Макей ізноў развярнуўся?

У савецкія часы была папулярная фраза: «Калі ты плюнеш у калектыў — калектыў утрэцца. Калі калектыў плюне ў цябе — ты патонеш».
Будынак МЗС, фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Будынак МЗС, фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Кіраўнік МЗС Уладзімір Макей у інтэрв’ю RT заявіў: «Мы зацікаўленыя ў тым, каб любыя канфлікты вырашаліся шляхам спакойнага, нармальнага, як цяпер модна казаць, інклюзіўнага дыялогу. Гэта тычыцца і ўнутрыпалітычнай сітуацыі, гэта тычыцца і нашай гатоўнасці да дыялогу на знешнім контуры. Мы і цяпер гатовыя садзіцца за стол перамоваў з любым нашым партнёрам, якія выкажуць жаданне на гэты конт, але, на жаль, пакуль мы не чуем ніводнага здаровага голасу ў хоры калектыўнага Захаду». Пры гэтым ён дадаў, што Беларусь ніколі не была і не збіраецца быць крыніцай напружанасці, што Мінск гатовы «абмяркоўваць канкрэтныя напрамкі ўзаемадзеяння, калі з боку партнёраў будзе шчырая адкрытасць да такога роду дыялогу», і звярнуў увагу на тое, што на гэтым фоне для Мінска застаецца «самым галоўным эканоміка».

Заява даволі дзіўная, якая якраз і ўказвае на тое самае ўсведамленне патопу. Найперш, калі спадар Макей «не чуе ніводнага здаровага голасу», то, можа быць, прачытае, што да таго самага «інклюзіўнага дыялогу» ад жніўня 2020-га яго заклікаюць усе — не толькі «ворагі» з ЕС і ЗША, але і ААН, і АБСЕ. Але дыялог павінен пачацца спакойна і нармальна, без закладнікаў у беларускіх турмах, якімі з’яўляюцца цяпер палітвязні, і без магчымасці браць новых закладнікаў.

Нагадаю тры простыя патрабаванні, якія былі агучаныя амаль год таму. Гэта вызваленне палітвязняў, спыненне рэпрэсій і пачатак дыялогу пры пасярэдніцтве АБСЕ.

Чаму Макей раптам, хоць праз і непапулярную на Захадзе Russia Today, пачаў казаць пра гатоўнасць да дыялогу? Па-першае, відавочна таму, што прыпякае. Таму што ўсе абразы і «нашы адказы на санкцыі» зрабілі горш толькі нам. Таму што розныя «вербальныя інтэрвенцыі» і міграцыі на літоўскай мяжы прывялі да таго, што той самы «калектыўны Захад» задумаўся наконт узмацнення сектаральных санкцый. І таму, што «наш адказ Чэмберлену» прывёў не да таго, што Захад «запрасіў перамір’я», а да таго, што ён стаў больш кансалідаваным і больш моцным.

На гэтым тыдні Літва пачала будаваць плот з калючага дроту на мяжы з Беларуссю — і той самы наплыў нелегалаў заўважна знізіўся — ужо менш за 100 чалавек на суткі. Беларуска-літоўскую мяжу патрулююць не толькі літоўскія памежнікі і вайскоўцы: ім дапамагаюць эстонскія паліцэйскія і памежнікі, сілы Еўрапейскага агенцтва памежнай і берагавой аховы FRONTEX, Службы грамадскай бяспекі, Саюза стралкоў і іншых устаноў.
Міністр замежных спраў Літвы Габрыэлюс Ландсбергіс заявіў, што выкарыстанне міграцыі ў якасці зброі супраць краін ЕС нават больш цынічнае, чым угон самалёта Ryanair. «Рэжымы, якія выкарыстоўваюць мігрантаў у якасці зброі гібрыднага нападу, павінны атрымаць балючы агульны адказ з боку ЕС», — адзначыў ён і падняў пытанне ў Бруселі адносна ўзмацнення санкцый адносна ўладаў РБ.

Што можа зрабіць Беларусь? Можна, канешне, перакрыць транзіт з ЕС у Расію і Кітай, пра што казаў Лукашэнка, але як на гэта паглядзяць Расія і Кітай? Таму ў адказ на гэтыя словы прэм’ер Галоўчанка імгненна «здаў назад», заявіўшы, што мы не будзем перакрываць транзіт, а «будзем глядзець на паводзіны нашых еўрапейскіх партнёраў». Яшчэ Лукашэнка абмовіўся пра тое, што РБ перакрывала кантрабанду ў ЕС «радыеактыўных матэрыялаў», як бы намякаючы і на БелАЭС. Аднак такія праблемы Маскве і «Расатаму», якія па факце АЭС у нас і пабудавалі, таксама не патрэбныя.

І, канешне ж, зварот Макея праз RT паказвае вельмі абмежаваную магчымасць яго ведамства. Амбасадараў павысылалі, літоўскае пасольства фактычна ліквідавалі, кіраўніка дыпмісіі ЕС выслалі… Цяпер проста няма з кім дамаўляцца кулуарна пра той самы дыялог. Вось і даводзіцца «закідваць вуду» праз не самае папулярнае на Захадзе СМІ. Таму што «Савецкую Беларусь» там не чытаюць і БТ не глядзяць. RT аказалася хіба што адзінай крыніцай, праз якую можна паслаць сігнал пра дыялог.

Але самае галоўнае — гэта тое, як змянілася рыторыка айчынных чыноўнікаў. Яшчэ ўчора ЗША і Захад былі «тэрарыстамі і забойцамі», якія рыхтавалі замах непасрэдна на Лукашэнку. Яшчэ тыдзень таму нас палохалі «спячымі атрадамі» баевікоў, якімі кіравала ці непасрэдна Ангела Меркель, да якой і былі высунутыя прэтэнзіі. Аднак цяпер што Галоўчанка, што Макей загаварылі пра «нашых партнёраў».

Напэўна, нехта там ва ўрадзе паглядзеў у будучыню — і жахнуўся. Бо будучыня тая — незайздросная, і Расія тут не дапаможа, а, хутчэй, наадварот. Па-першае, Расія ўводзіць у дзеянне «Паўночны паток–2», і з IV квартала (ужо хутка) «Газпром» збіраецца на 80% скараціць транспарціроўку газу ў Еўропу праз тэрыторыю Беларусі. Па-другое, ходзяць чуткі, што на фоне санкцый адносна «Беларуськалію» расійскі «Уралкалій» збіраецца прысабечыць беларускую долю на рынку ўгнаенняў.

Нічога асабістага — проста бізнес. Масква плаціць саюзніку той жа манетай: раней Сінявокая нажывалася на кантрабандзе харчоў у Расію на фоне іх «контрсанкцый» за акупацыю Крыму. Цяпер Расія карыстаецца незайздросным становішчам партнёра, б’ючы па самым дарагім — па гаманцы. І ўсё гэта на фоне словаў пра «братэрскую падтрымку».

Кіраўніцтва Сінявокай аказалася заціснутае паміж жорнамі Расіі і Захаду. Прычым, калі з Захадам яшчэ можна дамаўляцца, то ў Расіі яны відавочна непатрэбныя — там сваіх такіх хапае. І гэтая перспектыва будучыні кагосьці, верагодна, напужала — дастаткова для таго, каб урэшце агучыць заклік да перамоваў.

Ёсць толькі адна праблема: словам Макея ўжо няма веры. А таму «безумоўных перамоваў» не будзе. Спачатку грошы — увечары крэслы. Спачатку спыненне тэрору і вызваленне палітвязняў — потым размова.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: