Час бараніць тых, хто бараніў нас

Раніца 16 лютага пачалася для беларускіх незалежных журналістаў і праваабаронцаў не з кавы. Па ўсёй краіне пранёсся шквал ператрусаў — як у офісах, так і ў прыватных кватэрах.
Ад сёмай гадзіны раніцы ў сябраў Праваабарончага цэнтра «Вясна», Беларускай асацыяцыі журналістаў і іншых актывістаў праходзілі вобшукі. Як стала вядома, яны адбываліся ў межах крымінальнай справы па арт. 342 (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) Крымінальнага кодэкса. Следчыя мяркуюць, што праваабарончыя арганізацыі могуць быць датычныя да фінансавання пратэстаў.

Адметна, што да ўсіх уламваліся ледзь не адначасова, што сведчыць пра спланаваную аблаву — іншым словам гэта не назавеш.

У прэс-сакратар БАЖ Барыса Гарэцкага нязваныя візіцёры зазірнулі нават у сметніцу, лядоўню, бляшанку з-пад кавы, забралі тэхніку, у тым ліку тэлефоны дзяцей, сямейныя грошы. Старшыня БАЖ Андрэй Бастунец прысутнічаў пры ператрусе офіса арганізацыі, з якога таксама вынеслі ўсю тэхніку, дакументы, а дзверы апячаталі. Сілавікі ператрэслі і кватэру яго сына. Зладзілі вобшук і ў намесніка старшыні арганізацыі юрыста Алега Агеева. Таксама ператрус прайшоў у юрысткі Крысціны Рыхтэр, у яе забралі тэлефон, дакументы, датычныя да дзейнасці БАЖ.

З ператрусам прыйшлі да каардынатара кампаніі «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі», праваабаронцы «Вясны» Андрэя Палуды. Больш за тры гадзіны трэслі кватэру маці мінскай праваабаронцы Наталлі Сацункевіч. Уламіліся да юрыстаў Паўла Сапелкі, Змітра Салаўёва. Пры затрыманні ў хаце Салаўёва выламалі дзверы. У офісе самой «Вясны» таксама прайшоў ператрус, а пасля — дома ў яе кіраўніка Алеся Бяляцкага.

Узяліся і за прадстаўнікоў незалежнага прафсаюза РЭП: ператрусы прайшлі ў Ігара Комліка і Андрэя Комліка-Ямаціна, а таксама ў офісе прафсаюза.

Мінск, Гомель, Магілёў, Віцебск, Брэст, Гродна — геаграфія вобшукавых акцый у дзясяткаў праваабаронцаў і журналістаў. Дабраліся нават да бацькоў каардынатара кампаніі BYSOL Андрэя Стрыжака ў Рэчыцы, а таксама зазірнулі на здымную кватэру ў Гомелі, дзе жыве яго ўжо былая жонка.

Старшыня БАЖ Андрэй Бастунец мяркуе, што хваля ператрусаў звязаная з агульнай тэндэнцыяй ціску на грамадзянскую супольнасць у Беларусі, і гэта ўжо нікога не здзіўляе. Сапраўды, цягам апошняга года нас планамерна рыхтавалі да ўзмацнення рэпрэсій. Узгадайце, як мы здзіўляліся і абураліся затрыманню акрэдытаваных журналістаў «Радыё Свабода» ў чэрвені, і якімі будзённымі нам здаюцца гэтыя лютаўскія напады.

Адзінае, што сёння ўсё яшчэ здзіўляе, — гэта што нехта спадзяецца адседзецца ў ценю і перачакаць цёмныя часы. На жаль, кожны з нас павінен быць гатовым да таго, што можа стаць наступным, хоць і не робіць нічога супрацьзаконнага. Бо іначай пры таталітарызме не бывае: рэпрэсіўная машына закранае ўсіх — прычым, не толькі апанентаў рэжыму, але і яго служак. І тыя, хто «не цікавіцца палітыкай», — уяўляеце, якім будзе вашае здзіўленне, калі вы даведаецеся, у які канцлагер вас прывезлі? Узгадайце гісторыю: тыя, хто праводзіў рэпрэсіі ў 1920-я, самі трапілі пад каток у 1930-я. Кожная наступная хваля рэпрэсій змятала ў тым ліку і тых, хто яшчэ нядаўна сам выбіваў прызнанні.

Адседзецца не ўдасца нікому, калі будзем маўчаць і спадзявацца, што нас гэта не зачэпіць, — прыйдуць да кожнага. Проста таму, што гэта, як трапна заўважыў праваабаронца «Вясны» Валянцін Стэфановіч, «логіка рэпрэсій».

Але ёсць і добрая навіна: увесь гэты ціск — усяго толькі спроба рэжыму заглушыць свой страх. Яны думаюць, што калі прымусяць нас баяцца, то ацалеюць, выжывуць і змогуць яшчэ безліч гадоў шчыраваць за нашы грошы.

Аднак гэта не так. Сёлета беларусы як ніколі паказалі, што нашая моц — у салідарнасці. І калі ўчора прыйшлі да тых, хто бараніў нас, сёння мы самі станем на іх абарону. Насамрэч, у кожнага з нас ёсць дзясяткі спосабаў гэта зрабіць: даць у карыстанне старую тэхніку, прывезці прадукты, напісаць ліст са словамі падтрымкі… Варыянтаў шмат!

Салідарнасць забівае страх. А кожная хваля рэпрэсій толькі пацвярджае — вясна блізка… Так што захоўваем спакой і верым у перамогу! 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: