Дакладчык Еўрапарламента па Беларусі заклікаў ЕС прадугледзець санкцыі супраць беларускіх чыноўнікаў

Пастаянны дакладчык Еўрапейскага парламента па Беларусі, дэпутат ад Літвы Пятрас Аўштравічус 8 чэрвеня звярнуўся да віцэ-старшыні Еўрапейскай камісіі, вярхоўнага прадстаўніка Еўрасаюза па замежных справах і палітыцы бяспекі Жазэпа Барэля з просьбай адрэагаваць на рэпрэсіі , якія адбываюцца ў Беларусі ў дачыненні да дэманстрантаў і прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці. Тэкст ліста апублікаваны на сайце Аўштравічуса.
Пятрас Аўштравічус. Фота: austrevicius.lt

Пятрас Аўштравічус. Фота: austrevicius.lt

У лісце Аўштравічуса адзначаецца, што ён «непрыемна шакаваны» паводзінамі беларускіх уладаў, якія ўзмацнілі рэпрэсіі ў дачыненні да мірных пратэстуючых і грамадзянскіх актывістаў напярэдадні выбараў 9 жніўня.

«Усё больш беларусаў абураныя маніпуляваннем уладай прэзідэнтам Лукашэнкам, і перспектыва свабодных і справядлівых выбараў здаецца змрочнай: рэжым відавочна не мае намеру ствараць роўныя ўмовы для гульні або браць пад увагу даўнія рэкамендацыі Венецыянскай камісіі і Бюро АБСЕ па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека», — піша еўрадэпутат. Ён таксама паведаміў, што яго асцярогі падзяляе Анаіс Марын, спецдакладчык ААН па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі.

Аўштравічус нагадаў, што апошнія чатыры гады ЕС імкнуўся добрасумленна супрацоўнічаць з Мінскам, падпісаўшы дамовы аб спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі, якія ўступяць у сілу ў гэтым годзе, а таксама падвоіўшы аб'ём падтрымкі і наладзіўшы тэхнічныя дыялогі па канкрэтных пытаннях.

«Аднак беларускі рэжым не стрымаў сваіх абяцанняў», — лічыць пастаянны дакладчык Еўрапейскага парламента па Беларусі.

Еўрадэпутат прапанаваў Жазэпу Барэлю перанакіраваць наяўныя сродкі арганізацыям грамадзянскай супольнасці, якія адданыя яго каштоўнасцям. Пры гэтым ён адзначыў, што зрабіць гэта будзе няпроста, у сувязі з абмежаваннямі беларускіх уладаў у дачыненні да міжнароднай дапамогі суб'ектам грамадзянскай супольнасці.

«Тым не менш я лічу, што ЕС павінен, па меншай меры, больш актыўна выказвацца пра імклівае падаўленне свабод, выразна выказваючы салідарнасць з ахвярамі рэпрэсій і безумоўна асуджаючы арышты актывістаў, сябраў апазіцыі і кандыдатаў у прэзідэнты», — дадаў Аўштравічус.

Ён таксама заявіў, што «глыбока занепакоены абуральнымі спробамі дзяржаўных чыноўнікаў і праўладных СМІ прадставіць фінансавую і тэхнічную дапамогу ЕС доказам таго, што ЕС аказвае падтрымку Лукашэнку ці падае яму нейкі карт-бланш».

«Такія зламысныя спробы дэзінфармацыі могуць паўплываць на імідж і папулярнасць ЕС унутры краіны і за яе межамі. Таму я заклікаю вашыя службы аператыўна і старанна вырашаць такія сітуацыі. Мы павінны дакладна данесці, што фінансавая і тэхнічная дапамога ЕС накіравана на тое, каб даваць адчувальныя вынікі для грамадзян, але ніякім чынам не на ўзаконьванне або ўмацаванне аўтарытарнага рэжыму», — падкрэсліў пастаянны дакладчык Еўрапейскага парламента па Беларусі.

Аўштравічус перакананы, што ЕС павінен пачаць перагляд палітыкі ў дачыненьні да Беларусі, у тым ліку «прадугледзець санкцыі ў дачыненні да службовых асоб і іншых вінаватых у парушэннях правоў чалавека і асноўных свабод, калі эскалацыя гвалту не аслабне, а прэзідэнцкія выбары будуць праведзены ў катастрафічных абставінах».

«Беручы пад увагу важнасць і ўлічваючы сітуацыю ў Беларусі, якая хутка пагаршаецца, я заклікаю вас дзейнічаць неадкладна і адправіць ясны адназначны сігнал беларускім уладам», — звярнуўся Аўштравічус да Барэля.

tut.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: