Калі Святлана Ціханоўская вернецца на радзіму? Адказвае дарадца палітыка

Франак Вячорка — аб тым, ці гатовая Святлана Ціханоўская пайсці шляхам Аляксея Навальнага. 

Вяртанне Святланы Ціханоўскай у Беларусь яе каманда абмяркоўвае пастаянна, распавядае TUT.BY дарадца Ціханоўскай па міжнародных справах Франак Вячорка.

«Як толькі Святлана апынулася ў Вільні, гэта была першая дыскусія — якім чынам вяртацца. Абмяркоўвалі варыянты вяртання наземным транспартам, самалётам, цягніком, вяртанне з пасламі, з АБСЕ, з ААН, абмяркоўвалі дзень і час.

Але на сённяшні момант вяртанне Ціханоўскай у Беларусь — аўтаматычнае пазбаўленне волі. Нам перад тым, як арганізаваць гэта вяртанне, трэба падрыхтавацца. Падрыхтавацца так, каб гэта вяртанне мела сэнс, каб Святлана была абароненая, каб яна не проста паехала на Валадарку (СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага ў Мінску), а каб яе вяртанне прывяло да зменаў. Або каб яна паехала на перамовы, або каб яна паехала пры падтрымцы вулічнага пратэсту — гэта ўсё пакуль не гатова, мы пакуль не ў тым моманце.

Трэба памятаць, што ў Святланы Ціханоўскай муж сядзіць у турме, а ў яе двое дзяцей, адзін з якіх — з асаблівымі патрэбамі, дзіця, якое патрабуе пастаяннай увагі. І яна не можа проста паехаць і пакінуць дзяцей. Але, зноў жа, паўтаруся, што мы кожны дзень рыхтуем гэта вяртанне», — кажа Вячорка.

Па словах дарадцы, усе, хто знаходзіцца ў вымушанай эміграцыі, працуюць кожную хвіліну, каб вярнуцца дадому, у Беларусь, як мага хутчэй, каб хутчэй дамагчыся выбараў, вызваліць палітвязняў, спыніць гвалт. У гэтым задача самой Святланы Ціханоўскай, яе кабінета, НАУ і Каардынацыйнага савета — вярнуцца дадому.

«Нават цяпер, знаходзячыся ў гэтай часовай эміграцыі ў Вільні, калі гэта можна назваць эміграцыяй, кожны дзень у Ціханоўскай ідзе праца для Беларусі: гэта камунікацыя з рабочымі, дварамі, студэнтамі, медыкамі, гэта міжнародныя паездкі для дэлегітымізацыі рэжыму, для падтрымкі беларускай грамадзянскай супольнасці. Гэта праца і над санкцыямі, і над міжнароднымі расследавання.

Кожны дзень тое, што робіць Святлана Ціханоўская адсюль, мае найвялікшы ўплыў на падзеі ў Беларусі. Нездарма ж Лукашэнка нападае на Ціханоўскую, цытуе Ціханоўскую, крытыкуе Ціханоўскую, нездарма ж выпускаюцца ўсе гэтыя прапагандысцкія сюжэты супраць Ціханоўскай. Таму што яна — рэальная альтэрнатыва і яна рэальны страх для Лукашэнкі», — лічыць Франак Вячорка.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: