Да амбасады Расіі ў Мінску прынеслі папяровыя караблікі

Такім чынам мінчане адгукнуліся на заклік «Моладзі БНФ» асудзіць акт агрэсіі Расіі супраць Украіны ў Азоўскім моры.
Ля будынка амбасады Расіі ўвечары 26 лістапада сабралася да 15 актывістаў, сярод якіх былі сябры «Моладзі БНФ», «Маладога Фронту» і проста неабыякавыя грамадзяне.

— Захоп Расіяй украінскіх караблёў у Азоўскім моры — гэта агрэсія. Расія зрабіла крок да пачатку вайны. Я лічу, што беларуская грамадзянская супольнасць не павінна заставацца ў баку ад гэтага, мы мусім выказаць сваю падтрымку Украіне і асуджэнне агрэсіі Расіі. Бо сёння гэта Украіна, а заўтра можа быць і Беларусь, — распавёў «Новаму Часу» сябра «Моладзі БНФ» Арсень Дзядок.
Арсень Дзядок

Арсень Дзядок

Актывісты прынеслі да будынка амсбасады папяровыя караблікі, размаляваныя ўкраінскімі сцягамі.

— У Кіеве ўчора да Расійскай амбасады разам з шынамі прыносілі папяровыя караблікі. З шынамі ў нас дакладна нічога не выйшла б, а вось ідэя «Моладзі БНФ» прынесці караблікі падалася добрай. У любым выпадку, неяк трэба рэагаваць, — мяркуе яшчэ адна ўдзельніца акцыі Святлана Каваленка.

Моладзевыя актывісты падкрэсліваюць, што іх акцыя носіць выключна мірны характар.
Актывіст Курапацкай варты маладафронтавец Дзяніс Урбановіч таксама прыйшоў да амбасады Расіі

Актывіст Курапацкай варты маладафронтавец Дзяніс Урбановіч таксама прыйшоў да амбасады Расіі

Зрэшты, збольшага яна прайшла спакойна: цягам некалькіх хвілін удзельнікі паклалі караблікі ля цэнтральнага ўваходу ва ўстанову і разыйшліся. За іх дзеяннямі назіралі па меншай меры восем асоб у цывільным, адзін з іх здымаў на камеру. Сярод цывільных быў і начальнік РАУС Цэнтральнага раёна сталіцы Артур Шахлай. Паміж ім і яго калегамі адбылася кароткая спрэчка з некалькімі ўдзельнікамі акцыі, але ў выніку затрыманняў не адбылося.
Артур Шахлай (справа) і праваахоўнікі ў цывільным спрачаюцца з удзельнікамі акцыі (двое злева)



Нагадаем, 25 лістапада Расійскія марскія памежнікі і сілы спецпрызначэння напалі на тры ўкраінскія караблі, калі тыя вярталіся пасля няўдалай спробы прайсці праз Керчанскі праліў у Азоўскае мора. Пры гэтым, паводле звестак украінскага боку, напад адбыўся па-за 12-мільнымі межамі водаў вакол акупаванага Крыму, на якія Расія прэтэндуе як на «свае тэрытарыяльныя».

Са свайго боку Расія заявіла, што ўкраінскія караблі нібыта парушылі тэрытарыяльныя вады Расіі і ўвайшлі ў закрытую акваторыю. Акрамя таго, Украіна нібыта не падала заяўку на праходжанне Керчанскага праліва.

26 лістапада пасля паўночы на пасяджэнні Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны было прынята рашэнне аб падрыхтоўцы да ўвядзення ваеннага становішча ва Украіне на 60 дзён з прычыны нападу Расіі на ўкраінскія вайсковыя караблі. Прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка гэты захад ухваліў, на момант падрыхтоўкі публікацыі ўвядзенне ваеннага становішча разглядала Вярхоўная Рада.

Шэраг краін свету асудзілі агрэсію Расіі супраць Украіны.

Фота аўтаркі

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!