Чаму так складана асвойваць чужы досвед

Якія праблемы ў нас абмяркоўваюцца на вышэйшым узроўні? Захаванне тэхналагічнай дысцыпліны пры нарыхтоўцы кармоў, неабходнасць замены кіраўнікоў прадпрыемстваў, няздольных «цягнуць», фірмовы заклік «закручваць гайкі». Архаіка на маршы. І маршу гэтаму хутка пойдзе 25-ы год.


Была такая папулярная рубрыка ў савецкіх газетах: «Два светы — два лёсы». Пасля краху камунізму многім здавалася, што сваю актуальнасць яна страціла. Свет стаў адзіным. Нездарма ж амерыканскі футуролаг Фрэнсіс Фукуяма напісаў бестселер пра канец гісторыі. Але прыроду не падманеш — хутка толькі коткі нараджаюцца. Савецкасць у чалавеку — яна ж саўковасць — нікуды не знікла. Перажыўшы ліберальную хвалю з яе масавымі акцыямі і дэмакратычнымі выбарамі (прыгадаем 1994-ы), яна аднавілася на ўсіх ўзроўнях — ад бытавога да дзяржаўнага.

Падставай для напісання гэтай «Азбукі паліталогіі» стала навіна з інтэрнэту. Прыводжу яе цалкам: «Прэм’ер-міністра Канады аштрафавалі на сто долараў за тое, што ён не задэклараваў сонечныя акуляры, падораныя яму кіраўніком адной з канадскіх правінцый. Такое рашэнне прыняў назіральны орган па этыцы, — паведамляе Сі-Бі-Сі. — Прэс-сакратар Джасціна Трудо патлумачыла, што ён не задэклараваў акуляры з-за адміністрацыйнай памылкі, а дакладней, няправільна запоўніў форму дэкларацыі. Паводле мясцовага заканадаўства, прэм’ер абавязаны на працягу 30 дзён паведамляць аб атрыманых падарунках, кошт якіх перавышае дзвесце долараў».

Пацешная гісторыя, пагадзіцеся. Прапаную здзейсніць разумовы эксперымент — перанесці сітуацыю на родную глебу, на якой пышна квітнее так званая «беларуская ма­дэль». Ажыццявіць гэты эксперымент вельмі проста. Для гэтага дастаткова ўсяго толькі прозвішча прэм’ер-міністра Канады замяніць на ўсім нам добра знаёмае. Замянілі?

Атрыманы вынік лепш за ўсё апісаць словам «аксюмаран» (літаральна «вострае глупства», ад старажытнагрэчаскага «ὀξύς» — «востры», «пранізлівы» + «μωρός» — «неразумны», «дурны»). Аксюмаран нярэдка выкарыстоўваецца ў назвах літаратурных твораў: «Гарачы снег», «Жывы нябожчык», «Мёртвыя душы», «Маленькі гігант вялікага сексу».


Дзве функцыі дэмакратыі

Дэмакратыі ў Беларусі не менш, чым у Еўропе. Праблема не з дэмакратыяй. Праблема з памяццю. Для тых, хто сумняваецца, працытую адзінага палітыка (АП): «Самае галоўнае — гэта лішні раз нагадваць усім нам у краіне і за яе межамі аб дэмакратычнасці нашага дзяржаўнага ладу». Сказана гэта было не выпадкова, а на цырымоніі прывядзення да прысягі суддзі Канстытуцыйнага суда Віктара Рабцава (2 лютага 2017 года).

АП характарызаваў прызначэнца як вядомага навукоўца і практыка. Адсюль яго ўпэўненасць у тым, што гэта (прызначэнне) паслужыць напамінам гораду і свету аб дэмакратычнасці Беларусі. Адначасова, абвясціўшы свой варыянт пераліку правоў чалавека, ён узваліў на сябе нялёгкую ношу галоўнага інспектара па іх выкананні.

Калі адкінуць яхідства, застаючыся пры гэтым у межах азбукавых паліталагічных ісцін, то варта адзначыць, што правы чалавека дзеляцца на сацыяльныя і палітычныя. Ні для каго не з’яўляецца сакрэтам, якім правам аддаецца перавага ў Беларусі. Перыядычныя развагі пра важнасць свабоды слова не павінны хаваць галоўнага кірунку ў пытаннях выканання правоў чалавека, якім з’яўляюцца «нармальнае жыццё і дастойная зарплата, каб дзяцей можна было карміць...» (15 студзеня 2013 года).

Палітычныя правы — гэта перш за ўсё права выбіраць сабе ўладу і мяняць яе ў выпадку неабходнасці. Таму паняцці «палітычныя правы» і «дэмакратыя» з’яўляюцца сінонімамі. Адкрыем кнігу «Дэмакратыя і рынак» польска-амерыканскага палітолага Адама Пшэворскага: «Дэмакратыя — такі палітычны лад, у якім кіруючая партыя можа прайграць выбары».

У дэмакратыі дзве асноўныя функцыі: абмежаванне часу знаходжання кіраўніка на пасадзе (каб знізіць верагоднасць яго перараджэння ў тырана) і стварэнне легітымнага канкурэнтнага асяроддзя, без якога для грамадзян немагчыма фарміраванне прасторы выбару (перамены курсу).

Мне пашанцавала: літаральна днямі на сваім любімым аналітычным сайце republic.ru я прачытаў артыкул кансультанта па арганізацыі бізнесу ў Кітаі Уладзіміра Нявейкіна «Кітай развіваецца вельмі хутка». Прывяду фінальную частку апошняга абзаца: «Калі Дэн Сяапін ладзіў свае рэформы, то адной з галоўных небяспекаў на іх шляху лічылі не дэфіцыт добрых праграм, не, іх можна напісаць колькі заўгодна. Галоўная праблема — супярэчнасць паміж індывідам і грамадствам. Акадэмія грамадскіх навук Кітая тады правяла цікавае даследаванне і не знайшла за ўсю гісторыю чалавецтва ніводнага прыкладу, калі б кіраўнік пасля 10 гадоў кіравання краінай прыносіў ёй карысць. Да 10 гадоў былі розныя варыянты. Пасля — толькі адзін».


Архаіка на маршы

Беларусь не стаіць убаку ад галоўнай дарогі чалавецтва. Пытанне толькі ў тым, з якой хуткасцю яна па гэтай дарозе рухаецца. На жаль, наша месца размешчана нашмат бліжэй да хваста калоны, чым да яе галавы. Але глытаць пыл, што ўздымаюць дынамічныя краіны-лідары, нам не наканавана. Адставанне такое вялікае, што пыл паспявае асесці.

Адкрыйце любы прэс-рэліз на сайце president.gov.by. Якія праблемы ў нас абмяркоўваюцца на вышэйшым узроўні? Іх пералік традыцыйны: захаванне тэхналагічнай дысцыпліны пры нарыхтоўцы кармоў, неабходнасць замены кіраўнікоў прадпрыемстваў, няздольных «цягнуць». А вось і наш фірмовы заклік «закручваць гайкі». У апошні раз ён быў абвешчаны АП на нарадзе з кіраўніцтвам Жыткавіцкага райвыканкама (28 красавіка 2018 года)!

Архаіка на маршы. І маршу гэтаму хутка пойдзе 25-ы год. Ніякімі размовамі наконт ператварэння Беларусі ў IT-краіну своеасаблівасці нашага развіцця (дакладней, яго адсутнасць) не схаваць.

Кітайцы, якія прызвычаіліся думаць стагоддзямі і тысячагоддзямі, тым не менш абмяжоўвалі знаходжанне адной асобы на вышэйшай дзяржаўнай пасадзе двума тэрмінамі. Мне запярэчаць, што гэты запавет Дэн Сяапіна паспяхова пераадолены цяперашнім кіраўніком Паднябеснай. Сапраўды, гэта так. Аднак уяўленні нямецкага філосафа Фрыдрыха Ніцшэ пра волю да ўлады як пра базавы інстынкт жыцця яшчэ нікому не ўдалося абвергнуць. Без улады не можа існаваць ні адно грамадства, нават на ўзроўні сельскай абшчыны. Але, як кажуць палякі, «Co zanadto, to nie zdrowo». Таму наступствы палітычнай інавацыі па зняцці канстытуцыйнага абмежавання на колькасць тэрмінаў для старшыні КНР, што была прынятая на ХІХ з’ездзе КПК, не прымусяць сябе доўга чакаць.

За прыкладамі кітайскім таварышам далёка хадзіць не спатрэбіцца. У Беларусі аналагічнае канстытуцыйнае абмежаванне было знятае на рэферэндуме ў 2004 годзе, акурат да дзесяцігадовага юбілею АП. І ўжо праз два гады «беларуская мадэль» дасягнула свайго піку. Але гэта не падстава для радасці, бо дасягненне піка (вышэйшая кропка) азначае пачатак спуску. Што на практыцы і назіраецца.


Тры шляхі

Калі ўжо гаворка пра Кітай, то быў бы грэх не звярнуцца па каментар да Канфуцыя. Прыдатную цытату ў стагоддзе інтэрнэту знайсці нескладана: «Тры шляхі вядуць да ведаў: шлях разважанняў — гэта шлях самы высакародны, шлях пераймання — гэта шлях самы лёгкі, і шлях вопыту — гэта шлях самы горкі».

Першы шлях галоўнаму архітэктару «беларускай ма­дэлі» глыбока чужы, пра што ён з гонарам рэгулярна і заяўляе. Тым, хто сумняваецца ў такой катэгарычнай выснове, рэкамендую звярнуцца да дакладаў АП, прысвечаных тэарэтычным абгрунтаванням «беларускай мадэлі» (22 сакавік 2002 года) і дзяржаўнай ідэалогіі (27 сакавіка 2003 года).

Абмяжуюся адной цытатай: «Цалкам неплацежаздольным апынуўся і наш ідэалагічны штаб — Адміністрацыя прэзідэнта. Нарады, даручэнні, аўтарскія калектывы, справаздачы — і нічога на выхадзе. Той жа фармалізм.

У гэтых умовах кіраўніку дзяржавы давялося браць усё на сябе і, ідучы ад жыцця (выдзелена. — С.Н.), а не ад тэорыі, закладваць у фундамент беларускай незалежнай дзяржаўнасці ідэі, народжаныя і выпакутаваныя нашым народам».

Так вобразна і ярка апісаны падыход да фарміравання дзяржаўнай ідэалогіі — гэта аналаг шляху вопыту паводле Канфуцыя. Ён апынуўся самым горкім для беларусаў, бо замест ідэалогіі стварылі яшчэ адзін орган па кантролі за добранадзейнасцю грамадзян у асобе ідэалагічнай «вертыкалі». Натуральна, за грошы грамадзян. Вось такі ненавязлівы ідэалагічны сэрвіс.

Асабіста я не супраць ідэалогіі, але толькі той, мэтай якой быў бы прымус дзяржавы да адказнасці. Здавалася б, нічога выдумляць для гэтага не трэба. Ёсць шлях пераймання. Самы лёгкі шлях паводле Канфуцыя. Нездарма ж я пачаў «Азбуку паліталогіі» з гісторыі прэм’ер-міністр Канады, якога аштрафавалі на сто долараў за тое, што ён не задэклараваў сонечныя акуляры.

У нас што, няма адпаведных падстаў? Сказаць, што іх воз і маленькая каляска — гэта нічога не сказаць. Дык чаму ж мы не пераймаем канадскі досвед?

На жаль, па той жа прычыне, па якой мы не пераймае кітайскі і сінгапурскі досвед эканамічнага прарыву краіны з трэцяга свету ў першы. Для паспяховага капіявання кітайскага досведу беларусам неабходна стаць кітайцамі. Для капіявання канадскага вопыту — канадцамі.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • Чытач
  • 2018-07-17 09:00:05
Добры артыкул. Адна праблема, што той каму яго трэба прачытаць, акрамя буквара і устава памежнай службы нічога так і не здолеў прачытаць.