«Чорныя панядзелкі» і беларускі выбар

«Чорны панядзелак» падняў беларусаў на нервы. Некаторыя пачалі казаць пра дэвальвацыю, як у 2014 ці нават у 2011 годзе. Паніка на рынках узнікла з-за ўсё той жа нафты, пра якую мы столькі ўжо казалі, што чуць пра яе не хочацца.

Малюнак vesfin.ru

Што адбылося? Адбылося моцнае падзенне цэнаў на нафту з-за таго, што не было дасягнутае пагадненне паміж Расіяй і АПЕК. АПЕК намагалася абмежаваць здабычу сыравіны. Расія і Казахстан, які да яе далучыўся, на такое абмежаванне не пагадзіліся.

У выніку ўжо ў пятніцу кошт барэля нафты знізіўся да 45 долараў. У суботу дзяржаўная нафтавая кампанія Саудаўскай Аравіі Saudi Aramco абвясціла беспрэцэдэнтнае зніжэнне цэнаў на сваю прадукцыю для кліентаў на ўсіх рынках. Партыі гатунка Arab Light з адгрузкай у красавіку патаннелі на 6 долараў для Азіі, на 7 долараў — для ЗША і на 8 долараў — для Еўропы, дзе саудаўская нафта канкуруе з расійскай Urals. І амаль адначасова заявіла пра павелічэнне здабычы сыравіны да 10–11 мільёнаў барэляў у суткі супраць 9,7 мільёна цяпер.

Да таго ж у справы ўлез той самы, што таксама ўжо набіў аскому, каронавірус. З-за хваробы ў свеце ўводзяцца каранціны, спыняюцца прадпрыемствы (асабліва ў Кітаі), адмяняюцца авіярэйсы. Адпаведна — не маецца патрэбы ў паліве і сыравіне. То-бок, попыт на нафту зніжаецца натуральным чынам, тым самым зніжаючы кошт.

Як вынік — ф’ючарсныя цэны барэля нафты знізіліся да крытычнага паказніку ў 30 долараў.

Апошні раз такія кошты былі ў 1991-м — годзе, калі разваліўся СССР. Некаторыя эксперты ка­жуць, што танная нафта стала ці не апошнім штуршком, які запусціў працэс гэтага развалу.

Беларусі, нібыта, павінна быць добра, што кошты на нафту ўпалі ніжэй за плінтус. Прынамсі, цяпер Аляксандр Лукашэнка з поўным правам можа казаць, што Расія хацела прадаваць нам нафту па коштах, вышэйшых за сусветныя. Да таго ж цяпер сапраўды нягегла выглядаюць патрабаванні расійскіх пастаўшчыкоў сыравіны наконт нейкай «прэміі» за пастаўкі таннай нафты ў Беларусь. Бо яна сама па сабе — танней няма куды. А «прэміі» апошнім часам і былі асноўным пытаннем спрэчак.

Але тое, што карысна Лукашэнку, не азначае карысці для краіны. Танная нафта цалкам лагічна вядзе да таго, што таннеюць і нафтапрадукты — ці не асноўны наш экспартны тавар. Танныя нафтапрадукты — менш валюты ад экспарту, менш паступленняў у бюджэт.

Пры гэтым сітуацыя зусім не азначае, што ў Сінявокай стане больш танным бензін. Па меркаванні, напрыклад, эканаміста Барыса Жалібы, канцэрн «Белнафтахім», наадварот, заявіць, што «ў час крызісу нашым нафтаперапрацоўчым прадпрыемствам патрэбная падтрымка», і кошт паліва будзе расці, а не зніжацца.

Мы аказаліся ў дзіўнай рэальнасці, калі і дарагая нафта — кепска, і танная — таксама кепска.

Але больш за ўсё ў гэтай сітуацыі нас павінны непакоіць паводзіны «стратэгічнага партнёра» — Расіі. Туды мы адпраўляем каля 60% нашага экспарту, а па некаторых пазіцыях (напрыклад, па сельскай гаспадарцы) і ўвогуле 90%. Даходы ж Расіі амаль цалкам завязаныя на газ і нафту — таму любы істотны скачок ці падзенне коштаў на сыравіну імгненна адбіваецца на расійскім рублі. Падае кошт нафты — падае і расійскі рубель, а значыць, узрастае кошт беларускіх тавараў. А калі беларускія тавары істотна даражэюць, іх, зразумела, перастаюць набы­ваць. Зноў жа, падае экспарт — і ў выніку падае беларускі рубель.

У нас не адбылося паўнавартаснага «чорнага панядзелка» толькі таму, што ён прыпаў на 9 сакавіка. Па расійскім працоўным раскладзе гэты дзень быў выходным — за 8 сакавіка, які быў у нядзелю. Біржы і банкі там не працавалі напоўніцу, і ў нечым гэта нівелявала паніку, дало расійскаму Цэнтрабанку час на рэакцыю: магчымасць супакоіць насельніцтва і выдаткаваць з рэзерваў валюту для «папераджальнага продажу на ўнутраным рынку» дзеля стабілізацыі сітуацыі «і зніжэння валацільнасці фінансавых рынкаў ва ўмовах значных зменаў на сусветным рынку нафты».

То-бок, ад глабальнага падзення беларускі рубель (як і расійскі) уратаваў выключна шчаслівы збег абставінаў і датаў.

Што будзе ў эканоміцы надалей? Гэта, безумоўна, залежыць ад таго, наколькі ўстойлівым будзе час «таннай нафты» і на колькі ён зацягнецца. У аўторак цана нафты крыху адыграла панядзелкавы абвал і склала 37 долараў за барэль, што ўсё роўна нізка. Вядомы фінансавы аналітык Вадзім Іосуб сцвярджае, што пік уздзеяння па­дзення нафтавых коштаў мы адчуем месяцы праз тры-чатыры. У любым выпадку, беларуская ўлада, што б ні казаў Нацбанк, будзе трымаць айчынную валюту ад маштабнага па­дзення — прынамсі, да прэзідэнцкіх выбараў. А вось што далей…

Па розуме, нам трэба пераходзіць ад «нафтавай» эканомікі да інавацыйнай. Аднак такі пераход наўрад ці магчымы без правядзення рэальных рынкавых рэформаў і структурнай перабудовы эканомікі. А гэта — міна запаволенага дзеяння пад рэжым асабістай улады Аляксандра Лукашэнкі.

Без рэформаў жа мы вырачаныя на далейшыя «чорныя панядзелкі». І зноўку ва ўлады атрымліваецца тая рэальнасць, дзе «і так кепска, і так кепска». Але ж некалі выбар зрабіць давядзецца. І чым раней — тым лепш.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: