
Гэта праграмы святкаванняў на сайтах аблвыканкамаў, школаў, музеяў, аддзяленняў БРСМ. Чыноўнікі пастаянна пра гэта гавораць, пішуць, абмяркоўваюць на нарадах. То бок напрыканцы кастрычніка мы ўбачым нешта грандыёзнае: канцэрты, прысвечаныя камсамолу, марафоны памяці, флэшмобы, экскурсійныя аўтобусы…
Дык навошта нам той камсамол, які, здавалася б, сканаў разам з Савецкім Саюзам, і нават БРСМ не можа быць яго пераемнікам, бо паўстаў адно ў 1997 годзе як працяг БПСМ? Канешне, дзяржава ў нас перманентна трымаецца неакамуністычнай ідэалогіі, паўсюдна захавалася камуністычная тапаніміка, трактоўка гісторыі ў падручніках, Леніны на плошчах і г.д. Канешне, кіраўнік дзяржавы неаднойчы шкадаваў пра скон СССР і не хавае сімпатыяў да ўсяго савецкага. Канешне, нават кіраўнік Міністэрства адукацыі Карпенка ў нас — непрыхаваны камуніст. Аднак і тут ёсць свае «але».
Зусім хутка мы маем яшчэ адзін юбілей, а менавіта 100-годдзе БССР. Нагадаем, тая наша дзяржава паўстала 1 студзеня 1919 года. Чулі? Не?.. Сапраўды, пра гэта нідзе не кажуць, не пішуць, чыноўнікам, відаць, не да таго — камсамолам займаюцца. То-бок мала таго, што дзяржава праігнаравала 100-годдзе БНР, дык зараз мы назіраем такі ж ігнор датычна БССР. З БНР у прынцыпе ўсё можна патлумачыць лагічна. І 25 сакавіка як дата, і Пагоня, і БНР гадамі выкарыстоўваўся апазіцыяй, а бел-чырвона-белы сцяг дагэтуль страшыць насельнікаў высокіх кабінетаў.

Але што не так з БССР? Я асабіста не магу зразумець. Як можна пакласці мора рэсурсаў, высілкаў і часу на святкаванне юбілею нейкага камсамолу і не ўзгадаць пра 100-годдзе хай і камуністычнай, але беларускай дзяржавы? Гэта як святкаваць народзіны суседа, але забыцца на дзень нараджэння бацькі ці маці. Сорамна ж, праўда?
Калі БНР — гэта смелы праект нашай нацыянальнай дзяржавы, то БССР пры ўсіх «але» — менавіта правобраз і фундамент сённяшняй Беларусі. Урэшце, ад чаго Рэспубліка Беларусь мае весці свой радавод, як не ад БССР? Часткова межы, адміністратыўная сістэма, нават сімволіка — усё адтуль. Ды і паклаўшы руку на сэрца нельга сказаць, што ў БССР усё было толькі са знакам «мінус»: урэшце наш народ перажыў, ператрываў крывавае ХХ стагоддзе менавіта ў складзе і ў межах гэтага фармавання, не скаціўся да ўзроўню этнаграфічнай масы, што немінуча здарылася б у складзе Польшчы ці Расіі. А значыць, БССР для ўсіх нас мела свой сэнс, значыць — гэта таксама наша.
Дзіўна, што ігнаруюцца пасылы нават дзяржаўных ідэолагаў, якія выйшлі з нацыянальнага асяродку. Размова пра цэлую кагорту герояў беларускага ТБ, накшталт таго ж Марзалюка, якія паслядоўна гадамі казалі пра БССР замест БНР, Прытыцкага замест Луцкевіча, стужку арнаменту замест бел-чырвона-белага сцягу і г.д. Такая хада думкі выглядала прынамсі лагічнай і вытлумачальнай — нешта накшталт нацыянал-камунізму замест нацыянал-дэмакратыі. Атрымліваецца, што прыстаўка «нацыянал» у прынцыпе дзяржаве не патрэбная?..
Як бы там не было, БССР — гэта пра незалежнасць. А камсамол — пра што? Правільна, пра «слаўнае савецкае мінулае са смачным марозівам, блакітным небам і зялёнай травой» — усяго толькі. А калі сур’ёзна, то камсамол — гэта яшчэ і пра «агульную савецкую радзіму», на ролю пераемніцы якой сёння прэтэндуе Расія… Дык можа варта задумацца, што мы святкуем, навошта і каму з таго будзе карысць?