Дабрабыт правоў чалавека

На адзін эканамічны поспех аўтарытарызму прыходзіцца дзясятак правалаў. У той час, як краіны, якія выкарыстоўвалі дэмакратычныя інструменты, амаль заўсёды дасягалі і эканамічнага дабрабыту. Дык што ж агульнага ў кілбасы і Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека?

10 снежня мы адзначаем 70-ю гадавіну прыняцця глабальнага дакумента, які перавярнуў свет. У гэты дзень у 1948-м была прынятая Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека.

Зразумела, такое азначэнне, як «правы чалавека», выклікае шмат розных інтэрпрэтацый. Паводле Лукашэнкі, напрыклад, правы чалавека — гэта мір, стабільнасць, магчымасць пракарміць сям’ю, права на працу і нармальны заробак. Гэта ён казаў неаднаразова і не стамляўся паўтараць. «Будуць нармальна жыць людзі — будзе дэмакратыя», — сказаў ён падчас Мюнхенскай канферэнцыі 31 кастрычніка.

І, успрымаючы правы чалавека як бяспеку і матэрыяльны дабрабыт, ён пасоўвае ўбок палітычныя і грамадскія свабоды. Свабоду выбару, свабоду слова, свабоду сходаў і асацыяцый, свабоду яднання ў прафсаюзы… Увогуле, тое, пра што кажа Аляксандр Рыгоравіч, — сацыяльна-эканамічныя свабоды — ва Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека займаюць пяць артыкулаў. Пяць з трыццаці.

Але насамрэч, падобная інтэрпрэтацыя правоў чалавека не прыводзіць да дабрабыту людзей. Даказана гісторыяй, прычым — нядаўняй, і нашай.

Напачатку 1990-х, калі Беларусь атрымала незалежнасць, разгарнулася маштабная дыскусія паміж «рамантыкамі» і «прагматыкамі». Коратка яе змест можна выкласці адным пытаннем: «Што важнейшае: мова ці кілбаса»? Што найперш: дэмакратыя і каштоўнасці альбо запоўненыя таварамі прылаўкі і «магчымасць пракарміць сям’ю»? «Рамантыкі» з БНФ і Зянон Пазьняк сцвярджалі: найперш мова, дэмакратычныя каштоўнасці, а «кілбаса» (дабрабыт) з часам дададуцца. «Прагматыкі» ж казалі: спачатку накормім народ, дамо яму матэрыяльны грунт, а ўжо потым будзем развіваць дэмакратычныя інстытуты.

Перамаглі «прагматыкі», якія і прывялі да ўлады Лукашэнку. Але ў выніку мы чамусьці не атрымалі ні кілбасы, ні мовы. Маем, неканкурэнтную эканоміку ў стагнацыі і ніжэйшыя за ўсіх у рэгіёне заробкі (за выключэннем Украіны, але там вайна).

Чаму так атрымалася? «Прагматыкі», канешне ж, перамаглі. А мелі рацыю якраз «рамантыкі». Бо палітычныя і грамадскія правы чалавека — права абіраць і быць абраным, права на свабоду слова і сходаў, права выказ­ваць сваё меркаванне і права на справядлівы і нейтральны суд — гэта фундамент дабрабыту матэрыяльнага. А не наадварот.

Палітычныя свабоды, права выбару, азначаюць абраны парламент, які будзе прымаць сапраўды карысныя і важныя законы, а не тое, што спусцяць яму «зверху». Такім чынам прымаюцца празрыстыя «правілы гульні» і ў эканамічным плане. Права выбару — гэта абіраемая выканаўчая ўлада, якая забяспечвае выкананне «правілаў гульні». Гэта незалежная судовая сістэма, якая назірае, каб усё было сумленна і па законе.

Калі выконваюцца палітычныя правы, тады ўзнікаюць эканамічныя правы і свабоды: абарона інвестыцый, захаванне права ўласнасці, свабода ад карупцыі, свабода працоўных адносінаў, празрыстая падатковая сістэма і сапраўдная роўнасць бізнесу перад законам. Не зважаючы на тое, вялікі гэта бізнес ці малы, мае ён доступ да вышэйшых эшалонаў улады ці не мае, у сталіцы ён працуе ці ў правінцыі — ён роўны.

А з развіцця эканамічных свабодаў і з’яўляецца тая самая «кілбаса»: працоўныя месцы, заробак, тавары і прадукцыя… Прычым, вызначальнае тут слова — «свабодаў», а не «эканамічных».

А свабода слова, свабода сходаў, свабода асацыяцый — гэта якраз зваротная сувязь паміж уладаю і грамадствам. Калі ўлада недзе «лапухнулася», грамадства праз свае інструменты падказвае: «Спадары, вы накасячылі». І ва ўлады ёсць магчымасць выправіць памылку. Не разганяць мітынгі з дапамогай дручкоў і слёзацечкі, а прыслухацца: нешта пайшло не так.

Безумоўна, некаторыя скажуць, што канцэпцыя спрэчная. Ёсць досвед Чылі, дзе за аўтарытарным рэжымам Піначэта краіна дасягнула неверагодных эканамічных паказчыкаў. Цяпер ёсць досвед Кітаю, які стаў сусветным эканамічным лідарам без усялякай дэмакратыі.

Аднак апалагеты Піначэта, калі аперуюць працэнтамі ВУП і інвестыцый, забываюць нагадваць, што інфляцыя ў часы таго Піначэта сягала да 500% на год, а сярэдні заробак быў роўны 15 доларам ЗША. Пра прымусовую працу ў Кітаі — калі, напрыклад, тавары сусветных брэндаў, кшталту Walmart, вырабляюць зняволеныя, — ходзяць легенды.

Ды што там далёка глядзець: у нашым Светлагорску Кітай пабудаваў завод беленай цэлюлозы з такім грэбаваннем экалагічнымі нормамі (а зна­чыць — абыякавасцю да лю­дзей), што яго дагэтуль напоўніцу запусціць не могуць.

У любым выпадку: на адзін эканамічны поспех аўтарытарызму прыходзіцца дзясятак правалаў. У той час, як краіны, якія выкарыстоўвалі дэмакратычныя інструменты, амаль заўсёды дасягалі і эканамічнага дабрабыту.

Давайце параўнаем свае заробкі (і цэны таксама) з краінамі, якія ў тых жа 1990-х гадах вырашылі, што для іх важнейшая дэмакратыя, а не кілбаса. Тая ж Польшча — заробкі ў тры разы вышэйшыя, а кошты — таннейшыя. Альбо Літва: чаму нашы суайчыннікі з «квітнеючай» Беларусі як трагедыю ўспрымаюць закрыццё на рэканструкцыю крамы «Maxima» ў віленскім «Акропалісе»?

Можа быць таму, што «будуць правы чалавека — будуць нармальна жыць людзі», а не наадварот?



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: