Дэлегацыя Еўрапарламента адмяніла запланаваную сустрэчу з беларускімі дэпутатамі

Дэлегацыя Еўрапарламента адмяніла запланаваную сустрэчу з дэпутатамі беларускай Палаты прадстаўнікоў. Пра гэта ў каментары Еўрарадыё паведаміў старшыня Пастаяннай камісіі па міжнародных справах Андрэй Савіных.
БелТА

БелТА

Беларускі дэпутат выказаў здзіўленне гэтым крокам еўрапейскіх палітыкаў.

«Сустрэча была заяўленая, мы да яе рыхтаваліся. Гатовыя былі абмяркоўваць з нашымі еўрапейскімі партнёрамі любыя пытанні, якія ўяўляюць для іх інтарэс. Мы лічым, што дыялог і кантакты з’яўляюцца ўніверсальным сродкам вырашэння любых канфліктаў і непаразуменняў. На жаль, нашая працягнутая рука апынулася пустой па віне нашых еўрапейскіх партнёраў. Спадзяюся, што некалі цвярозы сэнс пераможа і мы зможам весці нармальны дыялог з Еўрапейскім парламентам. Тым больш цяпер мы бачым актывізацыю кантактаў практычна на ўсіх трэках нашых адносінаў з Еўрапейскім Саюзам», — заявіў Савіных у каментары Еўрарадыё.

Па яго словах, канкрэтныя тэмы для абмеркавання загадзя не называліся. Але хутчэй за ўсё маглі б абмяркоўвацца такія тэмы, як смяротнае пакаранне, свабода СМІ, дэмакратызацыя Беларусі.

У дэлегацыю Еўрапарламента, якая прыехала ў Беларусь, уваходзяць намеснікі кіраўніка дэлегацыі Еўрапарламента па сувязях з Беларуссю Вальдэмар Тамашэўскі (Літва) і Карын Карлсбро (Швецыя), а таксама пастаянны дакладчык Еўрапарламента па Беларусі Пятрас Аўштравічус (Літва).

Як паведамляе дзяржаўнае інфармагенцтва БелТА, дэлегацыя Еўрапарламента азнаёміцца ​​з падыходам Беларусі да захавання гістарычных помнікаў. Акрамя таго, дэлегацыя мае намер паглядзець, як рэалізуюцца сумесныя з ЕС праекты на пагранпераходах ў Гродзенскай вобласці.

Гэта першы візіт дэлегацыі Еўрапарламента ў новым складзе, яго мэта — азнаёміць новаабраных парламентарыяў з сітуацыяй у Беларусі і асноўнымі напрамкамі супрацоўніцтва паміж краінай і Еўразвязам.

Візіт будзе доўжыцца да 28 лютага.

«У нас чакаюцца сустрэчы ў Міністэрстве эканомікі, Мінэнерга, Міністэрстве замежных спраў, Дзяржпагранкамітэце, Міністэрстве юстыцыі», — распавёў Вальдэмар Тамашэўскі. Таксама запланаваны мерапрыемствы з кіраўнікамі аналітычных цэнтраў і грамадзянскай супольнасці, студэнтамі.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: