Далей — з надзеяй

Год, які цяпер мінае, быў яшчэ не вельмі складаны. Складанасці ў нас будуць наперадзе. І відавочна, што гэтыя складанасці створаныя неабачлівай палітыкай, якая праводзілася раней. У наступным галоўнае — памылак не паўтараць.

Фота Алены Ляшкевіч

Пачынаўся 2019-ты так званым «ультыматумам Мядзведзева» па паглыбленай інтэграцыі. Заканчваецца ён тым жа самым. Паводле расійскага прэм’ера, далейшая фінансавая і эканамічная дапамога Беларусі магчымая толькі тады, калі будуць створаныя наднацыянальныя органы Саюзнай дзяржавы, агульная валюта і агульны эмісійны цэнтр. «Усе формы дадатковай падтрымкі, дадатковыя формы крэдытавання магчымыя толькі ў выпадку, калі дарожныя карты будуць выкананы і ўвасобяцца ў законы», — прывяло днямі словы Мядзведзева сеткавае выданне «Гаворыць Масква».

Падаецца, што Мядзведзеў займеў «галавакружэнне ад поспехаў». Занадта лёгка яму ўдалося прасунуць ідэю сваёй «паглыбленай інтэграцыі», і таму ён вырашыў наўпрост шантажаваць беларускае кіраўніцтва, каб давесці інтэграцыю да інкарпарацыі. У будучым мы пабачым, наколькі ўсё ж «ненахіляемы» Аляксандр Рыгоравіч, і наколькі шчырыя яго словы пра абарону суверэнітэту Беларусі «да апошняга».

Другая падзея, якая даволі сур’ёзна адаб’ецца на знешняй палітыцы Беларусі — гэта праведзеныя «выбары» ў Палату прадстаўнікоў сёмага склікання. Як вядома, яны былі нелегітымныя ад самага пачатку: кіраўнік краіны можа распусціць парламент і прызначыць датэрміновыя выбары выключна ў двух выпадках: у выпадку непрызначэння прэм’ера двойчы, ці калі парламент груба парушыў Канстытуцыі. Ані першага, ані другога «палатачнікі» не рабілі — і ўсё роўна іх тэрмін паўнамоцтваў быў скарочаны амаль на год.

Зразумела, што выбары прайшлі па старой беларускай завядзёнцы — то-бок, з масавым прымусам і фальсіфікацыямі. І ўсё гэта, а таксама нежаданне змяняць выбарчае заканадаўства і правапрымяняльную практыку, заўважылі міжнародныя назіральнікі. Еўрапейскія наглядныя структуры выдалі вельмі жорсткую папярэднюю рэзалюцыю. Канчатковы даклад яшчэ будзе абмяркоўвацца ў Савеце Еўропы.

Чым гэта нам пагражае — невядома. Але, падаецца, нездарма ЕС «прытармазіў» падпісанне пагаднення па памякчэнні візавага рэжыму з Беларуссю. 2 лютага 2020 года пачне дзейнічаць новы візавы кодэкс ЕС, які прадугледжвае павышэнне кошту віз да 80 еўра. Да гэтага часу дамова аб візавым спрашчэнні не паспее набыць моц, і нейкі перыяд беларусам давядзецца плаціць за візу не 60, а 80 еўра.

Насамрэч, тую Палату прадстаўнікоў варта было раза­гнаць. Па-першае, яны не здолелі абараніць нават самі сябе. А па-другое, прынялі ці не самы антынародны ў гэтым годзе закон — так званы «закон Раўкова», які дэ-факта адмяніў адтэрміноўкі вайсковай службы для студэнтаў і тых, хто паступае ў ВНУ.

Мінабароны сцвярджае, што такім чынам пакрываецца «недабор у войска», які цяпер, з-за дэмаграфічнай яміны 2000-х гадоў, складае 38%. Але насамрэч, гэты дакумент толькі сведчыць пра ўзровень кампетэнтнасці нашага абарончага ведамства: бо яшчэ Сувораў заклікаў перамагаць «не колькасцю, а ўменнем». Нашы ж ваякі паклапаціліся менавіта пра колькасць.

Безумоўны адбітак на грамадства наклала трагедыя ў Стоўбцах у лютым, калі падлетак прыйшоў з нажом у школу ды парэзаў настаўніцу і вучня, і яшчэ дваіх параніў. Гэта быў вырак усёй сістэме выхавання і адукацыі ў Беларусі. Канешне, навучэнец дзясятага класа Вадзім, які здзейсніў гэта, атрымаў максімальна магчымую ў яго гадах меру пакарання — 13 гадоў калоніі. Але пытанні ўсё роўна засталіся. Як, пры такой колькасці органаў, што кантралююць паводзіны дзяцей, тое магло здарыцца? Куды глядзелі ўсялякія «камісіі па справах непаўнагадовых», іншыя органы, што з-за дробязяў адбіраюць дзяцей, урэшце, БРСМ, які ёсць ці не ў кожнай школе? І чаму, па словах кіраўніка дзяржавы, «вінаватыя мы ўсе»?

Падаецца, з прысудам падлетку дзяржава паспрабавала «перагарнуць старонку», як гэта было і ў справе па Нямізе ў 1999-м, і па выбуху ў мінскім метро ў 2011-м. Але пытанні, як і ў тых справах, так і ў гэтай, — засталіся. А міністр адукацыі нават не пакінуў сваёй пасады!

Не паспелі беларусы асэнсаваць гэта, як на парадзе 3 ліпеня ў выніку выбуху няякаснага феерверку загінула жанчына. Між іншым, Міністэрству абароны тысячу разоў казалі — пераносьце парад з цэнтра горада! Парад — гэта не толькі нязручна, не толькі псуе інфраструктуру, гэта яшчэ і небяспечна! Аднак кіраўніцтва Мінабароны працягвае трымацца замшэлых савецкіх традыцыяў, нягледзячы на тое, што маглі б і горад разгрузіць на свята, і відовішчнае шоу зладзіць. Дзеля іх жа пабудавалі фэйкавую «лінію Сталіна»!

І, канешне, ж, на нас моцна паўплывалі падзеі, якія адбываліся ў нашых суседзяў. Найперш, у віруючай паўднёвай — Украіне. Напачатку года там атрымалі Томас, што адвязала Украіну ад Маскоўскага патрыярхату. Зараз ва Украіне — свая царква са сваім цэнтрам у Кіеве. А потым на прэзідэнцкіх выбарах фенаменальна перамог комік Уладзімір Зяленскі.

Па тым, як актыўна беларусы абмяркоўвалі тыя выбары і перамогу Зяленскага, стала відавочным: ім абрыдла нязменнасць улады. Ім вельмі хочацца пабачыць у тэлевізары нейкі новы твар, чым чвэрць стагоддзя — аднаго і таго ж чалавека. Але пакуль жаданне грамадства не ўвасобілася ў дзеянні, каб дасягнуць пажаданага. Магчыма — толькі «пакуль».

Другое: фраза «вы хочаце, каб было так, як ва Украіне?» набыла адваротны сэнс. Шок ад Рэвалюцыі годнасці, Крыму і Данбасу ў беларусаў прайшоў. І ўжо няма нічога кепскага ў тым, каб «хацець так, як ва Украіне».

І, канешне ж, Літва, пахаванне парэшткаў Кастуся Каліноўскага. Нягледзячы на тое, што ўрачыстасці адбываліся ў суседняй дзяржаве, яны ператварыліся ў дэманстрацыю беларускага духу. Для Літвы гэтая ўрачыстасць была дзяржаўная, для Беларусі — сапраўды народная. Беларусы арганізавалі відовішчнае шэсце ў цэнтры літоўскай сталіцы, надаўшы падзеі велічэзнае значэнне: як доказ таго, што «героі — не ўміраюць».

Што ж адбудзецца ў 2020-м? Працяг інтэграцыі, прэзідэнцкія выбары, анансаваны пачатак новага сусветнага эканамічнага крызісу… Насамрэч, якім будзе наступны год — залежыць толькі ад нас.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: