Дэпутацкія мандаты непапулярныя

Эксперты маніторынгу этапу рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты мясцовых Саветаў 26-га склікання выявілі пэўныя паляпшэнні ў правядзенні выбарчай кампаніі. Аднак гэтых зрухаў недастаткова, каб лічыць яе цалкам свабоднай.



Эксперты маніторынгу этапу рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты мясцовых Саветаў 26-га склікання выявілі пэўныя паляпшэнні ў правядзенні выбарчай кампаніі. Аднак гэтых зрухаў недастаткова, каб лічыць яе цалкам свабоднай.

Адзін з найбольш працаёмкіх этапаў любой выбарчай кампаніі — збор подпісаў — прайшоў у адносна спакойнай атмасферы. Не было масавых затрыманняў і перашкодаў у працы ініцыятыўных груп. Праўда, не паўсюль зборшчыкі подпісаў змаглі патрапіць — інтэрнаты і вайсковыя часткі па-ранейшаму застаюцца ў зоне недасягальнасці, хаця Выбарчы кодэкс дазваляе кандыдатам працаваць там з выбарцам, хоць і з пэўнымі абмежаваннямі. Разам з тым аўтары справаздачы сцвярджаюць, што «ў параўнанні нават з кампаніяй па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу, назіраўся большы ціск на прэтэндэнтаў і на сябраў ініцыятыўных груп з боку выбарчых камісіяў і па месцы іх працы ці вучобы».

Напрыклад, сябра ініцыятыўнай групы па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» з Бабруйска Вячаслава Шэлега, які збіраецца балатавацца на выбарах, выклікалі ў аддзел гандлю гарвыканкама, дзе паставілі перад выбарам: ідзеш на выбары ці працуеш. Яго паплечніка па палітструктуры Аляксандра Кабяка звольнілі з працы ў казіно пасля таго, як былі пададзеныя дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы.

З пазітыўных навін — скарачэнне колькасці адмоў у рэгістрацыі ініцыятыўных груп. У 2007 годзе іх было больш за сто, сёлета — 23. На думку аўтараў справаздачы, гэтыя лічбы сведчаць, што выбарчыя камісіі не імкнуліся ствараць перашкоды ў рэгістрацыі ініцыятыўных груп. Хаця факты адмовы ў рэгістрацыі мелі месца. Падставамі для гэтага збольшага былі факты таго, што дакументы падаваліся не ўласна асобамі, якія маюць намер вылучацца ў якасці кандыдатаў, а таксама парушэнне прынцыпу «свабоднага ўдзелу ў выбарах».

Да прыкладу, Астравецкая акруговая выбарчая камісія двойчы адмовілася рэгістраваць ініцыятыўную групу сябра АГП Івана Крука, які меў намер вылучацца кандыдатам у дэпутаты Астравецкага раённага савета. Афіцыйна актывіста абвінавацілі ў тым, што нібыта пры фармаванні ініцыятыўнай групы ён «парушыў прынцып свабоднага ўдзелу ў выбарах», і сябры яго ініцыятыўнай групы не па сваёй волі былі заангажаваныя ў кампанію. Іван Крук высветліў, што на асобаў, якія адмовіліся пасля ад свайго ўдзелу ў выбарах, ціснулі супрацоўнікі райвыканкаму — абяцалі ўнесці ў так званыя «чорныя спісы».

Агулам адмовы ў рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты з 25 375 прэтэндэнтаў атрымалі 318 чалавек. «Але, калі мы будзем разглядаць сітуацыю адносна прадстаўнікоў апазіцыйных партый, частка якіх вылучалася на партыйных сходах, а таксама шляхам збору подпісаў, бо некаторыя суб’екты як Беларуская хрысціянская дэмакратыя не маюць рэгістрацыі, а рух «За свабоду» вылучаў сваіх сябраў як грамадскае аб’яднанне, то ў рэгістрацыі было адмоўлена 90 сябрам з 290, што складае 26 працэнтаў. Гэта даволі вялікі працэнт», — зазначыў юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч і адзін з удзельнікаў кампаніі «Праваабаронцы за свабодная выбары».

Сёлета ў якасці кандыдатаў у дэпутаты было зарэгістравана 513 прадстаўнікоў палітычных партый. У параўнанні з папярэднімі выбарамі 2007 года колькасць зарэгістраваных кандыдатаў ад палітычных партый вырасла амаль у 3 разы (са 177 да 513 чалавек), аднак і гэтая лічба не ўражвае — усяго толькі 0,02 працэнта ад агульнага ліку прэтэндэнтаў на дэпутацкія мандаты. Найбольш кандыдатаў вылучылі праўладная Камуністычная партыя Беларусі, Беларуская партыя левых «Справядлівы свет», Аб’яднаная грамадзянская партыя, БНФ, Ліберальна-дэмакратычная, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), незарэгістраваная Беларуская хрысціянская дэмакратыя таксама ў лідэрах па колькасці вылучэнцаў. Аднак конкурс на дэпутацкі мандат невялікі — прыблізна 1,2 чалавека. У Мінску, Мінскай і Магілёўскай абласцях паказчык вышэйшы, але ў цэлым можна гаварыць, што ў шэрагу акругах выбары будуць безальтэрнатыўнымі.

Выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў дваццаць шостага склікання адбудуцца 25 красавіка. Старшыня Цэнтрвыбаркаму Лідзія Ярмошына паведаміла, што Беларусь міжнародных назіральнікаў на мясцовыя выбары запрашаць не будзе.
 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць