Чым небяспечны Зяленскі для беларускай улады?

Да другога тура выбараў ва Украіне застаецца не так шмат часу. Кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў свой час некалькі разоў выказаў упэўненасць у перамозе Пятра Парашэнкі.
Але днямі выказаўся і аб яго апаненце Уладзіміры Зяленскім: заявіў, што і актор можа стаць эфектыўным прэзідэнтам, прывёўшы ў якасці прыкладу Рональда Рэйгана. Цікавая карэкцыя рыторыкі, цікавым застаецца і пытанне «на што і на каго разлічвае Лукашэнка ва ўкраінскай выбарчай гонцы?". Балазе па Трампе прагноз беларускага кіраўніка быў правільным.

На самай справе, працэсы праходзяць у суседняй краіне значна больш глыбокія, чым простая змена лідэра. Па вялікім рахунку, усё роўна каго ЦВК абвесціць пераможцам - палітыка дзяржавы, нават самі асновы існавання палітычных элітаў падлягаюць змене. Бо, калі паглядзець на вынікі першага тура, недабралі галасоў усе прадстаўнікі старых элітаў. Пётр Парашэнка можа перамагчы і можа стаць вельмі эфектыўным кіраўніком дзяржавы ў выпадку, калі пойдзе днямі агучаным шляхам - карэннага перафарматавання свайго атачэння і змены падыходаў да існавання дзяржаўных інстытутаў. Калі ж, нават атрымаўшы большасць, пойдзе шляхам "цэментавання" элітаў - яго час пры ўладзе будзе нядоўгім.

Тое ж самае можна сказаць і пра Зяленскага: спробы сфармаваць каманду са старых кадраў прывядуць да датэрміновых выбараў прэзідэнта пасля імпічменту альбо майдана. А вось фармаванне цалкам новай палітычнай эліты можа стаць прычынай поспеху.
Для Аляксандра Лукашэнкі такі варыянт развіцця падзей ёсць прамой пагрозай: - з аднаго боку ён ламае старыя схемы камунікацыі з кіраўніцтвам суседняй дзяржавы - з другога боку, ён (у выпадку поспеху Украіны) дае відавочны прыклад для Беларусі і беларусаў - змены магчымыя і яны могуць прывесці да лепшага.

Натуральна, што фармаванне новых элітаў, перафарматаванне дзяржавы не з'яўляецца простым працэсам і Украіна можа прайсці праз цэлую звязку праблем. Нельга адкідаць і фактар ​​расійскага ўплыву. Але гэта таксама пазітыў - бачыць чужыя памылкі, рабіць з іх высновы - прасцей і танней, чым набіць гузы на ўласным ілбе.

Паводле thinktanks.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!