Чаму ў «Washington Post» расказалі, што Расія не захоча акупаваць Беларусь

Расія сёння не мае магчымасці захапіць Беларусь, як Крым, — нескладана ўявіць, якія санкцыі будуць пасля такога кроку Расіі, піша «Радыё Свабода».
Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін у Сочы, 15 лютага. Фота «Радыё Свабода»

Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін у Сочы, 15 лютага. Фота «Радыё Свабода»

Ва ўплывовай амерыканскай газеце “The Washington Post” выйшаў артыкул пад загалоўкам «Ці паспрабуе Расія акупаваць Беларусь?» (пераклад на рускую мову апублікаваў “The Village”) аўтарства старшыні беларускага «Цэнтру новых ідэяў» Рыгора Астапені.

Артыкул размешчаны ў акадэмічным блогу «Monkey Cage», названым так ад цытаты вядомага ў ЗША журналіста Генры Мэнкена: «Дэмакратыя — гэта мастацтва кіравання цыркам з клеткі малпаў». У блог пішуць навукоўцы з усяго свету, і ў ліку іх Рыгор Астапеня як доктар паліталогіі.

Аўтар даводзіць, што:

·        Беларусь за апошнія гады стала больш незалежнай.

·        Беларусь і Расія заўсёды спрачаліся ў «пуцінскія» часы.

·        У Крамля ўсё менш рэсурсаў фінансаваць Лукашэнку, хоць Беларусь застаецца для Расіі важнай.

·        Дыскусія аб расійскай акупацыі Беларусі — збольшага палітычны інструмэнт, а не абмеркаванне рэальнай пагрозы.

 

Рыгор Астапеня, архіўнае фота «Радыё Свабода»


У гутарцы са “Свабодай” Рыгор Астапеня не пагаджаецца з думкай пра непрадказальнасць працэсаў у галаве таго, хто прымае рашэнні ў Расіі. Маўляў, не варта думаць, што рашэнні прымаюцца толькі ў адной галаве. Ён згодны, што ёсць тысячы варыянтаў развіцця падзеяў, у ліку якіх і варыянт акупацыі Беларусі Расіяй. Але Астапеня ставіцца да яго гэтаксама, як і да сцэнару, у якім Расія пачала б ядзерную вайну.

«Ёсць відавочныя рэчы, — тлумачыць Астапеня. — Мы бачым, што ў Расіі сёння няма інтарэсу акупаваць Беларусь, няма такой патрэбы, Беларусь нікуды не сыходзіць, ні на які Захад. Беларусь мае доўгую гісторыю дачыненняў з Расіяй, і якімі б яны ні былі публічна гарачымі, Беларусь застаецца заўсёды ў сферы інтарэсаў Расіі, сыходзіць адтуль ніколі не збіралася.

Таксама мы бачым, што Расія сёння не мае магчымасці гэта рабіць — нескладана ўявіць, якія санкцыі будуць пасля такога кроку Расіі. Урэшце, Расія не ведае, ці зможа правярнуць такі крок: у Беларусі ёсць якая-ніякая функцыянальная бюракратыя, якое-ніякое функцыянальнае войска».

Ён упэўнена заяўляе: «Беларусь — гэта не Крым і не Данбас», а гісторыя пра магчымае паўтарэнне «крымскага сцэнару» ў Беларусі раз за разам «штучна падтрымліваецца проста таму, што добра гучыць».

Астапеня перакананы, што палітыкі і аналітыкі, якія чытаюць “The Washington Post”, «не павінны быць ахвярамі гэтай прапаганды» што да расійскай пагрозы для Беларусі. У тым ліку, кажа ён, не варта верыць Лукашэнку, калі той кажа заходнім палітыкам, маўляў, «мы не можам рабіць рэформы, бо ў нас тут Расія, вы ж не хочаце тут Крыму».

www.svaboda.org


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!