Да суботы сілавікі маглі быць упэўненыя ў сваёй беспакаранасці

Які сігнал Лукашэнка паслаў сілавікам і пратэсту?
Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева


Відавочна, што суботняе мерапрыемства — гэта чарговы фінт Аляксандра Лукашэнкі, які спрабуе заблытаць і перайграць усіх. Ён у любы момант можа змяніць рыторыку, зноў абазваць сваіх апанентаў і разабрацца з імі па паняццях.

І ўсё ж "сустрэча з прадстаўнікамі апазіцыйных палітычных рухаў" (так гэты сход пайменаваны на сайце Лукашэнкі), нягледзячы на адсутнасць неадкладных вынікаў у выглядзе хоць бы змены меры стрымання некаторым арыштаваным, мае наступствы.

Западозрыць Лукашэнку ў добрай волі было б абразліва для яго. Тады што прымусіла цяперашняга кіраўніка Беларусі пайсці на беспрэцэдэнтны крок?

Зразумела, што гэта спалучэнне шэрагу фактараў, большасць з якіх з'яўляюцца нябачнымі. Але ёсць адзін цалкам відавочны.

Падзеі, якія разгарнуліся да, падчас і пасля нядаўніх выбараў, маюць мноства перасячэнняў з тымі, якія можна было назіраць 10 гадоў таму. Але ў 2010-м Лукашэнка не прыязджаў да Уладзіміра Някляева, Андрэя Саннікава ды іншых на «абмен думкамі» у СІЗА.

Што змянілася? Бясспрэчнае адрозненне двух палітычных сезонаў заключаецца ў тым, што ў 2020-м мы назіраем масавыя працяглыя акцыі прыхільнікаў пераменаў. Без іх размова ў «амерыканцы» была б немагчымай.

Лукашэнка адным махам перакрэсліў прапагандысцкія тэзісы пра тое, што пратэст здзімаецца, а прагулкі па вуліцах бессэнсоўныя. Эфект ад дэманстрацый апынуўся не такім хуткім і моцным, як хацелася б іх удзельнікам, але ў суботу ён стаў вельмі наглядным.

Як гэта часта бывае з Лукашэнкам, ён сказаў крыху больш, чым хацеў. Фраза "Канстытуцыю на вуліцы не напішаш" цалкам ясна паказвае на адну з прычын, якая вымусіла яго наведаць следчы ізалятар.

Не жадаючы таго, Лукашэнка паслаў сваім праціўнікам натхняльны сігнал: пратэст працуе.

Але гэта яшчэ не ўсё.

Зразумела, па чыёй указцы прадстаўнікі апазіцыйных рухаў апынуліся ў месцы правядзення гэтага неардынарнага "саміту". Але заводзілі крымінальныя справы, падпісвалі пастановы аб арышце і здзяйснялі іншыя цікавыя дзеянні цалкам канкрэтныя выканаўцы з органаў, названых праваахоўнымі.

Да суботы сілавікі маглі быць упэўненыя ў сваёй беспакаранасці. Лукашэнка пакрываў любыя іх мастацтвы, асабіста заступаючыся за АМАП і іншыя структуры. Расклад выглядаў вельмі простым: па гэты бок «рубяжоў» свае, якім дазволена ўсё, а па другі — ворагі, чыя доля сумная.

Аднак сустрэча ў СІЗА прадэманстравала, што траекторыя Лукашэнкі можа імкліва мяняцца. Учорашнія "крымінальнікі» і "адмарозкі" сёння апынуліся легітымнымі партнёрамі для абмеркавання найважнейшых дзяржаўных праблем. І аднаму Богу вядома, дзе яны апынуцца заўтра.

Гэтак жа непрадказальнай цяпер выглядае лёс тых, хто парушае закон і мараль. Іх могуць зліць хутка і жорстка — яшчэ пры гэтай уладзе. Ці варта працягваць нахабнічаць, калі гарантыі беспакаранасці фактычна ануляваныя?

Па сутнасці, Лукашэнка даў зразумець сілавікам: кожны сам за сябе.

Як "дасведчаны палітык", Лукашэнка наўрад ці мог не разумець, што сустрэчай у СІЗА сее энтузіязм сярод сваіх апанентаў і няўпэўненасць у шэрагах прыхільнікаў. Але, верагодна, яго становішча складаней, чым уяўляецца звонку, раз чалавек, які, па ўласнай версіі, карыстаецца падтрымкай 80% грамадзян, раптам у суботу (!) напярэдадні чарговага маршу (!) праводзіць з вязнямі "амерыканкі" больш часу, чым на перамовах з Пуціным.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: