Дагаварыўся! Макей абвінаваціў у дачыненні да фінансавання пратэстаў… ААН!

Прадстаўнікі ААН у Беларусі датычныя да фінансавання беларускіх пратэстаў, заявіў міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей у інтэрв’ю тэлеканалу «Беларусь 1» па выніках сустрэчы з кіраўніком ААН Антоніу Гутэрышам.

Уладзімір Макей у «экстрэмісцкіх» колерах


«Што тычыцца сустрэчы з Генеральным сакратаром ААН, я быў вымушаны пазначыць шэраг некаторых праблемных пытанняў, якія з’явіліся ў апошні час у нашых адносінах з гэтай арганізацыяй. Мы паказалі на недапушчальнасць выкарыстання асобных структур ААН для дэманізацыі Беларусі, дыскрэдытацыі Беларусі па абсалютна надуманых палітызаваных матывах», — цытуе Макея Інтэрфакс-Захад.

«Аказалася, ён нават не ведаў некаторых момантаў, і трэба разумець, што асобныя яго памочнікі, а гэтыя памочнікі, як нам вядома, з’яўляюцца прадстаўнікамі краін-членаў Еўрапейскага Саюза, за яго спінай робяць шэраг, скажам, непрывабных рэчаў. І калі ў бліжэйшы час будуць апублікаваныя адпаведныя матэрыялы па лініі ААН з падачы гэтых памочнікаў Генеральнага сакратара, мы раскажам пра тое, як некаторыя прадстаўнікі каманды ААН у Беларусі выкарыстоўвалі фінансавыя сродкі ААН, якія выдзяляюцца для людзей з інваліднасцю, на падтрымку ўдзельнікаў пратэсных акцый, і да таго падобнае», — заявіў кіраўнік МЗС.

«Мы папярэдзілі Генеральнага сакратара пра гэта, хоць раней мы дамовіліся не даводзіць да агульнага ведама гэтыя факты, але раз гэтая арганізацыя парушыла дамоўленасці, то са свайго боку мы таксама зробім адпаведныя высновы і праінфармуем і наша грамадства, і ўсіх нашых партнёраў у рамках ААН», — сказаў міністр.

Варта зазначыць, што «лялькаводаў пратэстаў» нам абяцаюць паказаць ад самага іх пачатку. Больш за год іх не могуць знайсці... Можа быць, таму што іх няма?


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: