Дэмакратыя з прыметнікамі

Кожны савецкі школьнік ведаў, што слова «дэмакратыя» сканструяванае з двух грэчаскіх словаў (δήμος — «народ» і κράτος — «улада») і азначае «народаўладдзе». У стагоддзе інтэрнэту Вікіпедыя вызначае дэмакратыю як палітычную сістэму, «у аснове якой ляжыць метад калектыўнага прыняцця рашэнняў з роўным уздзеяннем удзельнікаў на вынік працэсу або на яго істотныя стадыі».


Зразумела, Вікіпедыю не варта разглядаць у якасці ісціны ў апошняй інстанцыі. Дэмакратыя на тое і дэмакратыя, што кожны надзелены правам даваць сваё вызначэнне гэтаму сацыяльнаму феномену. Ёсць такое права і ў старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай. У інтэрв’ю soyuz.by яна ім і скарысталася: «Я магу сказаць, што колькасць прэтэндэнтаў яшчэ да рэгістрацыі большая, чым тры гады таму, і значна большая, чым падчас парламенцкіх выбараў 2008 і 2004 гадоў. Па сутнасці, мы вярнуліся да лічбаў 2000 года, калі былі вельмі яркія і вельмі альтэрнатыўныя парламенцкія выбары. Таму казаць пра тое, як у нас вельмі любіць гаварыць апазіцыя, нібыта ў нас няма дэмакратыі... Пры такой колькасці прэтэндэнтаў, людзей, якія рэальна ідуць у палітыку і хочуць быць палітыкамі, — ну гэта папросту недарэчна».


Усё ў руках ЦВК

Жыццё не стаіць на месцы. Яно бесперапынна развіваецца — рухаецца ад простага да складанага. У пачатку XIX стагоддзя былі лекары. Яны і кроў пускалі, і зубы вырывалі. Спецыялістаў такога шырокага профілю сёння днём з агнём не знайсці, затое ў звычайнай гарадской паліклініцы можна запісацца на прыём да дзясяткаў спецыялістаў. З дэмакратыяй з часоў Арыстоцеля і Платона здарылася аналагічная гісторыя. Адзінага ўяўлення пра народаўладдзе няма. Разнастайнасць дасягаецца шляхам далучэння да назоўніку «дэмакратыя» розных прыметнікаў.

Як тут ні прыгадаць расійскага дзяржаўнага дзеяча, аўтара канцэпцыі «суверэннай дэмакратыі» Уладзіслава Суркова. Але акрамя «суверэннай дэмакратыі» маюцца прыклады дэмакратыі кіраванай, неліберальнай, закрытай, плебісцытнай ды іншых.

Да якой з пералічаных варта аднесці дэмакратыю, першаадкрывальнікам якой з’яўляецца Лідзія Ярмошына? Адназначнага адказу на гэтае пытанне ў мяне няма. Не выключана, што мы маем справу з новай яе разнавіднасцю, яшчэ не апісанай навукай. Аднак веданне стандартнага курса марксісцка-ленінскай філасофіі падказвае мне, што без закона «пераходу колькасці ў якасць» тут не абышлося.

Прапаную зноў перачытаць цытату старшыні ЦВК. Наяўнасць/адсутнасць дэмакратыі ў Беларусі яна ставіць у прамую залежнасць ад колькасці прэтэндэнтаў на дэпутацкія мандаты. Відавочна, маецца нейкае крытычнае значэнне колькасці прэтэндэнтаў, ніжэй за якую казаць пра дэмакратыю не даводзіцца, а вышэй — яна (дэмакратыя) квітнее, нібы цюльпаны на дзялянках батанічнага саду вясной.

Вызначыць запаветную колькасць можна вопытным шляхам. Тут усё ў руках ЦВК. Дазуючы колькасць прэтэндэнтаў на розных выбарчых акругах і адсочваючы затым у парламенце актыўнасць абраных дэпутатаў, можна без цяжкасці вылічыць патрэбны для дэмакратыі мінімум.

Навука пачынаецца там і тады, дзе і калі пачынаюцца вымярэнні. Галілею пры вывучэнні законаў руху ківача пульс замяняў хранометр з секунднай стрэлкай. Спадзяюся, Лідзіі Ярмошынай да такой архаікі апускацца не давядзецца, і родная «дзяржава для народа» забяспечыць яе сучасным калькулятарам.

Які ж прыметнік знайсці для дэмакратыі, сфарміраванай у Беларусі за апошнюю чвэрць стагоддзя? Два з магчымых варыянтаў — «навуковая» або «матэматычная» дэмакратыя. Зрэшты, я забягаю наперад. Ёсць першаадкрывальнік новага віду дэмакратыі. Яму і сцяг у рукі.

«Фасадная» дэмакратыя

Але, па шчырасці, якая розніца, колькі чалавек прэтэндуе на адзін дэпутацкі мандат? Якім чынам гэта адбіваецца — і ці адбіваецца наогул — на ўзроўні дабрабыту простых людзей?

Вернемся да пачатку артыкула. Дэмакратыя, згодна з Вікіпедыяй, — гэта метад калектыўнага прыняцця рашэнняў з роўнымі правамі для ўсіх грамадзян. Гэта вызначэнне дэмакратыі не супярэчыць і артыкулу 3 Асноўнага закона РБ: «Народ ажыццяўляе сваю ўладу непасрэдна, праз прадстаўнічыя і іншыя органы ў формах і межах, вызначаных Канстытуцыяй».

Палата прадстаўнікоў і з’яўляецца ў Беларусі найважнейшым прадстаўнічым органам, праз які народ можа ажыццяўляць сваю ўладу. Чым менш бюракратычных рагатак на шляху рэгістрацыі ўсіх жадаючых пазмагацца за дэпутацкі мандат, тым больш шанцаў, што сярод пераможцаў апынуцца самыя вартыя. Аднак, з пункту гледжання ацэнкі ўзроўню дэмакратыі, умова гэта з’яўляецца абавязковай, але недастатковай.

У недзяржаўнай прэсе публіцысты часам адносяць беларускі рэжым да электаральнага аўтарытарызму (беларускі аўтарытарызм, як і беларуская дэмакратыя, не можа абысціся без прыметніка). Але тут ёсць пра што паспрачацца. Справа ў тым, што аўтары тэрміну «электаральны аўтарытарызм», амерыканскія палітолагі Стывен Лявіцкі і Лукан Вэй, выразна аддзяляюць электаральны аўтарытарызм ад рэжымаў «фасаднай» дэмакратыі. Ва ўмовах электаральнага аўтарытарызму захоўваюцца палітычныя інстытуты (выбары, прадстаўнічыя органы, незалежны суд), якія могуць быць эфектыўна выкарыстаныя апазіцыяй для таго, каб адхіліць ад улады аўтарытарны рэжым.

Але ў Беларусі ад большасці інстытутаў, як ад сумна вядомага козліка з дзіцячай песенькі, засталіся толькі «рожкі ды ножкі». У гэтым і палягае адно з галоўных дасягненняў «дзяржавы для народа» і яе архітэктараў. Адмова зарэгістраваць кандыдатамі ў дэпутаты Алену Анісім і Ганну Канапацкую — таму відавочнае пацверджанне.

Такім чынам, мы яшчэ раз пераконваемся ў тым, што Беларусь — класічны прыклад дэмакратыі з прыметнікам. Варыянт Лявіцкага і Вэя — «фасадная» дэмакратыя — мне здаецца бліжэйшым да ісціны, дый практыкай ён пацвярджаецца. Вылучацца і галасаваць за сваіх у беларусаў магчымасць часам маецца — не без гэтага. Аднак да кантролю працэсу выбараў на ўсіх яго этапах яны яшчэ не дараслі.


Стаць другім Катарам Беларусі не пагражае

Ці існуе верагоднасць трансфармацыі беларускага варыянту дэмакратыі з прыметнікамі ў дэмакратыю без прыметнікаў? Здавалася б, гісторыя дае нам шанец, бо прыкладаў падобных трансфармацый зверху дастаткова: пакт Манклоа ў Іспаніі ў 1977 годзе, Бразілія ў 1983–1985 гадах, Польшча ў 1980-х. Аднак ёсць адно «але», на якое ўказвае расійскі сацыёлаг Таццяна Варажэйкіна: «Я не ведаю ніводнага прыкладу таго, каб аўтарытарны рэжым, тым больш загніваючы аўтарытарны рэжым, трансфармаваўся сам па сабе, зыходзячы з уласных добрых намераў. Так не бывае».

Ва ўсіх пералічаных прыкладах трансфармацыі зверху сталі вынікам магутнага ціску знізу. Без грамадства (народа) змяніць статус-кво, што склаўся, ніхто самастойна наверсе не збярэцца. Тут варта зноў нагадаць, што дэмакратыя — гэта народаўладдзе. Самы актыўны ўдзел народа патрэбны як для будаўніцтва, так і для разбурэння дэмакратыі. Таму няма нічога дзіўнага ў тым, што гісторыя двух брацкіх народаў на постсавецкай прасторы развіваецца паралельна, нягледзячы на шматлікія адрозненні ў дэталях.

Вось як няўдачу дэмакратычнай трансфармацыі ў Расіі апісвае журналіст Аляксандр Рыклін: «Пуцін, калі прыйшоў да ўлады, займеў пластылінавае грамадства, у якім дэмакратычныя прынцыпы, у сілу гістарычных прычынаў, не былі замацаваныя ні ў якой меры. Таму іх татальнае ігнараванне новым рэжымам не сутыкнулася з хоць нейкім сур’ёзным процідзеяннем. Добразычлівае прыняцце тэзісу пра тое, што моцная рука лепшая за свабоду, не проста забяспечыла расійскаму прэзідэнту папулярнасць на доўгія гады, але і стала ключавым цэментуючым рэжым фактарам, асноватворным базісам для славутай “стабільнасці” Пуціна».

У Беларусі не Пуцінская стабільнасць, але ці штосьці гэта прынцыпова мяняе? Справа не ў імёнах палітыкаў і не ў маштабе іх асобаў. Музыку, паводле справядлівай заўвагі Міхаіла Глінкі, піша народ, а кампазітары яе толькі аранжыруюць. У палітыцы гэта справядліва яшчэ ў большай ступені.

Звернемся да спісу, што ранжыруе краіны па ВУП на душу насельніцтва за 2018 год (паводле парытэту пакупніцкай здольнасці). У першай дваццатцы размясціліся 13 дэмакратычных краінаў, 6 нафтаздабываючых краінаў і адно выключэнне, якое пацвярджае агульнае правіла, — Сінгапур.

Стаць другім Катарам або Брунеем, па зразумелых прычынах, Беларусі не пагражае. Няма шанцаў і на паўтарэнне лёсу Сінгапура — краіны аўтарытарнай, але з судовай сістэмай, пабудаванай на ўзор Англіі. Застаецца агульнаеўрапейскі шлях. Выбар невялікі. Зразумела, можна працягваць ісці сваім шляхам, вынік якога ў кароткатэрміновай перспектыве будзе залежаць ад узроўню расійскіх падачак.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: