясяткі «вагнераўцаў» (калі гэта яны), каб дазволіць беларускаму прэзідэнту разыграць спектакль пад назвай «Апазіцыя наняла баевікоў для звяржэння законнай улады. Айчына ў небяспецы! Выбары адмяняюцца на няпэўны тэрмін».

У тэорыі, гэта магчыма, але вельмі рызыкоўна і ненадзейна. Бо, па ідэі, тады трэба перадаваць справу ў суд. На судзе трыццаць чалавек павінны даваць аднолькавыя паказанні пра тое, як арыштаваныя Уладзімір Бабарыка ці Святлана Ціханоўская пераводзілі ім грошы і перасылалі планы прэзідэнцкага палаца. У такую пастаноўку ніхто не паверыць. Хоць як нагода сарваць выбары такая гісторыя, можа быць, і можа быць скарыстаная. 

Лукашэнка дасылае сігнал Крамлю 

Версія трэцяя, пакуль што самая праўдападобная: Аляксандр Лукашэнка перакананы — Крэмль сапраўды хоча яго скінуць, але не шляхам адпраўкі пад Мінск схільных да самарэкламы наймітаў, а нейкім іншым спосабам. Ён вырашае даслаць Маскве сігнал і аддае загад сваім сілавікам раптам затрымаць расіян, што нічога не падазраюць ды едуць стандартным маршрутам у Афрыку, які даўно узгодненым з Мінскам. Месідж Пуціну: «Не лезьце да мяне, Уладзімір Уладзіміравіч!» Пасланне Захаду: «Цісніце на Пуціна, каб абараніць незалежнасць Беларусі — і, заадно, маю ўладу!»

У такім выпадку, Лукашэнка пайшоў на прамы канфлікт з Крамлём. Гэта пацвярджаецца і тым, што афіцыйнае інфармагенцтва БелТА апублікавала спіс затрыманым расіян ды назвала іх «баевікамі».

Расійскі пісьменнік і кішэнны «імперыяліст» Крамля Захар Прылепін апазнаў сярод трыццаці з лішнім імёнаў тых, хто разам з ім ваяваў на тэрыторыі Усходняй Украіны за так званую «ДНР».

Прылепін, падобна, паспяшаўся і не спытаў інструкцый у Адміністрацыі прэзідэнта РФ. Бо гэтыя людзі абвешчаныя ў міжнародны вышук Украінай. Па логіцы, цяпер Лукашэнка павінен іх выдаць Кіеву. Гэта стала б вельмі публічнай і вельмі балючай аплявухай Крамлю і пачаткам паўнамаштабнай халоднай вайны з Пуціным. Не ўпэўнены, што Лукашэнка гэтага хоча.

Хутчэй за ўсё, яго задача — захаваць абстаноўку падчас выбараў напружанай, спасылаючыся на магчымасць «правакацый». Пра гэта кандыдатам у прэзідэнты паведаміў мясцовы ЦВК. Калі апазіцыя не прызнае вынікі галасавання і зладзіць мітынгі пратэсту (што імаверна), то пад падставай «небяспекі звонку» пратэсты будзе прасцей здушыць. Пасля сілавой «стабілізацыі» становішча ў Беларусі пра баевікоў можна будзе забыцца і ціха адпусціць іх на ўсе чатыры бакі.

Аднак, калі падзеі развіваюцца згодна з трэцяй версіяй, то яна ўсё роўна можа прынесці вялікія праблемы для Лукашэнкі. Бо Пуцін не даруе і меншых крыўдаў, чым такое публічнае прыніжэнне. І калі Лукашэнка на такую рызыку ідзе, значыць лічыць — гэта абсалютна неабходна, каб выжыць.

Паводле www.dw.com. Пераклад НЧ



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: