Чаму не атрымліваецца стварыць «партыю ўлады»

Прапрэзідэнцкая партыя — гэта інструмент мабілізацыі насельніцтва для рэалізацыі задач яе кіраўніцтва.

Галоўнымі характарыстыкамі сучаснага свету з’яўляюцца няпэўнасць, складанасць і разнастайнасць. Каб праілюстраваць гэту глабальную выснову, звернемся да абстрактнага прыкладу. І тут мне спатрэбіцца машына часу, з дапамогай якой я прапаную чытачам перамясціцца на 500 гадоў у мінулае.

Уявім на хвіліну сярэднестатыстычную маладую сям’ю (французскую, напрыклад, ці кітайскую, прынцыповага значэння не мае), у якой нарадзіўся першынец. З верагоднасцю больш за 90% гэта будзе сялянская сям’я. Здзіўляцца гэтаму не варта: у сярэднявеччы асноўным заняткам насельніцтва была сельская гаспадарка. Для асабліва дапытлівых адзначу, што, нават згодна з перапісам 1897 года, гарадское насельніцтва ў Расійскай імперыі складала 13,4% (у Беларусі — 14,5%).

А зараз — увага! — пытанне. Дакладней, два пытанні. Ці турбавала маладых бацькоў прафесійная будучыня першынца, і якую прафесію, на вашу думку, ён бы абраў?

Нягледзячы на тое, што ні аўтар «Азбукі паліталогіі», ні большасць яго чытачоў не з’яўляюцца спецыялістамі па гісторыі сярэднявечча, думаю, што пошук адказаў на гэтыя пытанні не выклікае ніякіх складанасцяў, бо праблемы выбару, тым больш выбару прафесійнага, для чалавека сярэднявечча не існавала.

Калі ён нарадзіўся ў сям’і селяніна, дык станавіўся селянінам, калі ў сям’і ганчара — ганчаром. Калі ж яму пашчасціла нарадзіцца ў сям’і, напрыклад, герцага Бекінгема, то першынец атрымаў бы ў спадчыну тытул і маёнткі, а астатнім нашчадкам па мужчынскай лініі была б наканаваная кар’ера вайскоўцаў, чыноўнікаў ці святароў.

А зараз вернемся ў сучаснасць. У кожнага чытача ёсць родныя ці знаёмыя дзеці малодшага школьнага ўзросту. Якая прафесійная будучыня іх чакае? Адказаць на гэта пытанне сёння не зможа ніхто, у тым ліку і бацькі дзяцей, колькі б намаганняў яны для гэтага ні прыкладалі. Працытую сам сябе: «галоўнымі характарыстыкамі сучаснага свету з’яўляюцца няпэўнасць, складанасць і разнастайнасць». Таму праз 15 гадоў шмат хто з сённяшніх першакласнікаў будзе асвойваць прафесіі, якія яшчэ нават не існуюць.

Паводле рэцэпту Навухаданосара

Аднак пяройдзем да азбукавага аналізу. Тут мне спатрэбіцца закон неабходнай разнастайнасці Уільяма Эшбі: «Каб кіраванне сістэмай было магчымым, разнастайнасць кіруючых дзеянняў павінна быць не меншай за разнастайнасць абурэнняў на ўваходзе ў сістэму». Для замацавання думкі можна прывесці і фармулёўку Стафарда Біра: «Адэкватнае кіраванне можа быць забяспечана толькі ў тым выпадку, калі разнастайнасць сродкаў кіраўніка як мінімум не меншая, чым разнастайнасць кіраванай ім сітуацыі».

У гады маёй студэнцкай маладосці на занятках па марксісцка-ленінскай філасофіі мне даходліва патлумачылі, што законы прыроды аб’ектыўныя, г.зн. дзейнічаюць незалежна ад чалавечай свядомасці. Мы можам ведаць законы і дзейнічаць у адпаведнасці з імі, а можа не ведаць — і выбудоўваць свае паводзіны «ад жыцця». Законам ад гэтага не горача і не холадна, чаго не скажаш пра выніковую эфектыўнасць нашых намаганняў.

Хочам мы гэтага ці не, але чара нявызначанасці, ускладнення і разнастайнасці не абмінула і беларускае грамадства. Чым жа адказваюць на выклікі адзіны палітык (АП) і калектыў вертыкальшчыкаў, згуртаваны пад яго кіраўніцтвам? Гэта не таямніца: калі адкінуць прапагандысцкае бла-бла-бла, усё зводзіцца да СПРАШЧЭННЯ, і ў першую чаргу — да спрашчэння сродкаў кіравання!

За прыкладамі далёка хадзіць не трэба. 7 снежня АП разгледзеў кадравыя пытанні. Сярод прызначэнцаў — кіраўнікі адміністрацый раёнаў і старшыні райвыканкамаў — вертыкаль. Для тлумачэння мне спатрэбіцца цытата з Паслання–2017: «Дрэнная гэта ці добрая вертыкаль улады — кожнаму не дагодзіш. Але гэта тое, што трымае нашу краіну».

Згодна з ужо цытаваным вышэй Уільямам Эшбі, «узровень разнастайнасці элементаў, якія складаюць сістэму, вызначае ўзровень яе стабільнасці... Чым багацейшая складаная сістэма на разнастайнасць сваіх элементаў, тым яна стабільнейшая». Беларуская мадэль трымаецца на ўладнай вертыкалі. З гэтым не паспрачаешся. Але вертыкаль — нешта з часоў вавілонскага цара Навухаданосара (1127–1105 да н. э.). Прасцей і прыдумаць немагчыма!

Таму «адзіны палітык» і паўтарае як замову: «Стабільнасць, стабільнасць, стабільнасць, няма нічога больш важнага за стабільнасць». І ён мае рацыю. Ой як няпроста ў наш час падтрымліваць стабільнасць сістэмы, пазбаўленай гарызантальных сувязяў. Гэта як тэлевежа ў Калодзішчах, але толькі без расцяжак.

7 снежня былі прызначаныя і два рэктары ўніверсітэтаў. Ну што тут можна сказаць? Не дараслі яшчэ беларускія «таварышы навукоўцы, дацэнты з кандыдатамі» да права самастойна выбіраць сабе кіраўніка. Да выбараў кіраўніка дзяржавы дараслі, а да выбараў кіраўнікоў універсітэтаў — не.

А гэта ўжо выключна палітыка!

Яшчэ адзін прыклад намаганняў АП па спрашчэнні — чарговая няўдалая спроба РГА «Белая Русь» трансфармавацца ў партыю. Здавалася б, ніякіх аб’ектыўных перашкодаў для гэтага няма, і, паводле заявы старшыні РГА — не апошняга чалавека ва ўладнай іерархіі Аляксандр Радзькова, — масавасць аб’яднання дапамагае яго чальцам знаходзіцца ў глыбокім жывым кантакце з людзьмі, адчуваць змены і вастрыню сацыяльных праблем. Акрамя таго, інтэлектуальны патэнцыял аб’яднання таксама значны. Ён дазваляе весці працу па асэнсаванні тэндэнцый, якія адбываюцца ў краіне, і магчымых траекторый развіцця беларускага грамадства.

«Ну і файна», — скажа чытач. Аднак ёсць адно «але». Як растлумачыў яшчэ ў студзені 2012 года ў праграме «Карціна свету» на канале «РТР-Беларусь» акадэмік Анатоль Рубінаў, АП не хоча ператвараць РГА у партыю, бо ён баіцца наменклатурнай партыі.

Аўтары бестселера «Гвалт і сацыяльныя парадкі» нобелеўскі лаўрэат Дуглас Норт, Джон Уоліс і Бары Вайнгаст прапануюць новы погляд на праблему гвалту, згодна з якім большасць грамадстваў, якія належаць да «натуральных дзяржаваў» (НД), абмяжоўваюць гвалт пры дапамозе палітычнага маніпулявання эканомікай шляхам стварэння прывілеяваных груп інтарэсаў. З іншага боку, сучасныя грамадствы ствараюць парадак адкрытага доступу (ПАД) да эканамічных і палітычных арганізацый, стымулюючы палітычную і эканамічную канкурэнцыю.

Сваё прывілеяванае становішча эліты НД падтрымліваюць за кошт манапольнага права на стварэнне арганізацый, якія карыстаюцца падтрымкай дзяржавы. Даючы доступ да гэтых прывілеяй толькі чальцам пануючай кааліцыі, эліты ствараюць надзейныя стымулы супрацоўнічаць, а не змагацца адзін з адным. Так палітычная сістэма НД маніпулюе эканамічнай сістэмай для стварэння рэнты, якая затым забяспечвае палітычны парадак.

Аўтары бестселера вылуча­юць тры тыпы НД:

  • кволыя, што няздольныя падтрымліваць любыя арганізацыі і саму дзяржаву (да гэтага тыпу яшчэ нядаўна належала большасць афрыканскіх дзяржаў);
  • базавыя, што могуць падтрымліваць арганізацыі, але толькі ў рамках дзяржавы;
  • сталыя, што здольныя падтрымліваць шырокі шэраг элітарных арганізацый, якія не знаходзяцца пад непасрэдным кантролем дзяржавы.

А цяпер паспрабуем вызначыць месца «беларускай мадэлі» ў гэтай тыпалогіі.

На стадыі кволай НД Беларусь знаходзілася ў пачатку 1990-х, калі, паводле трапнай заўвагі АП, «улада літаральна валялася ў брудзе». Пераход да базавай НД суправаджаўся манапалізацыяй кіруючай групоўкай права на стварэнне арганізацый. Аднымі з першых гэта ўсвядомілі прадстаўнікі СМІ, якія сутыкнуліся з фактычнай забаронай на рэгістрацыю грамадска-палітычных выданняў.

Пошукавік Google прапануе і больш свежыя прыклады. Абмяжуюся інфармацыяй ад 20 жніўня 2015 года: «Міністэрства юстыцыі Беларусі пяты раз адмовілася рэгістраваць партыю «Беларуская хрысціянская дэмакратыя».

Цяпер нам зразумелая прычына нежадання АП дапусціць трансфармацыю РГА «Белая Русь» у партыю. Наколькі б прапрэзідэнцкай у момант свайго стварэння партыя ні была, яна стане інструментам для рэалізацыі канкрэтнай групай эліты сваіх прыватных інтарэсаў, галоўным з якіх з’яўляецца павелічэнне пайкі пры дзяльбе адміністрацыйнай рэнты.

І што асабліва важна, з дапамогай гэтага інструмента кіраўніцтва партыі атрымае магчымасць выйсці за межы элітнага міжсабойчыку і мабілізаваць насельніцтва для рэалізацыі ўласных задач. А гэта ўжо — чыстая палітыка! Таму інакш як прамы выклік сваёй манаполіі на палітычную дзейнасць АП успрымаць ініцыятыву Радзькова не можа.

Такой элітнай вольнасці павінен папярэднічаць пераход ад базавай да сталай НД. Гэта агульнасусветная практыка, але я не ўпэўнены, што ён будзе здзейснены пры цяперашнім гаспадары Палаца Незалежнасці.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць