Чым абернецца ваеннае становішча ва Украіне для Беларусі

Частка рэгіёнаў Украіны пераведзеная на ваеннае становішча. Такое рашэнне прыняло ўкраінскае кіраўніцтва ў сувязі з агрэсіўнымі дзеяннямі Расіі супраць украінскіх караблёў у Азоўскім моры. Ваеннае становішча ўведзенае на 30 дзён, і ў яго трапіла памежная з Беларуссю Чарнігаўская вобласць.

У сувязі з тым, што Беларусь з’яўляецца найбліжэйшым саюзнікам (у тым ліку і вайсковым) Расіі, хтосьці мяркуе, што Беларусь могуць уцягнуць ва ўкраінска-расійскі канфлікт. «Панове, маем выключна сур’ёзную сітуацыю, якой яшчэ не было ў найноўшай гісторыі Беларусі, — напісаў у Facebook рэдактар беларускай службы сайта InformNapalm і аўтар НЧ Дзяніс Івашын. — Дзякуючы «мудрагелістай» палітыцы рэжыму Лукашэнкі маем з дзяржавай-агрэсарам РФ — Адзіную рэгіянальную групоўку войск, Адзіную сістэму супрацьпаветранай абароны, так званую «Саюзную дзяржаву», АДКБ. Уздоўж мяжы з Беларуссю знаходзіцца ўдарны наступальны кантынгент УС РФ. Паводле ўсіх «саюзніцкіх» дамоваў Расія будзе ўцягваць Беларусь у вайну, тут без варыянтаў».

А таму, паводле меркавання Дзяніса Івашына, «усім патрыятычным сілам след рыхтавацца да актыўнай абароны нашай краіны».

Дык як адаб’юцца падзеі ва Украіне на Беларусі? Прапануем меркаванні экспертаў.


Ваеннае становішча — лайт

Кіраўнік праекта Belarus Security Blog Андрэй Паротнікаў называе ўвядзенне ваеннага становішча ва Украіне «дзіўным унутрыпалітычным жэстам» украінскай улады. Па яго словах, гэтае ваеннае становішча, абвешчанае на 30 дзён, практычна не ўводзіць нейкіх абавязковых крокаў ці абмежаванняў. «Гэта медыйна-палітычны жэст, зроблены незразумела для чаго. Хутчэй за ўсё, кіраўніцтву Украіны трэба было неяк адрэагаваць на сітуацыю, і яны адрэагавалі такім дзіўным чынам», — кажа ён.

 Андрэй Паротнікаў 

Аналагічнай думкі прытрымліваецца і ваенны аглядальнік Аляксандр Алесін. «Найперш, кіраўніцтва Украіны заявіла, што будзе вырашаць канфлікт мірным шляхам у міжнародных арганізацыях — Савеце Бяспекі ААН, савеце «Украіна — NATO», Еўрасаюзе. Украіна будзе спрабаваць аказаць ціск на Расію праз міжнародныя арганізацыі як дыпламатычным шляхам, так і настойваючы на прымяненні дадатковых эканамічных санкцый. Думаю, што ваеннае становішча цягам 30 дзён — сімвалічная дэманстратыўная мера, закліканая паказаць Расіі рашучасць у адстойванні сваёй пазіцыі, у тым ліку ўзброеным шляхам і для яднання народа і ўкраінскага істэблішменту. То-бок, вонкавыя дыпламатычныя захады і піяр унутры краіны. Ваеннае становішча на 30 дзён — несур’ёзна. Зразумела, што за гэты час нават аб’ём мер, прадугледжаных ваенным становішчам, рэалізаваць і ўвесці не атрымаецца. Таму, я думаю, як сказалі ўкраінскія палітолагі, будзе «ваеннае становішча — лайт»: палегчаная дэманстратыўная мера. Ніякай вайны з Расіяй, а тым больш з Беларуссю не будзе», — мяркуе Алесін.


АДКБ

Наконт таго, што з-за АДКБ Беларусь уцягнуць у вайну, то тут Паротнікаў зазначае: АДКБ не з’яўляецца ў чыстым выглядзе вайсковым блокам. Гэта — арганізацыя рэгіянальнай бяспекі, па-першае. І ніякіх абавязацельстваў аўтаматычна падтрымліваць саюзнікаў па блоку ў ёй няма.

Гэта, дарэчы, яскрава прадэманстраваў нядаўна і Аляксандр Лукашэнка, прадаўшы Азербайджану ракетныя комплексы «Паланез», чым выклікаў моцную незадаволенасць «саюзніка па АДКБ» Арменіі.

Па-другое, зазначае Паротнікаў, у АДКБ усе рашэнні прымаюцца кансенсусам. То бок, каб Беларусь была змушаная (у межах арганізацыі) падтрымаць Расію ў канфлікце з Украінай, трэба згода ўсіх чальцоў АДКБ. А такая згода наўрад ці будзе. Бо, як зазначае эксперт, ніводная з краінаў-чальцоў АДКБ юрыдычна не прызнала Крым тэрыторыяй Расіі.


Адзіная рэгіянальная вайсковая групоўка

Канешне, кажа Паротнікаў, Расія дзейнічае і ў Беларусі вельмі нахабна. Як прыклад ён прывёў нядаўнюю цырымонію прыняцця ў «Юнармію» дзяцей з рускіх сем’яў, якія пражываюць у Беларусі. Пасвячэнне ў «Юнармію» адбылося ў расійскай вайсковай частцы паветрана-касмічнай абароны ў Ганцавічах. У арганізацыю прынялі 15 дзяцей з сем’яў вайскоўцаў. У гэтым мерапрыемстве браў удзел новы пасол Расіі ў Беларусі Міхаіл Бабіч, які заявіў, што новыя «юнармейцы» будуць удзельнічаць у «патрыятычным выхаванні моладзі» разам з беларускімі аднагодкамі.

«Юнармія» — выключна расійская арганізацыя. І, паводле закона, яна не можа дзейнічаць на тэрыторыі Беларусі. Але пасол Расіі заяўляе, што яна будзе працаваць тут», — адзначыў Паротнікаў. У прынцыпе, лічыць ён, гэта непавага да беларускіх законаў.

Але такое нахабства ўсё ж абмежаванае, і наўрад ці распаўсюдзіцца на больш сур’ёзныя рэчы, кшталту пашырэння расійскай ваеннай прысутнасці ў Беларусі. Прынамсі на пытанне, ці можа гэта зрабіць Расія, Паротнікаў цвёрда кажа: «Без згоды Беларусі — не».

Аляксандр Алесін


Аляксандр Алесін тлумачыць, чаму. Таму што «не такі мы ўжо васал і не такі сатэліт Расіі, каб яна магла сюды нешта ўвесці без нашага ведама». Згодна з дамовай пра рэгіянальную групоўку войскаў, гэта — выключна абарончая ініцыятыва. «Расія не мае права па сваім жаданні ўвесці войскі ў Беларусь. Адзіны выпадак, калі яна можа накіраваць у Беларусь свае войскі, — гэта ў выпадку ўзнікнення вайны (непасрэдна агрэсіі) альбо пагрозы вайны (так званы «пагражаючы перыяд»). Тады, згодна з нашымі дамоўленасцямі, у распараджэнне Узброеных сіл Беларусі павінны прыбыць часткі сумеснай групоўкі войск з расійскага боку. Тыя часткі вызначаныя, маюцца маршруты іх перасоўвання і месцы, куды яны прыбудуць. Але без гэтай умовы — агрэсіі альбо пагрозы вайны — Расія сюды нічога перакінуць не можа», — зазначае эксперт.

Ёсць і яшчэ адно пагадненне, што Расія можа перакінуць войскі ў Беларусь на вучэнні — але на тэрмін не больш за два месяцы, і толькі з дазволу ўрада Беларусі.

Наўрад ці беларускія ўлады ў сувязі з ваенным становішчам ва Украіне будуць прасіць Расію ўвесці ў Сінявокую войскі рэгіянальнай групоўкі, і тым больш дадуць на гэта згоду. «Наадварот, Лукашэнка будзе імкнуцца дыстанцыявацца ад канфлікту і заклікаць абодва бакі да міру. І ніякіх варожых захадаў да Украіны прымаць не будзе. Ён не абавязаны прымаць тут расійскія войскі — па дамове ў нас абарончы саюз. І толькі ў выпадку, калі Украіна напала б на Расію ці групоўкі ўкраінскіх войскаў рыхтаваліся да такога нападу. У іншым выпадку — ніяк», — зазначае Алесін.

А, як было сказана вышэй, Украіна не імкнецца да ваеннага канфлікту і мае намер вырашаць спрэчку ў міжнародных арганізацыях.


Новая Гута — Новыя Ярылавічы

Адзінае складанае пытанне ўзнікае з Чарнігаўскай вобласцю, на тэрыторыі якой таксама ўведзенае ваеннае становішча. Згодна з украінскім дакументам, ваеннае становішча прадугледжвае, сярод іншага, усталяванне «асаблівага рэжыму ўезду і выезду, абмежаванне свабоды перамяшчэння грамадзян, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, руху транспарту».

У Чарнігаўскай вобласці знаходзіцца адзін з найбуйнейшых і найпапулярнейшых пунктаў пропуску на беларуска-ўкраінскай мяжы: «Новая Гута — Новыя Ярылавічы». Ці ўскладніцца ў сувязі з гэтым рух грамадзян туды-сюды?

Пакуль што праблем з гэтым не існуе. Як паведамілі НЧ ва ўпраўленні пагранічнага кантролю Гомельскай памежнай групы, на дадзены момант пераход мяжы ажыццяўляецца ва ўстаноўленым рэжыме. У пагранкантролі Чарнігаўскага памежнага атрада растлумачылі, што на бягучы момант ніякіх зменаў для грамадзян Беларусі, якія едуць ва Украіну, няма.

Паротнікаў спадзяецца, што і надалей зменаў не будзе. «Што тычыцца ўзмоцненага кантролю, то беларусаў і раней пільна даглядалі на прадмет перамяшчэння праз мяжу забароненых прадметаў альбо асобаў, якія прызнаныя ва Украіне «непажаданымі». Таму, я думаю, для шараговых беларусаў мала што зменіцца», — кажа ён.

Насамрэч, нечаму змяніцца на беларуска-ўкраінскай мяжы даволі складана, — і нават незалежна ад таго, ёсць ваеннае становішча ці няма. Спрацоўвае выключна фізічны і чалавечы фактар. Думаю, не адкрыю тут украінскай ваеннай тайны: на тым жа пераходзе «Новыя Ярылавічы» ў мінулым годзе памежнікі скардзіліся, што некамплект асабістага складу памежнікаў і мытні складае 30%. Улетку гэтага года, калі я перасякаў мяжу там жа, нейкі ўкраінскі афіцэр закаціў скандал. Маўляў, памежнікі павольна працуюць, а яму праз 14 гадзін трэба быць у Марыўпалі. На што памежніца яму адрэзала: «Я другія суткі запар працую!» Значыць, сітуацыя не змянілася.

Але ў гэтым плане, кажа Аляксандр Алесін, усё зале­жыць ад кіраўніцтва Украіны. У прыватнасці, ад таго, наколькі сур’ёзна яны будуць падыхо­дзіць да ваеннага становішча ў Чарнігаўскай вобласці.

«Ёсць максімум і мінімум мер. Па максімуме альбо па мінімуме будзе дзейнічаць ваеннае становішча, залежыць ад кіраўніцтва Украіны, ад вярхоўнага галоўнакамандуючага, якім ва Украіне з’яўляецца Пётр Парашэнка. Я думаю, ён будзе дзейнічаць згодна з рэкамендацыямі свайго Савета Бяспекі. Наўрад ці, я думаю, будуць нейкія жорсткія захады на беларуска-ўкраінскай мяжы, якія адаб’юцца на людзях, што едуць у абодва бакі. Калі б пачаўся прызыў салдат запасу, разгортваліся б ваенныя групоўкі, згодна плану абароны Украіны, — можна было б пра нешта казаць, але я думаю, што гэтага не будзе. Мажліва, узмоцняць пашпартны кантроль, мажліва, больш пільна пачнуць даглядаць, але наўрад ці будуць сур’ёзныя перашкоды для перасоўвання людзей, тавараў і іншага», — кажа ён.

Ваеннае становішча ва Украіне пратрывае да 9 гадзін раніцы 27 снежня. Можна меркаваць, што беларусы цалкам і бесперашкодна змогуць сустрэць Новы год у Чарнігаве, Кіеве ці на курортах Карпатаў.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!